Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Банцар — сухая галадоўка за кратамі


Міліцыянт адцягвае журналіста ад вакна

Міліцыянт адцягвае журналіста ад вакна

Актывіст апазыцыйнага Саюзу палякаў журналіст Ігар Банцар пачаў галадаць за кратамі. Яго затрымалі 14 чэрвеня раніцай, а сёньня пакаралі арыштам —пяць сутак — за дробнае хуліганства, нібыта за "нецэнзурную лаянку". Ён абвясьціў сухую галадоўку.

Сёньня раніцай Ігара Банцара даставілі ў аддзяленьне міліцыі "Цэнтар" у Горадні на вуліцы Гараднічанскай. Празь некаторы час туды прыехалі судзьдзя Ленінскага раённага суду Ксенія Стасюкевіч, а таксама абаронца Ігара Банцара адвакат Уладзімір Кісялевіч. У пастарунак не пусьцілі журналістаў і калегаў Ігара. Але яму ўдалося прабрацца да акна, і журналісты ўбачылі яго ў чырвонай майцы з надпісам "Свабода", перш чым міліцыянты адцягнулі яго ад акна. Пасьля суду з пастарунку выйшаў адвакат Уладзімір Кісялевіч, ён паведаміў:

"Судзьдзя Ленінскага райсуду Стасюкевіч прызнала вінаватым Банцара і прызначыла адміністрацыйны арышт — пяць дзён. Я размаўляў з Банцарам, ён абвясьціў сухую галадоўку. Дарэчы, ён ужо ня есьць з учорашняга дня. Так што шэсьць дзён ён будзе практычна галадаваць".

Справа адвакат Уладзімер Кісялевіч

Адвакат Кісялевіч удакладніў:

"Абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Два супрацоўнікі міліцыі напісалі пратакол, дзе сьведчаць пра тое, што Банцар "лаяўся грубай нецэнзурнай лаянкай". Я заявіў, і Банцар таксама, што якую б пастанову суд ні прыняў, гэта палітычна матывавана. Усе гэта зроблена, каб Банцар ня трапіў 17 чэрвеня на суд над Пачобутам. У сваім выступе я сказаў, што Банцар — адзін з актыўных людзей у Саюзе палякаў. Па санкцыі, прадугледжанай артыкулам 17-1, ёсьць і штраф ад дзьвюх базавых адзінак да трыццаці, судзьдзя магла б даць і штраф".

Рашэньня суду каля пастарунку на Гараднічанскай чакала Анжаліка Арэхва з малым дзіцём на руках:

"Я чакала такога, таму што лічу — гэта зьвязана з працэсам Пачобута, каб Ігар і ў пятніцу адсутнічаў, таму гэтыя пяць сутак арышту".

Жонка журналіста Андрэя Пачобута Аксана таксама была на Гараднічанскай — чакала, што пастановіць суд адносна Ігара Банцара. Яна сказала:

"Гэта было чакана, што яго пасадзяць. Толькі я зьдзівілася, што яму толькі пяць сутак, але гэтым артыкулам больш не прадугледжана. Ня ведаю, што будзе далей: яго могуць справакаваць і дабавіць яму альбо зноў затрымаць — у панядзелак. Бо я думаю, што, канечне, суд над Пачобутам у пятніцу ня скончыцца".

Судзьдзя Ксенія Стасюкевіч (справа) з сакратаркай суду накіроўваецца ў аддзяленьне міліцыі “Цэнтар” на вул. Гараднічанкай у Горадні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG