Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік Свабоды


Брук

Сяргей Шупа
Слова брук - зь нямецкага Brucke - зьявілася разам з нараджэньнем мадэрнага беларускага гораду. Яно прыйшло да нас з Эўропы разам з магдэбурскім правам, гарадзкой прадстаўнічай дэмакратыяй, цэхавой культурай, кнігадрукаваньнем ды іншымі цывілізацыйнымі зрухамі XV-XVI стагодзьдзяў.

Старадаўнія актавыя кнігі фіксуюць шмат вытворных словаў - брукаваць (масьціць брукам), брукаваньне, брукар (той, хто брукуе), брукавыя грошы або брукавое (падатак за пераезд і пастой на бруку).

Брук зазначыў новы ўздым пабытовай культуры. Разам з дахоўкай ён стаўся на стагодзьдзі сымбалем новай эстэтыкі беларускіх гарадоў - местаў і мястэчак.

З часам брук наагул стаў азначаць горад як месца сацыяльнага дзеяньня. На бруку - значыць: у горадзе. На віленскім бруку - гэта ня проста на пэўнай вуліцы, на пэўным чынам замошчанай паверхні, гэта - у тым сацыяльным сусьвеце, які завецца Вільняю.

Але нашы зваяваныя каралі паснулі на пагорках нашай Эўропы, і наўзамен з Усходу прыйшла іншая культура. Мястэчкі ператварыліся ў посёлкі городзкого тіпа, замест разбураных старасьвецкіх камяніцаў нарасьлі пачварныя спаруды з шкла й бэтону, замест дыхтоўнай дахоўкі на стрэхах ляжыць прагнілы шыфэр, а наш брук заліты сьмярдзючым асфальтам.

Выглядае, што ў ХХІ стагодзьдзі нас чакаюць цяжкія рэмонтныя працы...

Бульбаш

Андрэй Лапцёнак
“Эй ты, бульбаш!” прамоўленае на твой адрас сяржантам-расейцам толькі ў першую хвіліну выклікала жаданьне адказаць крыўдніку, і толькі таму, што прамоўлена гэта было як дакор або абраза. Але зараз жа ты разумеў: Які там дакор, якая абраза! “Бульба”, “бульбіна”, “бульбянікі”- з лупінамі, з журам, з каплуном, з квасам, з капустай, з саладухай і яшчэ Бог ведае з чым былі традыцыйнай штодзённай ежай тваіх бацькоў. Па ўжывальнасьці гэтыя словы і сёньня спрачаюцца са словамі “хлеб” “маці”, “бацька”, “хата”.

Слова “бульба” мае адзін-два сынонімы і сустракаецца амаль у кожным беларускім слоўніку. Ані ў водным беларускім слоўніку вы ня знойдзеце слова “бульбаш”. Вытворнае ад “бульбы”, яно сустрэлася толькі ў слоўніку “солдатского жаргона”, складзенага ўжо за савецкім часам. Беларускі прызыўнік з Бешанковічаў ці зь Лельчыцаў, выхаваны на бульбе, нес з сабой у СА пэўны культ гэтага клубню і “бульбяная” субкультура надзейна замацавалася ў “непабядзімай і легендарнай”, што апэратыўна адлюстроваў і армейскі фальклор.

Пажыралі простыя расейскія «парні» тваю бульбу і называлі цябе «бульбашом». Сытуацыя, пры якой ўсялякі зварот да агульначалавечых каштоўнасьцяў выглядае недарэчным. Мы не крыўдзіліся. Але наступствы ў выглядзе нашых сэпаратысцкіх настрояў у тыя часы - нельга пераацаніць. “Бульбаш” – гэта тая мяжа, дэмаркацыйная лінія, якая назаўсёды падзяліла нас з “хахламі’, “маскалямі”, “лабусамі”, “пшэкамі”.

Аднак войска і яднала. “Бульбаш”, твой “зёма”, “зямеля” – уся туга па дому і пяшчота да далёкіх родных і сваякоў разам выліваюцца на гэтага чалавека. Ён жывое сьведчаньне, што Беларусь не фантом, ён - жывы гварант твайго вяртаньня на радзіму, ён - слухач тваіх бясконцых успамінаў пра дом, якія дапамагаюць жыць і выжываць.

Вайна

Сяргей Дубавец
Мабыць, гэта адзінае слова, якое ўражвае больш за сьмерць. Вось адчыняюцца дзьверы, уваходзіць гаспадар хаты, сядае пры стале, за якім сабралася ўся сям'я і, ня гледзячы нікому ў вочы, робіць сутаргавы выдых: вайна. Вось людзі каля радыёкропкі замёрлі і сама кропка нібы замёрла перад тым, як прамовіць гэтае даўкае слова: вайна. Вось запыханая суседка сказала, быццам заікнулася: вайна.

Першая, другая, сусьветная, айчынная, польская, фінская, паўночная, халодная, неаб'яўленая... Удакладненьні не патрабуюцца, калі яна — наша, калі — на парозе. Вайна заўсёды гучыць так, нібы штосьці замінае гаварыць. Напрыклад, пігулка валідолу пад языком. Вайна — як неасэнсаванае лепятаньне пасьля страшнага шоку, калі здаецца, што пачынаеш наноў вучыцца гаварыць, а яно ня надта выходзіць. Вайна — найстрашнейшая, калі яна гатовая стаць рэальнасьцю. Пасьля ўсё ўваходзіць у тую ваенную рэальнасьць і вайна становіцца сынонімам жыцьця. Ну, як вы тут жывяце? Ды вайна ў нас. Вайна.


Час і сьвет падзяляюцца на даваенныя і паваенныя. Да вайны прывыкаюць. На вайне, як на вайне. У вайну, вайнуху, вайнушку гуляюць хлопчыкі. Вайной дражняцца дзеці: трус, трус, беларус, на вайну сабраўся... і дарослыя — пра сварку мужыка і жонкі на кухні: вайна пасярод гаўна. Але гэта ўжо пасьля, калі вайна сканчаецца. Тыя, хто перажыў яе, на ўсё жыцьцё захоўваюць на першым месцы ў сваёй гіерархіі жаданьняў: абы не было вайны. Ужо ў іхных дзяцей знаходзяцца рэчы, важнейшыя за вайну. І тады рана ці позна настае часіна, калі гаспадар уваходзіць у хату і неслухмяным языком прамаўляе: вайна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG