Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зьвярнулася ў МВФ з просьбай даць крэдыт у памеры 8 мільярдаў даляраў. Магчымыя варыянты разьвіцьця падзеяў аналізуе аглядальнік радыё Свабода/Свабодная Эўропа Робэрт Колсан.

Беларусь зьвярнулася па дапамогу ў МВФ ва ўмовах інфляцыі, якая вымяраецца двузначнымі лічбамі, страты валютных рэзэрваў і глыбокай дэвальвацыі. Нядаўна Расеі дала Беларусі праз антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС крэдыт у памеры 3 мільярдаў даляраў, абумовіўшы гэта прыватызацыяй некаторых ключавых беларускіх вытворчых актываў.

Цяперашні эканамічны крызіс у Беларусі быў выкліканы як ростам цэн на расейскія энэрганосьбіты, гэтак і папулісцкай палітыкай шчодрых дзяржаўных выдаткаў, якую Лукашэнка праводзіў летась напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Мэцью Ражанскі, намесьнік дырэктара праграмы Расеі і Эўразіі Фонду Карнэгі, мяркуе, што МВФ можа даць Беларусі дапамогу, але ўмовы павінны быць жорсткімі:

«Дапамога магчымая, калі будуць выстаўленыя неабходныя непалітычныя умовы. Але я мяркую, што МВФ варта прыняць падыход, у пэўным сэнсе, аналягічны таму, які ўжыла ЭўрАзЭС, патрабуючы спачатку дзеяньняў, а толькі потым даючы грошы. Было б неразумна рабіць інакш, даваць Лукашэнку без выкананьня ўмоваў нават першы транш, які ён мог бы выкарыстаць для кароткатэрміновага выжываньня ці для манэўру ў пошуках альтэрнатыўных крыніц без правядзеньня неабходных рэформаў,» - кажа Ражанскі.

Місія МВФ скончыла свой візыт у краіну 13 чэрвеня. Яна папярэдзіла Лукашэнку, што калі Беларусь разьлічвае на дапамогу, у краіне павінны быць рэалізаваныя структурныя рэформы. Дылему Лукашэнкі добра апісвае загаловак паведамленьня агенцтва Bloomberg: «Лукашэнка павінен выбіраць паміж кантролем над Беларусьсю і дапамогай МВФ».

Крыс Джарвіс
Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што новая дапамога з боку Фонду будзе залежаць ад «моцнай праграмы». «Мы таксама павінны быць упэўненыя, што ўсе адказныя асобы – прэзыдэнт, урад і нацыянальны банк – адданыя гэтай праграме,» -- падкрэсьліў Крыс Джарвіс.

Тое, на што намякнуў прадстаўнік МВФ, зьяўляецца даўняй праблемай у краіне, якой 17 гадоў кіруе Аляксандар Лукашэнка. Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Яраслаў Раманчук кажа пра працэдуры прыняцьця рашэньняў у беларускай уладзе наступнае:

«І ў нацыянальным банку, і ў міністэрстве фінансаў ёсьць кваліфікаваныя прафэсіяналы. Я гаварыў з многімі зь іх і яны кажуць: «Мы рыхтуем добрыя дакумэнты, але потым прэзыдэнцкая адміністрацыя выдае распараджэньні ці загады, якія ўтрымліваюць цалкам супрацьлеглыя рэчы».

Эканамічная сытуацыя ўсё больш робіцца палітычнай праблемай для Лукашэнкі. У дадатак да жорсткіх рэпрэсій супраць апазыцыі, якія пачаліся ў сьнежні летась і выклікалі абурэньне Захаду, улада пачала ўжываць сілу для здушэньня пратэстаў, выкліканых крызісам. 12 чэрвеня на мяжы з Польшчай сіламі АМАПу была спыненая дэманстрацыя кіроўцаў, якія пратэставалі супраць новых абмежавальных правілаў вывазу тавараў за мяжу.

Андэрс Аслунд
Эканаміст Андэрс Аслунд з Інстытуту міжнароднай эканомікі ў Вашынгтоне мяркуе, што крызіс у Беларусі ўяўляе для суседзяў больш палітычную, чым эканамічную праблему:

«Беларусь не настолькі важная краіна, каб яе эканамічны крызіс мог перакінуцца на іншыя краіны рэгіёну, - кажа Аслунд. - Беларусь вельмі блізкая да Расеі, і Расея можа лёгка прадухіліць распаўсюд эканамічных наступстваў беларускага крызісу. Уплыў калі і будзе, то ў палітычнай сфэры. Падзеі ў Беларусі, як «арабская вясна» могуць перакінуцца на Ўкраіну і Расею, бо Лукашэнка ня здолее ўтаймаваць гэтыя палітычныя працэсы.»

На думку Аслунда, цяперашні крызіс у Беларусі вельмі падобны на крах савецкай цэнтралізавана-кіраванай эканомікі.

Мэцью Ражанскі пагаджаецца з тым, што цяперашні эканамічны крызіс, верагодна, зьяўляецца пачаткам канца кіраваньня Лукашэнкі, але пазьбягае казаць, што сыход прэзыдэнта зьяўляецца непазьбежным. Аналітык заклікае Захад і Расею ўжо зараз пачаць плянаваньне палітыкі ў Беларусі ў пэрыяд пасьля Лукашэнкі.

Ён кажа, што хаця расейскія алігархі і імкнуцца скупіць беларускія вытворчыя актывы па танных цэнах, доўгатэрміновыя інтарэсы Масквы ў рэгіёне падобныя да інтарэсаў Захаду:

«Мы таксама павінны размаўляць з Масквой. Нашы асноўныя інтарэсы – Вашынгтона і Брусэлю з аднаго боку і Масквы зь іншага – не адрозьніваюцца. Мы можам пагадзіцца на тым, што мы ня хочам у Беларусі гуманітарнага крызісу. Мы можам пагадзіцца на тым, што ва ўмовах рэальнай палітычнай нестабільнасьці ў Беларусі мы ня хочам гвалту. Нават калі мы нязгодныя ў тым, чым павінна скончыцца гэтая нестабільнасьць, мы ня хочам, каб яна прывяла да варажнечы паміж намі, як гэта было ў Грузіі ў 2008 годзе,» - мяркуе Ражанскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG