Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10-дзённы тэрмін, за які павінна была стабілізавацца сытуацыя на валютным рынку, быў акрэсьлены ўрадам на пачатку чэрвеня. Але валюта ў банках не зьявілася. Першая транша крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, якую ўлады РБ спадзяваліся атрымаць да сярэдзіны месяца, не пералічаная. Пад пытаньнем мільярдны "аванс" за прыватызацыю актываў "Беларуськалія" ад кампаніі "Ўралкалій". Няма пэўнасьці наконт магчымасьці атрымаць крэдытную дапамогу ад Міжнароднага валютнага фонду. На гэтым тле працягваецца адток грошай насельніцтва з камэрцыйных банкаў.

За тры апошнія месяцы беларусы чулі шмат абяцаньняў хуткага выйсьця зь фінансавага тупіку. Пра хуткую стабілізацыю гаварылі кіраўнікі ўраду і асобных міністэрстваў, Нацыянальнага банку, асабіста Аляксандар Лукашэнка. Апошнюю заяву напярэдадні перамоваў 4 чэрвеня пра выдзяленьне Беларусі крэдыту ЭўрАзЭС зрабіў віцэ-прэм'ер Сяргей Румас.

Па яго словах, урад мае расьпісаны па днях сцэнар выхаду на свабоднае курсаўтварэньне, станоўчыя вынікі якога адчуюцца "празь 10 дзён". Аднак па сканчэньні тэрміну — ні крэдыту, ні стабілізацыі. Сёньня Нацбанк у сваім прэс-рэлізе адзначыў: курс у 5 тысяч рублёў за даляр — адзіны раўнаважны на ўсіх сэгмэнтах валютнага рынку. Як падкрэсьлівае фінансавы кансультант Галіна Касачова, ні пра якае свабоднае курсаўтварэньне гаворка не ідзе:

"Гэта ўжо нават вожыку зразумела, што без свабоднага курсаўтварэньня нічога зь месца ня зрушыцца. Але яны папросту закавалі рынак у кайданкі і намагаюцца нешта вырашаць. Абсурд. Сытуацыя ж не мяняецца: Нацбанк не зьбіраецца прадаваць валюту камэрцыйным банкам, адпаведна, паўсюль чэргі. Што можна камэнтаваць, калі яны ўпарта стаяць на сваім? Магчыма, ёсьць нейкія свае меркаваньні, пра якія мы ня ведаем, але я не магу нават уявіць сабе, што гэта за варыянты. Прынамсі, зьнешне нішто не паказвае, што робяцца крокі да вырашэньня пытаньня. Будзем глядзець, бо застаецца толькі спадзявацца, што нешта сапраўды зьменіцца ў станоўчы бок".

Назіральнікі адзначаюць супярэчнасьці ў словах чыноўнікаў, якія, прэзэнтуючы заяўкі на крэдытаваньне, запэўніваюць у гатоўнасьці да рэформаў і рэструктурызацыі эканомікі, а ў рэальнасьці працягваюць ажыцьцяўляць адміністратыўны кантроль над фінансавай сфэрай. Міжнародны валютны фонд у адказ на просьбу пракрэдытавацца на суму да 8 мільярдаў даляраў парэкамэндаваў уладам адпусьціць кошты і абменны курс рубля, замарозіць заробкі і заняцца структурнымі зьменамі ў эканоміцы. Беларускі бок выказаў гатоўнасьць да гэтага, але тым часам трымае цэны на сацыяльныя тавары, абмяжоўвае валютныя зьдзелкі рамкамі 2-працэнтнага калідора, абяцае індэксацыю заробкаў і адмаўляе магчымасьць прыватызацыі, якую называе "бандыцкай". Аналітык Раман Касьціцын кажа, што такія паводзіны рэзка кантрастуюць з тым, што адбывалася падчас дэвальвацыі ў суседняй Украіне:

"Як прыклад хачу прывесьці сытуацыю з абвальнай дэвальвацыяй украінскай нацыянальнай валюты пры канцы 2008 году — адпаведныя працэсы пачаліся тады ў лістападзе. Дык вось, усе дзеяньні Нацыянальнага банку Ўкраіны камэнтаваліся ня толькі незалежнымі экспэртамі, ня толькі Міжнародным валютным фондам, але і ўласна ўкраінскім урадам і апанэнтамі ўраду. І вось менавіта гэтая крытычная маса камэнтароў урэшце прывяла да выраўноўваньня сытуацыі, калі грыўна, абваліўшыся зь пяці да дванаццаці за даляр, вярнулася на ўзровень васьмі і стабілізавалася".

Неакрэсьленая пэрспэктыва вядзе да таго, што насельніцтва ўсё меней давярае фінансавай сыстэме і масава забірае грошы з валютных дэпазытаў. Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за тры апошнія месяцы беларусы забралі з банкаў укладаў амаль на мільярд даляраў.

Калі на пачатку крызісу, у сакавіку, пасьля дачаснага скасаваньня дамоваў было вернута больш за 40 мільёнаў даляраў, то за наступны пэрыяд лічбы ўзрасьлі шматкроць: за красавік дэпазыты зьменшыліся амаль на 460 мільёнаў даляраў, у траўні — яшчэ на 464 мільёны. Цяпер аб'ём укладаў у валюце перавышае 3 мільярды 700 мільёнаў даляраў, аднак тэндэнцыя сьведчыць: людзі схільныя мець грошы пад рукой, а не рызыкаваць. Уклады ў беларускіх рублях у траўні зьнізіліся амаль на 1 трыльён рублёў.

Тым часам улады намагаюцца прыцягнуць у краіну хоць якія сродкі. Пры гэтым, як кажуць экспэрты, у справаздачы трапляюць нават старыя доўгатэрміновыя праграмы. Так, урад рапартуе пра мільярдную дапамогу з боку Кітаю. Фінансавы аналітык Сяргей Чалы згадвае, што ўвогуле кіраўніцтва Беларусі абяцала прыцягнуць з Кітаю 15 мільярдаў даляраў і што некаторыя мэтавыя праграмы ў сьціплейшых памерах нарэшце рэалізуюцца:

"Адносна Кітаю гаворка ідзе вось пра што: там у асноўным задзейнічаныя крэдыты кітайскага "Эксімбанку", і гэта крэдыты пад канкрэтныя інвэстыцыйныя праграмы: гэта і разьвіцьцё інфраструктуры, і лягістычныя тэрміналы, і малая энэргетыка, і ўсё астатняе. І гэта, у прынцыпе, невялікая залежнасьць, бо ў структуры гэтых тэарэтычных мільярдаў толькі адзін крэдыт можа быць міждзяржаўны. Таму сам па сабе ён моцна дзяржаўны доўг не павялічыць. Але тэндэнцыя па іншых кірунках насьцярожвае".

Паводле Белстату, за першы квартал сукупны зьнешні доўг Беларусі перавысіў 31 мільярд даляраў, павялічыўшыся на 3 мільярды ад пачатку году. Іншымі словамі, сума доўгу прырастае па мільярду штомесяц.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG