Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садоўскі: «На сацыяльную акцыю ня трэба лезьці з партыйнымі сьцягамі»


Дзеяньні ва ўмовах зканамічнага крызісу, вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў — такімі бачаць для сябе галоўныя задачы на бліжэйшы час беларускія хрысьціянскія дэмакраты. Сёньня пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі гаварыў сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі лічыць: цяпер — самы зручны час, каб патлумачыць беларускаму грамадзтву сувязь эканамічных і палітычных працэсаў:

Віталь Рымашэўскі
«Раней, магчыма, было складана людзям патлумачыць, чым заганная наша палітычная сыстэма, да чаго яна вядзе, навошта нам патрэбныя свабодныя выбары. Цяпер прыйшоў час тлумачыць, што эканамічны крызіс наўпрост зьвязаны з нашай заганнай палітычнай сыстэмай. І што ніякія крэдыты, ніякая антыкрызісная праграма ня будзе працаваць у Беларусі, пакуль ня будуць выкананыя асноўныя палітычныя патрабаваньні. Гэта — свабодныя выбары, свабода СМІ і свабода дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў».

У кантэксьце гэтай заявы да кіраўніцтва БХД узьнікла пытаньне пра яго стаўленьне да «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі». Віталь Рымашэўскі сказаў, што хрысьціянскія дэмакраты падтрымліваюць гэтую акцыю. А Дзяніс Садоўскі патлумачыў:

Дзяніс Садоўскі
«Роля палітычных партыяў у тым, каб дапамагаць, калі гэта трэба, каардынаваць гэтую працу. Тут ня трэба лезьці са сьцягамі, можа, камусьці нават перашкаджаць далучыцца да гэтай акцыі. Таму што гэтыя акцыі сацыяльныя, праз сацыяльныя сеткі. Гэта вельмі своеасаблівае згуртаваньне людзей. Мы зь імі ўвесь час у кантакце. Шмат нашых людзей і ў „Фэйсбуку“, і ў „Жывым журнале“, шмат людзей удзельнічаюць, і мы гэта заахвочваем.

Аднак тут трэба глядзець, што будзе найбольш эфэктыўным — прыйсьці запіярыцца, але пасьля гэтага акцыю пачнуць разганяць, ці каб гэтыя акцыі набіралі абароты, каб яны пашыраліся і каб з гэтага быў сапраўдны плён?».

На працягу бліжэйшага месяца хрысьціянскія дэмакраты зьбіраюцца правесьці ва ўсіх рэгіёнах 100 пікетаў ды іншых акцыяў у падтрымку палітвязьняў, пачаць збор подпісаў аб іх неадкладным вызваленьні. З гэтай нагоды я спытаў Віталя Рымашэўскага, ці зьбіраецца БХД прыцягнуць да акцыяў іншыя дэмакратычныя сілы? Ён адказаў:

«Я перакананы, што акцыі па зборы подпісаў у рэгіёнах будуць праводзіцца супольна зь іншымі палітычнымі сіламі. Мы можам чагосьці дасягнуць толькі тады, калі наша пазыцыя будзе кансалідаваная. І на сёньняшні дзень у рамках Рады дэмакратычных сіл вядуцца вельмі актыўныя перамовы. І, я думаю, ёсьць пэрспэктыва, што ў бліжэйшыя два тыдні будуць агучаныя вынікі сумесных рашэньняў».
XS
SM
MD
LG