Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мы не дапусьцілі прэзыдэнцтва


Сакратар ЦК КПБ В. Ціхіня, другі сакратар ЦК КПБ А. Камай і першы сакратар ЦК КПБ А. Малафееў. 1991 г.

Сакратар ЦК КПБ В. Ціхіня, другі сакратар ЦК КПБ А. Камай і першы сакратар ЦК КПБ А. Малафееў. 1991 г.

1991-шы вачыма ўдзельніка.

Рэакцыяй камуністычнага кіраўніцтва БССР на стотысячны страйк у красавіку 1991-га зрабілася не выкананьне іх палітычных патрабаваньняў, а – абарона ўласных палітычных інтарэсаў.

Камуністы загаварылі пра неабходнасьць “жалезнай рукі”, якая бачылася ім у асобе прэзыдэнта. А галоўнай небясьпекай для іх манапольнай улады ім уяўляліся (трэба сказаць, справядліва) – дэпартызацыя і нацыяналізацыя маёмасьці КПБ-КПСС.

Яшчэ ў сярэдзіне красавіка да нас дайшла інфармацыя, што нібыта ва ўрадзе распрацоўваецца закон, які дазволіць прымяняць надзвычайныя меры супраць страйкаў ці масавых выступаў (закон аб надзвычайным становішчы).

18 красавіка я аднёс у прыёмную старшыні Савету Міністраў Вячаслава Кебіча афіцыйны дэпутацкі запыт, які мы падпісалі разам з Валянцінам Голубевым, Уладзімерам Грыбанавым Барысам Гюнтэрам:

Запыт дэпутатаў Апазыцыі БНФ В. Голубева, С. Навумчыка, У. Грыбанава і Б. Гюнтэра да В. Кебіча. 18 красавіка 1991 г.


“Паважаны Вячаслаў Францавіч, мы зацікаўленыя ў тым, каб атрымаць ад Вас, як старшыні Савета Міністраў БССР, наступныя зьвесткі:

Ці даваў Савет Міністраў указаньне Міністэрству юстыцыі БССР на падрыхтоўку праекта Закона БССР аб палітычных страйках;

У якой форме зробленае гэта ўказаньне;

Яго мэты і тэрміны выкананьня;

У якой форме, калі і кім мяркуецца прыняцьце гэтага Закона.

Пры гэтым зьвяртаем Вашу ўвагу на тое, што абмеркаваньне праекта гэтага Закона ня ўключана ў парадак дня чарговай сэсіі ВС БССР, а толькі там ён можа быць прыняты”.

Адказ ад Кебіча мы атрымалі імгненна

Адказ ад Кебіча мы атрымалі імгненна – праз дзьве гадзіны ён вярнуў мне арыгінал нашага ліста са сваім ўласнаручным тлумачэньнем (што было парушэньнем правілаў справаводзтва, затое не пакідала сьлядоў – хаця, магчыма, у сакратарыяце старшыні ўраду і пакінулі копію).

Не выключаю, што гэта адзіная рэзалюцыя, напісаная кіраўніком беларускага ўраду Кебіча на беларускай мове.

“Паважаныя дэпутаты! – пісаў Кебіч. – Такіх указаньняў я не даваў. СМ БССР таксама не даваў”.

У сваім адказе Вячаслаў Францавіч напісаў чыстую праўду – праект закона распрацоўвалі не ў сьцена’х Савета Міністраў, а ў іншым будынку, куды прэм’ер-міністар быў абавязаны з’яўляцца раз на тыдзень на пасяджэньні бюро ЦК КПБ і распаражэньні гаспадара якога павінен быў выконваць – бо і на яго, Кебіча, распаўсюджвалася партыйная дысцыпліна. Штаб супраціву страйку быў не ў Доме ўраду, а ў ЦК КПБ.

Мне падаецца, што дыктат ЦК надакучыў і самому Кебічу – нягледзячы на ягонае ўласнае партыйнае мінулае сакратара гаркаму і абкаму ды загадчыка аддзелу ЦК.

У ЦК глядзелі на Кебіча як на выканаўцу дырэктываў

Ён ужо пасьпеў звыкнуцца з роляй кіраўніка ўраду – прычым не старшыні Савету міністраў (хаця фармальна пасада называлася менавіта так), а – прэм’ера,. Кебічу хацелася займацца ня толькі гаспадарчымі справамі, разьмеркаваньнем кволага бюджэту, аграсэктарам ды прамысловасьцю, але і палітыкай – тым, чым займаецца прэм'ер-міністар у якой-небудзь меншай за Беларусь Ісляндыі. І ён разумеў, што мае на гэта ня меншае права, чым калегі па бюро ЦК КПБ з пятага паверху дому па Карла Маркса.

Аднак у ЦК глядзелі на Кебіча як на выканаўцу дырэктываў, на пажарніка які быў павінен тушыць там, дзе загарэлася.

А “гарэла” – паўсюль.

Пэўна ж, для Кебіча не было сакрэтам і тое, пад каго пачалі так шпарка рыхтаваць пасаду прэзыдэнта – а менавіта ў траўні 1991-га ідэя ўвядзеньня прэзыдэнцтва пачала фарсіравацца камуністычнай дэпутацкай большасьцю. У афіцыйных СМІ казалі пра неабходнасьць “гаспадара”, “моцнай рукі” – гэта было для насельніцтва. Для кіроўчай жа намэнклятуры, напалоханай рабочымі страйкамі, прэзыдэнцтва было магчымасьцю захаваць манаполію на ўладу, з чым дыскрэдытаваны партыйны апарат справіцца ўжо быў няздольны.

Вылучыўся і чалавек, які быў гатовы ўзяць на сабе справу выратаваньня ад «разгулу дэмакратыі» – першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў, які на Пленуме ЦК КПСС у Маскве запатрабаваў ад Гарбачова ўвядзеньня надзвычайнага становішча.

Таварыш Малафееў


Малафееў замяніў на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова, які надаў Беларусі, паводле словаў Алеся Адамовіча, славу «антыперабудовачнай Вандэі», які не жадаў чуць ні пра якія кампрамісы з новаўтвораным Народным Фронтам. Больш безнадзейнага ў сваім дагматызьме кіраўніка, як Сакалоў, здавалася, быць ня можа.

Аказалася – можа.

Анатоль Малафееў увасабляў у сябе ўсё самае дагматычнае і коснае, што было ў камуністычным партыйным апараце. У поўнай гармоніі з ідэалягічнымі перакананьнямі было і ягонае аблічча – грузная фігура, нейкі цяжкі погляд. Я ня памятаю хоць бы цені ўсьмешкі на ягоным твары. Малафееў ня быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, але як народны дэпутат СССР меў права прысутнічаць на сэсіях – зрэшты, першага сакратара ЦК ніхто б не пасьмеў затрымаць і бяз дэпутацкага мандату. Ён часам сядзеў у правым сэктары, там , дзе сядзеў урад – але сядаў на адзін-другі шэраг вышэй за Кебіча, нібыта і гэтым падкрэсьліваў свой статус гаспадара рэспублікі.
Першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў. 1991 г.

Іронія палягала ў тым, што, у адрозьненьні ад усіх сваіх папярэднікаў (Мазурава, Машэрава, Кісялёва, Сьлюнькова, таго ж Сакалова), якіх прызначала Масква, Малафееў быў абраны першым сакратаром на з'езьдзе КПБ ў сьнежні 1990-га на альтэрнатыўных выбарах. Так бы мовіць – дэмакратычна (калі ў камуністаў магла існаваць дэмакратыя). І гэта быў самы горшы выбар, які толькі мог быць – але ён адлюстроўваў настроі большай часткі камуністычнага апарату БССР; пры гэтым нацыянальны нігілізм быў прыкметнай якасьцю гэтых настрояў.

Малафееў і запатрабаваў увядзеньня на тэрыторыі СССР надзвычайнага становішча

На красавіцкім Пленуме ЦК КПСС Малафееў быў сярод тых, хто рэзка скрытыкаваў Гарбачова – не за палавінчатасьць дэмакратычных рэформаў, а за тое, што ён увогуле гэтыя рэформы пачаў. Малафееў заявіў, што камуністычнай «партыі хопіць маўчаць», і запатрабаваў увядзеньня на тэрыторыі СССР надзвычайнага становішча – каб уратаваць краіну (то бок, імпэрыю) «ад развалу».

Тая прапанова Малафеева ў Маскве не прайшла – можа , і хацелі б у Крамлі вывесьці на вуліцы танкі, ды ўжо час быў ня той.

А вось у Беларусі, як здавалася Малафееву і ягоным калегам па ЦК КПБ, час можна было спыніць і нават разьвярнуць назад.

І менавіта ў мэтах захаваньня ўлады кіраўніцтва кампартыі пажадала ўвесьці пасаду прэзыдэнта і даць яму ў рукі мэханізм надзвычайнага становішча – натуральна, пазбавіўшы нават мінімальнага кантролю з боку дэпутатаў.

Мы разумелі, што рэалізацыя такіх плянаў можа паставіць крыж на беларускай дэмакратыі, зрабіць дасягненьне Незалежнасьці Беларусі вельмі аддаленай пэрспэктывай. Магчыма -- нават справай наступных пакаленьняў. І таму падрыхтаваліся да жорсткага супрацьстаяньня на сэсіі з нашымі палітычнымі апанэнтамі.

«...такое робяць людзі, якія сілай захапілі ўладу»


Яшчэ ў канцы красавіка на прэсавай канфэрэнцыі, камэнтуючы патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ склікаць нечарговую сэсію, першы намесьнік старшыні ВС Станіслаў Шушкевіч заявіў: «Лёгка быць сябрам народа на плошчы. Значна ж цяжэй напружана працаваць у тым жа Вярхоўным Савеце, шукаць шляхі збавеньня ад пагрозьлівых цяжкасьцяў. Між тым, ад Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце не паступае прапаноў, па якіх можна працаваць, прымаць рашэньні. Можна, вядома, склікаць сэсію, будзе магчымасьць пагаварыць, але ня будзе магчымасьці нешта зрабіць».

Кажучы гэта, Шушкевіч забыўся, што на папярэдніх сэсіях Апазыцыя БНФ унесла на разгляд парлямэнту больш як 20 законапраектаў – пераважна эканамічных, якія атрымалі высокую ацэнку экспэртаў. Але – ня толькі эканамічных. Вясной жа 91-га галоўныя рашэньні, якія мы патрабавалі прыняць на сэсіі, не вымагалі шматдзённай працы: абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі і дэпартызацыя, пазбаўленьне кампартыі манаполіі на ўладу афармаляліся кароткімі пастановамі. І праекты такіх пастаноў мы мелі – пра што Шушкевіч ведаў.
Члены Прэзыдыюму ВС БССР у Авальнай залі. Аляксандар Сасноў, Васіль Шаладонаў, Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Леўчык. 1991 г.

21 траўня Вярхоўны Савет нарэшце сабраўся на сэсію. Ад імя Прэзыдыюму ВС павестку дня ўносіў С. Шушкевіч. У ёй не было пытаньня ад наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, аб выбарах новага ВС -- затое было пытаньне аб увядзеньні пасады прэзыдэнцтва і праекце Саюзнага дагавору.

З гэтым мы, дэпутаты БНФ, не пагадзіліся і ўступілі ў дэбаты з Шушкевічам.

Навумчык: «Паважаны Станіслаў Станіслававіч! Калі месяц назад было пасяджэньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета і мы ад Апазыцыі ўносілі сваю павестку дня, Вы адказалі, што немагчыма склікаць нечарговую сэсію, таму што пытаньні непадрыхтаваныя. Цяпер мы, дэпутаты, атрымалі павестку дня ў апошні дзень. Дакладней, у дзень, калі пачалася сэсія. Гэта мне вельмі незразумела.

Другое. Я лічу, што ўнясеньне зьмяненьняў, дапаўненьняў ў заканадаўства тое, якога патрабуюць стачкомы і працоўныя калектывы, аж толькі 27 пунктам пасьля таго, як будзе разгледжаны, скажам, закон аб банкруцтве, закон аб занятасьці, закон аб галасаваньні (рэфэрэндуме), гэта проста нелягічна. Таму што шэраг законаў можа быць прыняты толькі пасьля дэпартызацыі, нацыяналізацыі маёмасьці, галоўнае, пасьля наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы.

Трэцяе. Я маю паўнамоцтвы ад камісіі ўнесьці ў павестку дня пытаньне аб выкананьні пастановы Вярхоўнага Савета БССР аб сродках масавай інфармацыі ВС БССР у той частцы, якая тычыцца «Народнай газэты» і ў прыватнасьці матэрыяльнага забесьпячэньня гэтага органа.

І чацьвёртае. У прэзыдыюм пададзена згодна з Рэглямэнтам папера за подпісам 20 дэпутатаў з просьбай прадаставіць слова па павестцы дня народнаму дэпутату Пазьняку. Прашу гэта зрабіць».

(У выпадку, калі 20 дэпутатаў патрабавалі даць слова нейкаму дэпутату – сьпікер быў абавязаны яго прадаставіць. Але часам пра гэта «забываўся», таму даводзілася нагадваць)

Шушкевіч: Шаноўны Сяргей Іосіфавіч, я думаў, што Вы як дэпутат і як журналіст чытаеце тую газэту, аб якой так клапоціцеся. У ёй значна раней, чым вы гаворыце, і ў адпаведнасьці з Рэглямэнтам быў надрукаваны прапануемы парадак і пытаньні, якія ўносяцца».

Голубеў: Паважаны Станіслаў Станіслававіч, я не чытаў «Народную газэту», дзе ўсё так тлумачыцца добра пра сэсію. Я працаваў, з аднаго боку, у Канстытуцыйнай камісіі, і з другога боку, удзельнічаў у распрацоўцы закону аб выбарах. .. Вось зараз Вы падрыхтаванае пытаньне не ўключылі, а пытаньне аб прэзыдэнцтве, не падрыхтаванае зусім, дзе дакумэнты ніякія не распаўсюджаны сярод народных дэпутатаў, пытаньне, якое не абмяркоўвала Канстытуцыйная камісія ў сваім поўным паседжаньні, вы ўнесьлі сюды... Дзе ж лёгіка ў Вас, Станіслаў Станіслававіч?

Шушкевіч: Шаноўны Валянцін Фёдаравіч, Вы гаворыце, што ў мяне няма лёгікі. Я, прабачце, не скажу, што ў Вас яе няма. У Вас яна ёсьць. Але ў Вас яна своеасаблівая».

На патрабаваньне 20 дэпутатаў старшыня быў вымушаны прадставіць слова старшыні Апазыцыі БНФ Пазьняку. Далей цытую стэнаграму.

На трыбуне Вярхоўнага Савету - старшыня Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк. Чэрвень 1991 г.

Пазьняк: «...Ні камуністычны Вярхоўны Савет, ні камуністычны Савет Міністраў за год свайго існаваньня рэальна нічога не зрабілі для паляпшэньня становішча народу Беларусі. Наадварот, сваім бязьдзеяньнем, антыдэмакратызмам, нізкапаклонствам перад Масквой і КПСС, сваёй антынароднай палітыкай падтрымкі каляніяльнага рэжыму ў рэспубліцы пагоршылі становішча і прывялі Беларусь на край бездані. Значна зьнізілася вытворчасьць. Дэфіцыт бюджэту рэспублікі ўа 4 месяцы павялічыўся ўдвая і прадаўжае павялічвацца. Да канца года можа дасягнуць 7 мільярдаў рублёў. 35 працэнтаў, што азначае фінансавы крах рэспублікі і эканамічнае банкруцтва.

У такіх варунках павінны быць праведзеныя хуткія, радыкальныя і завершаныя, непалавіністыя рэформы пераходу да рынку. Расьцягваць такія рэформы на хуткі час нельга. Бо часу няма. А палавіністасьць толькі павялічвае эканамічны крызіс.

Тым часам, вопыт паказаў, што ніякія рыначныя рэформы ня могуць ажыцьцявіцца пры адсутнасьці сувэрэнітэту. З Беларусі Масква забірае пяць з паловай мільярдаў рублёў так званага падатку з абароту. Звыш 7 мільярдаў – ваенныя расходы на ўтрыманьне савецкага войска. Гарнізонаў і стратэгічных ядзерных базаў. Беларусь фактычна не распараджаецца вынікамі працы свайго народа, сваімі рэсурсамі і будучыняй.

Вопыт паказаў таксама, што ніякія рыначныя рэформы не магчымыя ў варунках манаполіі камуністычнага адміністрацыйнага рэжыму... Пад словаблудзтва аб рынку камуністы робяць пераразьмеркаваньне дзяржаўнай і нарабаванай у народа маёмасьці ў партыйную маёмасьць, імкнуцца мадэрнізаваць прагнілую адміністрацыйную сыстэму.

Сувэрэнітэт, незалежнасьць Беларусі, дэпартызацыя з'яўляюцца першаснымі ўмовамі для рынкавых рэформаў на Беларусі і гарантыяй паляпшэньня жыцьця народа

Такім чынам, сувэрэнітэт, незалежнасьць Беларусі, дэпартызацыя з'яўляюцца першаснымі ўмовамі для рынкавых рэформаў на Беларусі і гарантыяй паляпшэньня жыцьця народа. Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце прапануе ўключыць у павестку дня сэсіі наступныя пытаньні і разгледзіць іх у першачарговым парадку.

Першае. Аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларускай ССР статуса канстытуцыйнага закона. Другое. Аб дэпартызацыі суда, пракуратуры, органаў МУС, КДБ, прадпрыемстваў і арганізацыяў. Трэцяе. Аб праекце закона пра выбары ў Беларускай СССР. Чацьвёртае. Аб фармаваньні пераходнага ўраду на кааліцыйнай аснове. Пятае. Аб асноўных прынцыпах разьдзяржаўленьня, прыватызацыі і разьвіцьця эканомікі Беларускай ССР. Шостае. Аб савецкім войску і вайсковай службе на тэрыторыі Беларускай ССР. Сёмае. Аб грамадзянстве Беларусі.

... Акрамя гэтага хачу дадаць, што я як народны дэпутат да сёньняшняга дня не атрымаў ні аднаго дакумэнта, ніт аднаго законапраекта, які вынесены на гэтую сэсію. Парадак дня мы атрымалі толькі сёньня на століках перад уваходам у гэты зал».

Камуністы ідуць у атаку


Увогуле, працэс ўнясеньня пытаньняў у павестку дня сэсіі быў для нас важны яшчэ і таму, што адбываўся ў першы дзень сэсіі калі ішла прамая тэле і радыётрансьляцыя, і можна было данесьці свае погляды да мільёнаў жыхароў Беларусі.

Улічвалі гэта і камуністы.

Распачаў атаку другі сакратар ЦК КПБ Аляксей Камай. Ягоны выступ быў арыентаваны выключна на тэле- і радыёаўдыторыю.

Камай: “Зараз Апазыцыя БНФ патрабуе ад дэпутатаў перагляду... законаў, прыняцьця патрэбных толькі ім рашэньняў, і пра гэта трэба сказаць наўпрост... Нашпігаванае сёньня да крайнасьці антыкамунізмам востры выступ народнага дэпутата Пазьняка сьведчаць пра тое, што апазыцыю не цікавяць пытаньні сацыяльна-эканамічнага становішча ў рэспубліцы. (няпраўда – на той момант мы ўнесьлі ў ВС два дзесяткі законапраектаў, і ўсе яны былі адхіленыя пракамуністычнай дэпутацкай большасьцю -- С.Н.), Стрэлкі пераводзяцца на пытаньні палітычных праблемаў і на іх засяроджваецца ўвага... Сёньня наўпрост скажу, што праблемы дэпартызацыю выклікалі цэлую хвалю чорных жарсьцяў, тэрору сапраўднага вакол камуністаў на сэсіі Вярхоўнага Савету... Уношу прапановы зьняць з пункту 27 павесткі дня тры пытаньня – аб дэпартызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый, аб дэпалітызацыі праваахоўчых органаў і аб уласнасьці КПСС-КПБ.”

Навумчык (Апазыцыя БНФ): “Пасьля таго, як мы прынялі павестку дня, пункт 8, пункт 20, дзе прадугледжваецца закон аб прэзыдэнцтве і аб прававым рэжыме надзвычайнага становішча, то тым самым амаль стварылі прадумовы для ўсталяваньня жорсткага дыктатарскага рэжыму. І гэты жорсткі рэжым можа быць рэальны пры той умове, калі мы ня выканаем патрабаваньні, якія выказвалі, паважаны дэпутат Камай, не апазыцыя і не нейкія палітычныя партыі, а народ, якія выказвалі сотні тысяч людзей”.

Антончык (Апазыцыця БНФ): “Мне вельмі спадабаўся выступ паважанага народнага дэпутата Камая. Для ўсіх, і для мяне, і для ўсёй Беларусі, стала зразумела, што Камуністычная партыя Беларусі ніколі не адмовіцца ад той маёмасьці, якую сама прысабечыла, і ніколі не дэпартызуецца”

Ціхіня (сакратар ЦК КПБ) :”Паважаныя народныя дэпутаты! Патрабаваньні пра дэпалітызацыю, дэпартызацыю носяць антыканстытуцыйны характар. Яны супярэчаць нормам савецкага права і міжнароднага права”.

Садоўскі (Апазыцыя БНФ): “Паважаны таварыш Ціхіня і паважаны таварыш Камай ужываюць паняцьці “партыя”, “наша камуністычная партыя”. Ставіцца знак роўнасьці паміж ёй і парлямэнцкімі партыямі, якія маюцца на ўвазе ў міжнародных дакумэнтах. Гэта не адно і тое ж. Як ужо гаварылася, гэта партыя асобная. Гэта партыя, якая зьлілася з дзяржавай”.
Сакратар ЦК КПБ В. Ціхіня, другі сакратар ЦК КПБ А. Камай і першы сакратар ЦК КПБ А. Малафееў. 1991 г.

Калі сэсія перайшла да разгляду прапанаваных Апазыцыяй БНФ пакету прапаноў, дыскусія набыла яшчэ большае напружаньне. Важнейшым для нас было пытаньне пра Незалежнасьць.

Без наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закона немагчыма кардынальнае рашэньне ніякіх іншых праблем

Навумчык: “Станіслаў Станіслававіч, як Вы разумееце, тыя прапановы, якія былі вынесеныя Апазыцыяй па павестцы дня, павінны ісьці першымі ў парадку дня. Таму што бяз першай прапановы, без наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закона, немагчыма кардынальнае рашэньне ніякіх іншых праблем”.

Дземянцей: “Калі камісіі не разглядалі, калі камісіі свае адносіны не выказваюць, дык Вярхоўны Савет экспромтам гэтага не прынімаў і прымаць ня будзе”

Дземянцей хітраваў – у парлямэнцкіх камісіях большасьць таксама займалі камуністы, і нам было вельмі цяжка, практычна немагчыма, правесьці праз іх рашэньні. Дарэчы, потым фраза “працуйце праз камісіі!” стане стандартнай у вуснах Шушкевіча як старшыні ВС.

Другім стандартным заклікам праўладных дэпутатаў было -- канчайце балбытню, ня трэба палітыкі (і гэта – у парлямэнце!), трэба заняцца эканомікай (пра тое, як камуністы заняліся эканомікай, крыху пазьней).
Вось дэпутат Апазыцыі БНФ Алесь Шут выступае з крытыкай ураду:

Шут: “За апошні год толькі і чутно: Кебіч даў справаздачу на бюро ЦК КПБ, Мясьніковіча заслухалі там жа, Заламай даклаў па тым жа адрасе. Перад кім, таварышы, вы даеце справаздачу? Зацьвярджаў жа кабінэт міністраў Вярхоўны Савет... І не дарэма беларускі народ не задаволіўся эканамічнымі патрабаваньнямі...Вячаслаў Францавіч, будзьце мужнымі і чэснымі. Год прайшоў – і крах відавочны. Падайце заяву аб адстаўцы ўсяго кабінэту міністраў. Крок гэта незвычайны для нашай рэлітктавай рэспублікі, але гэта будзе сумленны крок. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць стварыць пераходны ўрад...”

Не пасьпеў Шут сесьці на месца, як выходзіць на трыбуну дэпутат Данілевіч і зачытвае ліст “простай калгасніцы, 43 гады адпрацавала”:

“Вельмі просім вас на сэсіі абараніць, як можаце, наш урад. Нам здаецца, ён вельмі ўдалы. Сёньня хіба што зьменіцца, калі мы яго зьменім? Не, канешне. Не дапускайце палітычных амбіцый... І на сэсіі не павінна быць ніякіх палітычных пытаньняў, а павінны разглядацца дзелавыя пытаньні”.

За уключэньня ў павестку дня сэсіі пытаньня аб фармаваньні кааліцыйнага ўраду народнага даверу прагаласавалі 42 дэпутаты. Прапанова не прайшла.

камуністы ідуць у бізнэс, зь бюджэту зьнікаюць 100 000 000


Абвінаваціўшы вуснамі другога сакратара ЦК Камая Апазыцыю БНФ у тым, што нас “не цікавяць пытаньні сацыяльна-эканамічнага становішча ў рэспубліцы”, камуністычная парлямэнцкая большасьць своеасабліва паставілася да фактаў, якія мелі самае непасрэднае дачыненьне і да эканомікі, і да сацыяльнай сфэры.

Пра іх сказаў у сваім выступе дэпутат Апазыцыі БНФ Юрась Беленькі- - адзін з нашых найлепшых эканамістаў, пра якога прэм'ер-міністар Кебіч казаў, што гатовы прапанаваць яму пасаду намесьніка міністра фінансаў (казаў, але ніколі не прапаноўваў).

Парлямэнцкая апазыцыя БНФ. Паездка ў Магілёў. 1990. Зьлева направа — Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі

Беленькі): “Паважаныя дэпутаты! 7 сакавіка гэтага году першы намесьнік нашага прэм’ера Мясьніковіч падпісаў ад імя Савета Міністраў Беларускай ССР пагадненьне з Прамбудбанкам СССР. У парушэньне Закона Беларускай ССР аб банках і банкаўскай дзейнасьці і прынятай намі пастанове аб акцыянаваньні Прамбудбанка Беларускай ССР. Я б назваў гэта ня проста парушэньнем, а цынічным парушэньнем і грубейшым парушэньнем... Фактычна, перададзеная Прамбудбанку Саюза ССР адна трэцяя частка крэдытных рэсурсаў. Я ўзяў дакумэнты ў Нацыянальным банку, зрабіў запыт. Па іх разьліках Беларусь страчвае ад гэтага каля ста мільёнаў рублёў у год... Прашу ўключыць у павестку дня і разгледзіць гэтае пытаньне".

Такім чынам, з бюджэту выводзілася штогод 100 мільёнаў рублёў (яшчэ тых, паўнаважкіх рублёў).

Гэта – бюджэт невялікага (але і не самага малога) гарадка. У дэмакратычным парлямэнце гэта было б прадметам адмысловага разьбіральніцтва, магчыма, стварэньня адмысловай камісіі.

У нашым пракамуністычным Вярхоўным Савеце выступ Беленькага таксама не застаўся без увагі – на яго імгненна зрэагаваў старшыня плянава-бюджэтнай Камісіі ВС Раман Унучка, у нядаўнім мінулым – першы сакратар Наваградскага гаркаму камуністычнай партыі.

Унучка Р. І. «Паважаныя народныя дэпутаты! Сапраўды, такое пагадненьне ёсьць, падпісанае Мясьніковічам і прадстаўнікамі Прамбудбанку СССР... Я думаю, няма неабходнасьці уносіць гэтае пытаньне сёньня на разгляд сэсіі Вярхоўнага Савета. Я думаю, што мы ў камісіі разглядзім і знойдзем агульныя падыходы ў рашэньні гэтага пытаньня...

Шушкевіч: Хто за тое, каб уключыць у павестку дня пытаньне аб парушэньні Саветам Міністраў Беларускай ССР заканадаўства БССР?»

“За” – толькі 73 дэпутаты.

Такім чынам, пытаньне ў сэсію не ўключылі, ну а на пасяджэньні камісіі Беленькі ды іншыя дэпутаты БНФ маглі выступаць колькі заўгодна – пасяджэньні гэтыя праходзілі за зачыненымі дзьвярыма, без удзелу прэсы і рашэньні прымаліся галасаваньнем пры поўнай перавазе камуністаў.

(Далейшая біяграфія Унучкі – ілюстрацыя слоў Пазьняка, якія прагучалі ў той дзень, пра “пераразьмеркаваньне маёмасьці” і прыклад таго, як камуністы ўладкаваліся ў бізнэсе, ды й ня толькі ў бізнэсе . Яшчэ займаючы пасаду старшыні камісіі ВС, Унучка стаў старшынём праўленьня “Белінвэстбанку”, затым потым быў памочнікам прэзыдэнта Беларусі, потым віцэ-прэм’ерам, затым, па дасягненьні пэнсійнага ўзросту – старшынём назіральнай рады “Аграпрамбанку”).

Калі ёсьць сэнс змагацца


Пытаньні ў павестку дня на сэсіі прадстаўляў Станіслаў Шушкевіч, і стэнаграма сэсіі зафіксавала вельмі прыкметны дыялёг, які дае ўяўленьне пра ягонае стаўленьне да нашых, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, прапаноў.

Цумараў: Я. А. “... пастанова аб беларускай мове і дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Гэта ўсё гатова і ўзгоднена і запратакаліравана на камісіі. Чаму гэта нават не выносіцца на галасаваньне? Я разумею, сэсія можа прагаласаваць супраць, але ж Вы дайце галасаваньне.

Шушкевіч С.С. Адказаць Вам шчыра, чаму?

Цумараў Я. А. Калі ласка.

Шушкевіч С.С. Таму, што вынікі яго вядомыя. І мы проста марнуем час з Вамі.

Цумараў Я. А. Вельмі мудра для намесьніка Старшыні Вярхоўнага Савета, вельмі мудра.

Шушкевіч С.С. Я проста аналізаваў сытуацыю. Я магу гэтым быць незадаволены. Калі ласка, я запісаў вашы прапановы”.

Заўважу, што калі кіравацца такой мудрасьцю і такім аналізам – дык тады ўвогуле не было б сэнсу нам, дэпутатам Апазыцыі БНФ, нічога прапаноўваць і ні за што змагацца – нас жа было ў парлямэнце толькі дзесятая частка, і вырашала не аргумэнтацыя, а арыфмэтыка.

Але мы прапаноўвалі, змагаліся і часта – перамагалі.

Праўда, у той дзень, 21 траўня, прапанова аб уключэньні ў павестку дня пытаньня аб наданьні Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону (фактычна, абвяшчэньне Незалежнасьці Беларусі) набрала толькі 118 галасоў.

Але у наступныя дні нам удалося прадухіліць і ўвядзеньне надзвычайнага становішча, і ўвядзеньне пасады прэзыдэнта.


“... магчымасьць для выратаваньня прагнілага, праклінаемага ўсім народам рэжыму”


Праз два тыдні працы сэсіі дэпутат БНФ Міхаіл Крыжаноўскі папрасіў слова ў пачатку аднаго з паседжаньняў. Ён заўважыў, што да заканчэньня сэсіі засталося няшмат часу, аднак ні па водным з галоўных пытаньняў рашэньня не прынята (меліся на ўвазе наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы і дэпартызацыя). «Учора, напрыклад, зьбіралі дэпутатаў ад Менскай вобласьці, і шаноўныя дэпутаты Цішкевіч і Каратчэня паведамілі, што нам ужо хутка трэба прыняць, зацьвердзіць і абраць прэзыдэнта нават на гэтай сэсіі. Чаму ў членаў Прэзыдыюму ёсьць матэрыялы аб прэзыдэнце, а ў дэпутатаў няма? Чаму мы нгыя маем ніякіх матэрыялаў па тых пытаньнях, якія ўздымаліся рабочымі ў час красавіцкіх выступленьняў?»

Паводле ацэнкі парлямэнцкага карэспандэнта «Народнай газэты» Сяргея Плыткевіча , абмеркаваньне закону «Аб прававым статусе надзвычяайнага становішча» (прадстаўлялі яго намесьнік міністра юстыцыі Дашук і старшыня парлямэнцкай камісіі Мечыслаў Грыб) – «было вельмі і вельмі бурным». Вось некаторыя цытаты.

Рыгор Вячэрскі: Мы толькі што асудзілі тыя рэпрэсіўныя меры, якія былі ўжо ў нашай гісторыі, і зараз ізноў імкнемся выдаць закон, у якім практычна ўсё рэабілітуецца і рэанімуецца. Дзе ж сэнс?

Леанід Дашук, намесьнік міністра юстыцыі – спаслаўся на тое, што ўжо прыняты “саюзны” закон “Аб прававым рэжыме надзвычайнага становішча”, а таксама што, маўляў, ня трэба ўвязваць магчымасьць увядзеньня надзвычайнага становішча толькі з палітычнымі матывамі – могуць быць стыхійныя бедзствы, катастрофы і эпідэміі.

Мечыслаў Грыб, старшыня камісіі ВС выступаў з судакладам і, натуральна, падтрымаў прыняцьце закона.

Дэпутаты ВС БССР З. Пазьняк, У. Станкевіч і С. Навумчык на мітынгу перад Домам ураду. 1991 г.

Сяргей Навумчык (Апазыцыя БНФ): Я вельмі уважліва чытаў праект гэтага закона, таму што напярэдадні, як вядома, на пленуме ЦК КПСС выступіў народны дэпутат СССР, першы сакратар кампартыі Беларусі Малафееў і прапанаваў увесьці нешта падобнае ў межах Саюза. Але за 73 гады мы ўпэўніліся, што , што ўсе гэтыя мэтады дыктату нічога нам не далі. І зараз я не пагаджуся з дакладчыкамі, што мы, маўляў, толькі ўносім нормы, і гэта ня значыць, што мы будзем уводзіць надзвычайнае становішча. Паважаныя дэпутаты, давайце ня будзем падманваць сябе!

Закон будзе выкарыстоўвацца для націску адной палітычнай сілы на іншыя

Ігар Пырх (палкоўнік міліцыі, Апазыцыя БНФ) : Семдзесят гадоў для надзвычайнае становішча не было абсалютна ніякіх законных падстаў, але рэжым такі існаваў. І вынікі яго відавочныя. Чаму так адбылося? Таму што манаполія ўлады ў руках адной палітычнай сілы вядзе да таго, што ў грамадзтве і дзяржаве няма кантролю за рэалізацыяй надзвычайнага становішча. І зараз у нас нічога не зьмянілася. Праўда, магчыма, прыйшоў час, калі цяжка вырашаць пытаньні аб падтрымцы надзвычайнага становішча ў кабінэтах. Таму ўзьнікла неабходнасьць прыняць закон, каб выкарыстаць любую магчымасьць для выратаваньня прагнілага, праклінаемага ўсім народам рэжыму. І няма тут ніякай сацыяльнай абароны людзей, закон будзе выкарыстоўвацца для націску адной палітычнай сілы на іншыя.

Аляксандар Шут (Апазыцыя БНФ): Якія мэты закона, і ці былі сытуацыі з нашым жыцьці, каб прымяняць яго? Зараз страсьці напаўняюцца напярэдадні дэпартызацыі і нацыяналізацыі вядомай усім нам маёмасьці. А вось у 1986 годзе, калі сапраўды была трагедыя, ніхто чамусьці ня ўспомніў пра такі закон, людзі выходзілі на першамайскія дэманстрацыі і нічога ня ведалі пра небясьпеку.

Генадзь Лавіцкі (генэрал, намесьнік старшыні КДБ): Мне таксама несымпатычны гэты закон, на маю думку, гэта адзіны зкон, які ніколі не павінен уступаць у дзеяньне ў нашай рэспубліцы, але прымаць яго трэба.

Уладзімер Новік (Апазыцыя БНФ): Паважаныя дэпутаты! Я раю усім вам паглядзець на артыкул шосты Канстытуцыі Беларускай ССР, дзе грамадзянам гарантуюцца асноўныя правы, свабоды. Дадзены закон не спасылаецца на гэты артыкул, а дае сваё вызначэньне правам грамадзян. Як мы можам разглядаць закон, які робіць замах на Канстытуцыю?

Валеры Ціхіня, сакратар ЦК КПБ: Дэмакратыя па-за законам – гэта анархія з усімі выходзячымі адсюль вынікамі. І мы ня можам у нашай рэспубліцы навесьці канстытуцыйны парадак, калі самавольства, анархія, заклікі да зьвяржэньня існуючага грамадзкага ладу ня будуць спыняцца. Аб гэтым і гаварыў Анатоль Аляксандравіч Малафееў. Таму я падтрымліваю прапанову Камісіі па законнасьці аб неабходнасьці прыняцьця Закона “Аб прававым рэжыме надзвычайнага становішча”.

Анатоль Турак: Акрамя абурэньня і сораму, праект закона нічога выклікаць ня можа. Замест таго, каб сыстэма кіраваньня сьвядома перабудоўвалася, яна ўсімі сіламі імкнецца аб’яднаць тое, што аб’яднаць проста немагчыма. Скажыце, ну хіба можна зараз работнікаў каапэратываў прымусіць аказваць шэфскую дапамогу вёсцы, прыбіраць вуліцы і бясплатна працаваць на будаўніцтве?

Міхаіл Сукач: Такая ўседазволенасьць, якую дапускаюць вышэйшыя эшалёны ўлады ў нашым грамадзтве, амаральнае растрачваньне сродкаў, у выніку чаго мы апынуліся ў тупіку і ніхто не нясе і не зьбіраецца несьці ніякай адказнасьці – немагчыма ні ў якой іншай дзяржаве. І ў той жа час прэтэндаваць на далейшае існаваньне і прасіць у народа “дубінкі” – дык гэта ж больш чым нахабства! Я разумею, што патрэбна дысцыпліна. Але яна патрэбна ня толькі для народа, але перш за ўсё – для кіраўніцтва. Таму я за надзвычайныя меры для ўрада і прапаную стварыць камісію для распрацоўкі альтэрнатыўнага праекта супрацьлеглага прызначэньня, каб абараніць народ ад надзвычайных, антыкрызысных мер. Я заклікаю народных дэпутатаў – членаў КПСС, якія прадстаўляюць дэмакратычны дэпутацкі клюб, адмежавацца ад авантурнай палітыкі часткі партыйнай групы ў Вярхоўным Савеце, якая выступае ініцыятарам законаў, накіраваных супраць канстытуцыйных правоў нашага грамадзтва.

Валянцін Голубеў (Апазыцыя БНФ): Тое, што можа ўводзіцца асаблівая форма кіраваньня, што могуць адмяняцца ўсе законы, магчыма толькі пра антыдзяржаўным перавароце; такое робяць людзі, якія сілай захапілі ўладу альбо ня могуць больш правіць у адпаведнасьці зь дзяржаўнымі законамі.

Гэта быў той самы выпадак, калі нам, дэпутатам пазыцыі БНФ, удалося пасьпяхова скарыстаць і дэпутацкую трыбуну (аргумэнтацыю і эмацыйнасьць), і парлямэнцкія кулюары (шмат з кім з тых, хто вагаўся, праводзілі перамовы “адзін на адзін” – і “за” прагаласавалі 158 дэпутатаў.
Прыхільнікам увядзеньня надзвычайнага становішча не хапіла 15 галасоў (для станоўвага рашэньня патрэбна было 173 ).

Закон аб надзвычайным становішчы ня быў прыняты.

І калі 19 жніўня 1991 года самаабвешчаны ў Маскве ГКЧП такое надзвычайнае становішча на тэрыторыі СССР увёў – гэта давала нам права паставіць пад сумнеў ягоную законнасьць.

Прэзыдэнцтва адкладаецца на тры гады


Пацярпеўшы фіяска з надзвычайным становішчам, камуністы фарсіравалі ідэю прэзыдэнттва.

Прычым прапанавалі абраць прэзыдэнта як найхутчэй – на сэсіі.

Тады, у чэрвені 91-га, шмат каму здавалася, што прэзыдэнцтва плянавалася «пад Кебіча». На карысьць такой вэрсіі – палажэньне ў адным з праектаў, што прэзыдэнтам можа быць толькі народны дэпутат БССР. Кебіч ім быў, Малафееў – не. Але Малафееў быў народным дэпутатам СССР, і ў момант галасаваньня асобнага артыкулу закону парлямэнцкая большасьць лёгка магла ўнесьці дадатак «...альбо народным дэпутатам СССР». Ці – увогуле прыбраць згадку пра дэпутацтва.

“Апазыцыя рашуча абвясьціла аб тым, што не прымае самой ідэі. Перад пачаткам галасаваньня Зянон Пазьняк назваў прапанаваныя законапраекты антынароднымі” – адзначыў сваім рэпартажы з сэсіі карэспандэнт “Народнай газэты”.

Мы былі перакананыя, што ўвядзеньне пасады прэзыдэнта непазьбежна скончыцца дыктатурай

Сапраўды, мы былі перакананыя, што ўвядзеньне пасады прэзыдэнта (прычым нават і ўсенародна абранага) прывядзе да празьмернай канцэнтрацыі ўлады ў адных руках і непазьбежна скончыцца дыктатурай.

Але калі наконт закону аб надзвычайным становішчы мы маглі знайсьці саюзьнікаў сярод «нейтральных» дэпутатаў, дык з прэзыдэнцтвам было цяжэй. Ды што казаць – па-просту, безнадзейна. За ўвядзеньне пасады прэзыдэнта быў Шушкевіч (ён, праўда, вагаўся цягам кадэнцыі Вярхоўнага Савета -- але ўрэшце пагадзіўся). З прэзыдэнцтвам зьвязвалі сваю палітычную будучыню мелі Генадзь Карпенка і Віктар Ганчар – і тут ніякія нашыя апэляцыі да законаў грамадзкага разьвіцьця не спрацоўвалі.

І хаця большасьць дэпутатаў так званым рэйтынгавым галасаваньнем у чэрвені 1991-га выказалася за ўвядзеньне – у пэрспэктыве – пасады прэзыдэнта, у тыя дні нам ўдалося зрабіць галоўнае: не дапусьціць увядзеньня прэзыдэнцкай пасады адразу і абраньня прэзыдэнта на сэсіі.

Малафееў пацярпеў фіяска.

Я перакананы, што калі б у жніўні 1991-га Малафееў меў бы паўнамоцтвы прэзыдэнта – падзеі маглі б разгортвацца па горшым для беларускай незалежнасьці сцэнары. Ізноў жа нагадаю, што ўжо пасьля таго, як лёс путчу быў зразумелы, Малафееў на пасяджэньні Прэзыдыюму ВС СССР быў адзіным, хто устрымаўся ад асуджэньня путчыстаў – такое вялікае было ў яго жаданьне захаваць імпэрыю ў яе нязьменным, камуністычным варыянце. Праз два дні, 24 жніўня 1991 года, мы сагналі Малафеева з трыбуны – як збанкрутаванага першага сакратара збанкрутаванай партыі. Гэтае відовішча (усясільнага першага сакратара ЦК КПБ зганяюць з трыбуны) паламала волю да супраціву камуністаў і дазволіла нам правесьці свае рашэньні. З прэзыдэнтам зрабіць гэта, мяркую, было б немагчыма. І нават калі б 25 жніўня нам і ўдалося б надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы – пры аўтарытарным прэзыдэнце Беларусь ня мела б тых трох гадоў да ліпеня 1994-га, якія, хай і не ў ідэальным варыянце, але далі магчымасьць для нацыянальнага Адраджэньня.

У тыя чэрвеньскія дні нам удалося адцягнуць надыход аўтарытарызму – на тры гады, але адцягнуць....
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG