Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: суд супраць гарвыканкаму за забарону мітынгу перанесены


Сёньня ў Цэнтральным судзе Гомеля распачаўся разгляд пазову кіраўніка абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімера Сякеркі да гарвыканкаму на забарону мітынгу 1 траўня, у Дзень міжнароднай салідарнасьці працоўных.

Спадар Сякерка патрабуе адмены рашэньня, якое парушае ягонае канстытуцыйнае права на свабоду мірных сходаў.

Судзьдзя Сяргей Шыцікаў, які разглядае пазоў, запатрабаваў у прадстаўніцы гарвыканкаму Паліны Лабанавай дакумэнты на правядзеньне працаў на пляцоўцы ля Палаца культуры глухіх «Віпра», дзе плянаваўся мітынг. Аднак ніякіх папераў гарвыканкамаўская прадстаўніца ня мела, і суд перанесьлі на 23 чэрвеня.

Гомельскі гарвыканкам ужо сем гадоў запар не дазваляе грамадзкім актывістам праводзіць ніякія масавыя мерапрыемствы. За гэты час адхілена звыш 100 заяваў на мітынгі й пікеты. У бальшыні адмоваў гарвыканкам спасылаўся на тое, што заяўнікі не заключалі зь міліцыяй, мэдустановай і спэцаўтапрадпрыемствам «Гарсап» дамовы на абслугоўваньне мітынгаў і пікетаў.

Гэтым разам абласная арганізацыя «Справядлівы сьвет» такія дамовы заключыла, пагадзіўшыся заплаціць у гарадзкі бюджэт 1 мільён 82 тысячы рублёў. Гарвыканкам першапачаткова дазволіў мітынг. Аднак праз тры дні пасьля дазволу даў задні ход: новым рашэньнем № 490 ад 28 красавіка адмяніў ранейшы дазвол. Спаслаўся выканкам на філіял «Гомельскія цеплавыя сеткі» РУП «Гомельэнэрга», які нібыта правярае на пляцоўцы ля ДК глухіх, як сказана ў рашэньні, «фактычны стан мэталу труб цепламагістралі на падставе вынікаў прыборнай дыягностыкі». Цепласеткі за два дні да мітынгу раскапалі невялікі ўчастак труб у куце пляцоўкі, абгарадзілі яго драўлянымі шчытамі — і сышлі на чатырохдзённыя выходныя.

Уладзімер Сякерка лічыць, што ўлады проста спалохаліся сустрэчы апазыцыйных актывістаў з гараджанамі, бо «ў людзей набралася багата эканамічных пытаньняў да дзейнай улады». Актывіст мяркуе прывесьці на наступнае паседжаньне суду сьведкаў, якія пацьвердзяць, што 1 траўня на пляцоўцы ніякія працы не вяліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG