Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гаазе судзяць меркаванага беларускага шпіёна


У Нідэрляндах на мінулым тыдні распачаўся судовы працэс над 37-гадовым пілётам нацыянальных вайскова-паветраных сілаў Крысам В. Яго арыштавалі сёлета 17 сакавіка ў сувязі з абвінавачваньнем ва ўцечцы дзяржаўных ваенных сакрэтаў, а таксама ў шпіянажы на карысьць Беларусі.

Дагэтуль прадстаўнікі сьледзтва ўстрымліваліся ад афіцыйных камэнтароў па справе капітана шматмэтавага зьнішчальніка чацьвёртага пакаленьня F-16 (Fighting Falcon). Было вядома, што Крыс В. працаваў лётчыкам у сыстэме ВПС Нідэрляндаў да 2009 году. Як паведамлялі са спасылкай на натаўскіх экспэртаў мясцовыя СМІ, гэты пілёт мог валодаць інфармацыяй, цікавай для Беларусі, чый лідэр Лукашэнка мае прыязныя стасункі зь іншымі дыктатарскімі рэжымамі па ўсім сьвеце. Журналісты таксама пісалі пра тое, што пасьля сыходу з ВПС у Крыса В. былі вялікія фінансавыя і псыхалягічныя праблемы. Ён спрабаваў заснаваць уласную кампанію і вёў дзеля гэтага перамовы з інвэстарамі, у тым ліку зь Беларусі ды Расеі. Тады, нібыта, беларускія спэцслужбы і завэрбавалі былога вайсковага пілёта.

Афіцыйна абвінавачваньні былі ўпершыню публічна агучаныя ў чацьвер на першым паседжаньні ў зале Гааскага суду пракурорам Кампсам, які падкрэсьліў усю сур’ёзнасьць праведзенага па гэтай справе расьсьледаваньня.

Тым часам сам Крыс В. ужо на першым судовым паседжаньні заявіў, што адрынае ўсе абвінавачаньні ў шпіянажы. Ён пацьвердзіў, што сапраўды меў стасункі зь беларускімі пілётамі. Паводле ягоных словаў, ён пазнаёміўся зь імі на авіяшоў у Польшчы. Двое з гэтых лётчыкаў тады разьбіліся, і Крыс пасьля гэтага трагічнага здарэньня стаў больш кантактаваць з адным палкоўнікам беларускай авіяцыі.

Адвакат падазраванага Джэрам Хостэ зьвярнуўся ў суд з хадайніцтвам аб зьмене меры стрыманьня свайму кліенту і вызваленьні яго з-пад варты пад заклад. Ён матываваў гэта тым, што абвінавачваньне ня мае дастатковых доказаў, што яго падабаронны перадаваў сакрэтныя матэрыялы замежным спэцслужбам.

Аднак суд ня ўзяў пад увагу хадайніцтва адваката і пагадзіўся з аргумэнтамі пракуратуры, што Крыс В., калі яго вызваляць, можа ўцячы. Меркаваны беларускі шпіён, такім чынам, застаецца пад вартай у турме "Zoetermeer". Чарговае судовае паседжаньне прызначанае на 23 жніўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG