Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Падчас несанкцыянаваных акцый, якія арганізуюцца праз сацыяльныя сеткі, магчымыя правакацыі з ужываньнем спэцсродкаў — выбуховых пакетаў, пэтардаў, агнястрэльнай зброі.

Пра гэта заявіў журналістам 15 чэрвеня часовы выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч.

Ён адзначыў, што гэтыя правакацыі могуць зладзіць арганізатары акцый і ў іх могуць быць уцягнуты простыя грамадзяне, якія могуць пацярпець. Паводле Шалькевіча, міліцыі будзе даволі складана адрозьніць чалавека, «які гуляе ў рамках акцыі», ад звычайнага мінака.

Арганізацыю несанкцыянаваных масавых акцый праз сацыяльныя сеткі Шалькевіч назваў «новым спосабам арганізацыі масавых непарадкаў».

Паводле прадстаўніка МУС, цяпер органы ўнутраных спраў сумесна зь іншымі праваахоўнымі структурамі вызначаюць тых, хто ня толькі зьмяшчае ў інтэрнэце заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях, але і дае ўказаньні на зьмяшчэньне такой інфармацыі.

Гэтыя заклікі накіраваныя «на дэстабілізацыю сытуацыі ў грамадзтве, на прыцягненьне простых грамадзян да ўдзелу ў масавых непарадках», адзначыў Шалькевіч.

«Органы ўнутраных спраў гатовыя забясьпечыць парадак ува ўсёй краіне, у тым ліку ў Менску. Любыя спробы дэстабілізаваць становішча будуць спыняцца».
Любыя спробы дэстабілізаваць становішча будуць спыняцца.

На пытаньне, ці будзе 15 чэрвеня вечарам закрыты доступ на Кастрычніцкую плошчу, Шалькевіч не адказаў.

14 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка паабяцаў не дапусьціць у Беларусі страйкаў і несанкцыянаваных акцый. «У нас „сьвядомыя“ ў Менску ў сацыяльных сетках, інтэрнэце заклікаюць да страйку. Я так буду глядзець, назіраць, а потым як шарахну. Не пасьпеюць за мяжу перабегчы», — заявіў Лукашэнка.

У той жа дзень Генпракуратура заклікала грамадзянаў «не паддавацца на правакацыйныя заклікі і ўстрымацца ад удзелу ў незаконных акцыях». Паводле Генпракуратуры, «асобы, вінаватыя ў арганізацыі альбо ўдзеле ў незаконных масавых мерапрыемствах, могуць быць прыцягнутыя да вызначанай законам адказнасьці».

«Акцыя маўклівай салідарнасьці», ініцыятарамі якой выступілі актывісты групы «Ўкантакце», прайшла ў Менску ўвечары 8 чэрвеня і доўжылася каля гадзіны. На Кастрычніцкай плошчы сабраліся некалькі сотняў чалавек — яны сядзелі на прыступках Палацу Рэспублікі, гулялі, слухалі сьпевы пад гітару. Акцыя абышлася без затрыманьняў.

Чарговую акцыю плянуецца правесьці сёньня ўвечары.

У сацыяльных сетках «Укантакце», «Фэйсбук» і іншых зьмяшчаюцца заклікі прыходзіць штотыдзень на галоўную плошчу свайго гораду, каб узяць удзел у мірнай доўгатэрміновай акцыі салідарнасьці «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG