Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму рэакцыя на выступ дробных гандляроў у Брузгах была значна больш жорсткай, чым на нядаўнюю акцыю «Стоп-бэнзін» у Менску? Чаму Аляксандар Лукашэнка абрынуўся на ўдзельнікаў акцыі ў Брузгах, абвінаваціўшы ў ёй апазыцыю? Ці пацягнецца далей ланцужок народных пратэстаў?

Гэтыя пытаньні ў «Экспэртызе Свабоды» абмяркоўваюць гарадзенскі публіцыст Уладзімер Хільмановіч і палітоляг Юры Чавусаў.

Юры Дракахруст
Уладзімер Хільмановіч
Юры Чавусаў


Дракахруст: Дзьве падобныя акцыі і дзьве даволі розныя рэакцыі. У Менску перакрыцьцё праспэкту аўтааматарамі ніхто не спыняў, а на наступны дзень вышэйшая ўлада пайшла на беспрэцэдэнтныя саступкі. У Брузгах на мяжы пасьля нядоўгіх перамоваў зь людзьмі, якія блякавалі памежны пераход, на іх быў кінуты АМАП, старшыня аблвыканкаму Шапіра потым намякаў на нейкі намер людзей сьвядома ўчыніць беспарадкі. Чаму такія розныя рэакцыі?

Чавусаў: Рэакцыя ў нечым падобная, бо адміністратыўныя пакараньні былі і ў тым, і ў другім выпадку не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі - гэта былі штрафы. Сапраўды, мне падаецца, што нельга ставіць гэтыя падзеі ў адзін шэраг: акцыя "Стоп-бэнзін-4" была працягам шматгадовай кампаніі групы грамадзкіх актывістаў, якія зьвяртаюць увагу на праблему неадэкватнага падвышэньня коштаў на бэнзін, і зараз гэтая праблема патрапіла ў фокус грамадзкай увагі. А ў Брузгах адбыўся спантанны пратэст, нікім не рыхтаваны. Я б сказаў, падзеі ў Брузгах павінны расцэньвацца дзеючым рэжымам як больш трывожныя, бо з Гародні, іншых рэгіёнаў паступае ўсё больш сыгналаў менавіта пра такія непадрыхтаваныя акцыі, супраць якіх складана змагацца, якія з кропкавых могуць стаць ачаговымі, а пасьля можа быць сапраўды нейкае масавае ўзрушэньне.
Падзеі ў Брузгах павінны расцэньвацца дзеючым рэжымам як больш трывожныя

Хільмановіч: Розьніца ў тым, што грамадзянская салідарнасьць у сталіцы, на маю думку, значна вышэйшая, і таму ўлады проста вырашылі такім чынам гэты канфлікт здушыць, бо баяліся яшчэ большага размаху пратэстнага настрою кіроўцаў. У рэгіёнах такая салідарнасьць яшчэ на ніжэйшым роўні, таму быў загад, відаць, з цэнтру, жорстка падаўляць, і ён быў падмацаваны канкрэтнымі дзеяньнямі і пагрозамі, якія ўчора гучалі на сустрэчы ў гарадзенскім аблвыканкаме.

Дракахруст: Намёк Сямёна Шапіры на нейкія сьвядомыя намеры ўчыніць беспарадкі знайшоў працяг у заявах Аляксандра Лукашэнкі, якія ён зрабіў падчас паездкі ў Менскую вобласьць. Ён, у прыватнасьці, заявіў: «У нас "свядомыя" ў Менску, у сацыяльных сетках у Інтэрнэце заклікаюць да страйку, страйкі на мяжы ладзяць. Я так буду глядзець, назіраць, а потым як шарахну, так не пасьпеюць за мяжу перабегчы ". Наконт удзельнікаў пратэстаў у Брузгах ён сказаў: "Ладзяць там страйкі, што ім не дазволілі за бесцань вывозіць паліва, цыгарэты, іншыя тавары. Раней такіх называлі спэкулянтамі. Яны ж і ёсьць спэкулянты. Гэта - так званая рынкавая эканоміка. Нідзе гэтага няма, а ў нас гэты рынак насаджаюць. Я што, на гэта глядзець буду?" Што азначаюць гэтыя заявы?

Хільмановіч: Гэта традыцыйная палітыка кіраўніка дзяржавы: перавярнуць усё з ног на галаву і дэманізаваць любы пратэст, надаць яму палітычную афарбоўку: прышчапіць да гэтага "сьвядомых", як гэта грэбліва гаворыцца, іншыя катэгорыі актыўных грамадзянаў. Я ня ведаю, як гэта пралічваецца з эканамічнага пункту погляду, таму што гэтыя людзі ўвозілі вельмі шмат валюты ў РБ, і калі гэтая плынь зьменшыцца - наўрад ці тут пралічана ўсё да канца. Але я думаю, што тут даводзіцца гаварыць і пра выкарыстаньне бізуна, і пра нейкі пернік - магчыма, будуць нейкія палёгкі, нешта будзе адкручана ў гэтай пастанове для "чаўнакоў", якія жывуць зь мяжы.
Магчыма, будуць нейкія палёгкі, нешта будзе адкручана ў гэтай пастанове для "чаўнакоў", якія жывуць зь мяжы

Чавусаў: Я думаю, гэта сьвядомы прапагандысцкі крок: з аднаго боку, Лукашэнка зноў спрабуе выкарыстаць свой імідж моцнага лідэра, які кантралюе сытуацыю ў краіне, бо калі на памежжы беспарадкі, то ён мусіць паказаць сваю сілу. Зь іншага боку, мне падаецца, што ёсьць больш тонкая гульня: спроба накінуць на ўсе магчымыя сацыяльна-эканамічныя пратэсты, якія ў Беларусі кропакава пачынаюць узгарацца, адценьне апазыцыйна-палітычнага праекту. Адпаведна, гэта можа адштурхнуць людзей ад удзелу ў такіх акцыях. Плошча 19 сьнежня стала фактарам застрашэньня людзей: яны баяцца ўдзельнічаць у акцыях з выразным палітычным адценьнем, але да нядаўняй пары спантанныя акцыі непалітычнага кшталту не спараджалі ў людзей адчуваньня, што гэта можа мець нэгатыўныя наступствы: маўляў, гэта ж не палітыка, мы патрабуем заробкаў, раней абяцаных эканамічных прэфэрэнцыяў. Такім чынам Лукашэнка спрабуе суцішыць накал гэтых сацыяльна-эканамічных пратэстаў.

Дракахруст: Якое ўражаньне на гарадзенцаў зрабілі паводзіны ў гэтай сытуацыі старшыні аблвыканкаму Сямёна Шапіры? Паехаў размаўляць, потым ужыў сілу, потым запрасіў прадпрымальнікаў на размову, на якой тлумачыў свае дзеяньні. Ці не з'явіўся ў Беларусі новы палітык?

Хільмановіч: У грамадзтве і сярод гандляроў дамінуе скепсіс, і я бачу па тварах гжтых людзей, ён яшчэ павялічыўся пасьля гэтай сустрэчы. Але ровень салідарнасьці сярод гэтай сацыяльнай групы досыць нізкі, і мяне больш за ўсё зьдзівіла, што цягам сустрэчы практычна ніхто з памежных прадпрымальнікаў не задаў пытаньня: што ж здарылася зь іхнымі калегамі па няшчасьці, якіх арыштавалі напярэдадні? І таму тут варта прагназаваць у бліжэйшы час нейкія палёгкі для перасячэньня мяжы, што абмежаваньні будуць зьменшаныя, і ўлада паспрабуе задаволіць нейкія патрэбы гэтай сацыяльнай групы. Я думаю, мясцовыя ўлады будуць зьвяртацца да цэнтру, каб нейкім чынам гэтую сытуацыю лібэралізаваць.

Дракахруст: "Стоп-бэнзін" у Менску, блякаваньне памежнага пераходу "Брузгі" – ці будзе працягвацца гэты ланцужок народных пратэстаў? Ці захады, якія робіць улада – спалучэньне бізуноў і пернікаў, здольныя зьбіць гэтую хвалю?

Хільмановіч: Я мяркую, што больш размахваецца бізуном, і я думаю, што разьлік уладаў на той досьвед, калі яны здолелі здушыць пратэст прадпрымальнікаў у Гародні яшчэ ў 2004 годзе, калі быў пасаджаны за краты лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі, Аляксандар Васільлеў, і тады ўдалося зьбіць хвалю пратэстаў мясцовых прадпрымальнікаў. Я думаю, што ўлады імкнуцца паўтарыць той сцэнар.
Як толькі ў гэтых пратэстоўцаў зьявяцца лідэры, рэакцыя на іх будзе вельмі жорсткай

Чавусаў: Усе гэтыя выпадкі, якія атрымліваюць шырокі розгалас, дзяржаўная прапаганда будзе спрабаваць скарыстаць на сваю карысьць для тлумачэньня сваёй правальнай палітыкі. Я думаю, што ў хуткім часе мы сустрэнем у дзяржаўных газэтах артыкулы пра тое, якія страты Беларусь нясе ад несанкцыянаванага памежнага гандлю, які на самрэч ёсьць дробязьзю ў маштабах агульнанацыянальнай гаспадаркі.

Што да дзяржаўнай палітыкі ў дачыненьні да гэтых спантанных акцыяў пратэсту, яна будзе больш вытанчанай. Я гэта бачу ня толькі з выпадкаў у Брузгах, але і з тых выпадкаў, якія фіксуюцца ў Менску, у рэгіёнах. Улады не настроеныя на дадзены момант на грубае здушэньне, на крывавую нядзелю, на гвалтоўнае зьбіцьцё страйкоўцаў. Хутчэй, ідзе ўзмацненьне ідэалягічнай вэртыкалі, накачка ідэолягаў прапагандысцкімі матэрыяламі, а ў пэўных выпадках функцыі ідэолягаў пачынаюць выконваць больш спрактыкаваныя спэцслужбы.

І, хутчэй, улады вычэкваюць. Як толькі ў гэтых пратэстоўцаў зьявяцца лідэры накшталт тых кіраўнікоў страйкамаў, якія фармаваліся ў Беларусі на пачатку 90-ых, падчас тых страйкаў, рэакцыя на іх будзе вельмі жорсткай, параўнальнай з рэакцыяй на палітычных пратэстоўцаў. Зараз улады рыхтуюцца да гэтых будучых лідэраў пратэстаў, якія, несумненна, зьявяцца па меры пагаршэньня эканамічнай сытуацыі, паколькі трэба нейкі час, каб гэтая сытуацыя паўплывала на настроі людзей.

Зараз пакуль мы толькі ўступілі ў паласу зьбядненьня, у людзей яшчэ ёсьць накапленьні, ёсьць адчуваньне, што, магчыма, усё выправіцца, а калі да восені гэта дацягнецца, то зьявяцца гэтыя лідэры. І ўлады зараз лупяць па свабодных СМІ, па сацыяльных сетках, па тых сродках камунікацыі, якія будуць дазваляць людзям даведацца, што адбываецца насамрэч. У ідэале да восені ў Беларусі з пункту гледжаньня ўлады павінна быць сыстэма, якая была ва Ўзбэкістане ў часе падзеяў у Андыжане. Калі выбухне нейкі рэгіён, трэба забясьпечыць татальную інфармацыйную ізаляцыю таго, што там адбываецца.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG