Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забараніць сацыяльныя сеткі магчыма. Але і абысьці забарону можна


Сацыяльныя сеткі заклікаюць кожную сераду а 19-й гадзіне праводзіць акцыі салідарнасьці на галоўных плошчах беларускіх гарадоў. Проста гуляць там — без транспарантаў, сьцягоў і сымболікі. Першая акцыя 1 чэрвеня была нешматлюдная. 8-га на Кастрычніцкую плошчу ў сталіцы выйшла некалькі соцень людзей. 14 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка прыгразіў, што ўлады не дапусьцяць несанкцыянаваных акцый і забастовак. На некаторых сайтах зьявілася інфармацыя, быццам бы з крыніцаў КДБ, што ўлады маюць намер наагул забараніць у Беларусі сацыяльныя сеткі кшталту «Вконтакте». Наколькі гэта магчыма і як да забаронаў ставіцца беларуская інтэрнэт-супольнасьць?

Стваральнік akavita.by і іншых праектаў у беларускім інтэрнэце Фёдар Караленка кажа, што забараніць карыстаньне сацыяльныя сеткамі, у прынцыпе, можна:

«Калі захочуць — забараніць могуць. Калі казаць пра тэхнічны бок. У нас нацыянальная сетка камунікацый пабудаваная так, што адзіны цэнтар, адзіны вузел і адзіны канал на краіну. Таму ў любы момант можна забараніць канкрэтны сайт, канкрэтны пратакол, як было на апошніх выбарах, калі забаранілі сувязь праз порт, які забясьпечвае злучэньне па бясьпечным канале, і нельга было ўвайсьці ні ў паштовыя сыстэмы, ні ў Twitter, ні ў Facebook. Так што ў нас інфраструктура інтэрнэту такая, што можна зрабіць усё што заўгодна».
У нас інфраструктура інтэрнэту такая, што можна зрабіць усё што заўгодна.

Адміністратар суполкі «Марш мільёнаў» «Вконтакте» Cяргей Паўлюкевіч, якога на мінулым тыдні спэцслужбы прымусілі выдаліць з гэтага сайту суполку «Мы за вялікую Беларусь!», выказаў такое меркаваньне:

«У прынцыпе, забараніць яны могуць. Але таксама існуюць розныя праграмы, з дапамогай якіх можна абысьці ўсе гэтыя забароны. То бок ёсьць пэўныя праграмы-ананімайзэры, з дапамогай якіх можна абысьці ўсё гэта і мець доступ да кантактаў у сацыяльных сетках. Я магу сказаць толькі, калі яны паспрабуюць неяк заблякаваць сацыяльныя сеткі, то гэта на 100% будзе іх вялікай памылкай. Таму што тады на вуліцы выйдзе ўжо вельмі шмат людзей. Гэта будзе ўжо зусім капец, скажам так».

Не аднойчы падчас выбараў ды іншых сацыяльна і палітычна важных кампаній у Беларусі ўжо былі праблемы з доступам на розныя сайты. Але ў інтэрнэце зьявілася шмат рэкамэндацый, як абмінаць забароны. Ці магчыма і ці лёгка абысьці блякаваньне?

Многія гэтыя спосабы для шырокай масы насельніцтва невядомыя ці складаныя.
Фёдар Караленка: «Магчыма, праз розныя проксі-сэрвэры ды іншыя. Але многія гэтыя спосабы для шырокай масы насельніцтва невядомыя ці складаныя, таму толькі частка людзей дасьведчаных зможа гэта зрабіць. Але, зь іншага боку, гэта можа падштурхнуць людзей да разьвіцьця нацыянальнага кантэнту. Я забароны не апраўдваю ні ў якім разе. Але гэта можа мець пабочны эфэкт, як было ў Казахстане, калі забаранілі доступ на нацыянальным узроўні ў ЖЖ. І людзі стварылі некалькі сваіх лякальных казаскіх блог-плятформаў, якія сталі аднымі з самых папулярных казаскіх інтэрнэт-рэсурсаў. Хаця, вядома, калі па шчырасьці, усе гэтыя забароны — гэта няправільна».

Кіраўнік праекту «Gemius Беларусь» Міхаіл Дарашэвіч таксама выказаў меркаваньне, што забарона магчымая. І прывёў прыклад з рок-музыкай, якую ў былым Савецкім Саюзе таксама забаранялі, але ж гэта не азначала, што яе ня слухалі:

«Забароны наагул — рэч дрэнная. Сапраўды, ад абмежаваньняў людзей у атрыманьні нейкай інфармацыі, у кантактах — карысьць сумнеўная. Выцягнуць дрот зь сеткі — можна, але гэта нічога не вырашае. Я так разумею».

Пасьля пагрозаў Аляксандра Лукашэнкі і заявы Генпракуратуры на некаторых сайтах зьявіліся відэаролікі з заклікам кожную сераду выходзіць на плошчы гарадоў. Кіраўнік прэсавай службы ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі такім чынам пракамэнтаваў заклікі ў сацыяльных сетках зьбірацца кожную сераду на Кастрычніцкай плошчы сталіцы і заяву Генпракуратуры з гэтай нагоды:

«Людзі прыходзяць, сыходзяць, праходзяць па Кастрычніцкай плошчы — натуральна, ніхто супраць гэтага нічога ня мае. Зварот Генпракуратуры і быў зьвязаны менавіта з заклікам сабрацца на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Генпракуратура не забараняе нікому зьбірацца — я не чытаў такога, каб Генпракуратура забараняла глядзець экран. Таму давайце ня будзем прыпадабняцца дыскусіям у інтэрнэт-СМІ, якія спрабуюць шляхам падмены паняцьцяў адцягнуць увагу грамадзянаў ад таго, што гэтыя дзеяньні супрацьзаконныя. Гэтыя дзеяньні процізаконныя».

Аляксандар Ластоўскі папярэдзіў, што, паддаючыся на такія заклікі, людзі могуць стаць удзельнікамі несанкцыянаванага мерапрыемства. А гэта — адміністрацыйнае правапарушэньне, за якое прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG