Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадпрымальнікі абураюцца, а што рабіць — ня ведаюць


Зачыненыя ралеты на «Цэнтральным» кірмашы ў Віцебску.

Зачыненыя ралеты на «Цэнтральным» кірмашы ў Віцебску.

Стыхійныя пратэсты на памежных пераходах «Брузгі» і «Варшаўскі мост» прыцягнулі да сябе вялікую грамадзкую ўвагу ў Беларусі, асабліва ў асяродзьдзі дробных прадпрымальнікаў. Прыватныя гандляры на рынках кажуць, што таксама цярпяць ад абмежаваньняў і чыноўніцкіх забарон. Некаторыя дробныя бізнэсоўцы ўжо згарнулі свой бізнэс, іншыя на шляху да гэтага.

Сёньня ў гутарках з рэгіянальнымі карэспандэнтамі «Свабоды» прадпрымальнікі выказваліся наконт спробы пратэсту на памежных пераходах і выказвалі сваё стаўленьне да забаронаў на вываз за мяжу шмат якіх тавараў.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Нашы гандляры ў Расеі абураюцца, але ня ведаюць, што рабіць»

Паміж Віцебшчынай і расейскай Смаленшчынай мяжы практычна няма — тут адзіная мытная прастора. Таму, здавалася б, абмежаваньні на вываз тавараў і прадуктаў харчаваньня дзейнічаць не павінны. Аднак у мінулыя выходныя ў жыхароў Воршы, якія павезьлі ў Смаленск прадаваць трускалкі, нечакана паўсталі праблемы.

Пра складаную для беларусаў сытуацыю на кірмашы ў Смаленску распавядае жонка гандляра, спадарыня Ірына:

«Не пусьцілі! Не дазваляюць прадаваць — там АМАП быў, канкрэтна гналі. У нас было 20 пяцілітровых вядзёрак трускалак, на мікрааўтобусе прывезьлі, усё было аплочана… Дык ён знайшоў расейскую цётку, якая за яго тыя трускалкі прадавала. А мы ж заўсёды ягады туды вазілі, а цяпер што будзе — проста ня ведаю. У іх усё непрадказальна».
Стаялі амапаўцы, паліцыя, дырэктар сказаў, што яго з працы звольняць, калі ён беларусаў пусьціць.

У такую самую сытуацыю трапіў і спадар Ігар — зь беларускімі гуркамі:

«Не пусьцілі нават на кірмаш заехаць. Стаялі амапаўцы, паліцыя, дырэктар сказаў, што яго з працы звольняць, калі ён беларусаў пусьціць… Так што на нейкім высокім узроўні загад быў. Прывезьлі гуркі, памідоры — і нікога не пусьцілі. Кажуць, зьвязана з указам пра нявываз прадуктаў зь Беларусі. Або паказвай расейскі пашпарт, або ня пусьцяць на тэрыторыю кірмашу».

Каб беларусу гандляваць на кірмашы ў Расеі, дастаткова заплаціць аднадзённы падатак. Раней праблемаў з гандлем не было: на продаж вазілі трускалкі, чарніцы, парэчкі, розную гародніну. А таксама кілбасу ды мясныя кансэрвы — але гэта ўжо неафіцыйна: гандляры ўладкоўваліся не на кірмашы, а пад плотам, рызыкуючы трапіць пад «разгон» расейскай паліцыі…

У сувязі з валютным крызісам прадаваць нешта ў Расеі стала нявыгадна: жыхары ўсходняга замежжа часьцей прыяжджаюць на закупы ў Беларусь. Таму ў дужа складаным становішчы апынуліся тутэйшыя прадпрымальнікі, якія езьдзілі ў Расею па тавар.

На «Смаленскім» рынку ў Віцебску шмат вольных месцаў, кірмаш «Цэнтральны» — пусты.

На кожным віцебскім кірмашы зьявілася шмат вольных гандлёвых месцаў, кажа былы палітвязень, лідэр прадпрымальніцкага руху Сяргей Парсюкевіч:

«Вось на Смаленскім кірмашы, асабліва дзе адкрытыя месцы — там увогуле засада! Хтосьці ж некалі выкупіў тыя месцы, спадзяваўся, што будзе зарабляць… А там у выходныя людзі толькі ёсьць, а ў будзённыя дні — увогуле нікога. Але ж якая арэндная плата, якія падаткі! Людзі, хто яшчэ гандлюе, зарабляюць толькі на арэнду, падаткі ды сьціпла паесьці, і ўсё!».

Кірмаш «Цэнтральны», дабудаваны толькі сёлета, увогуле стаіць практычна пусты. Там меркавалася гандляваць у асноўным будматэрыяламі, але грошай няма ні ў кога: ні ў пакупнікоў, каб нешта набыць, ні ў гандляроў, каб закупіць новы тавар. Падобная сытуацыя і ў гандлёвых цэнтрах «Беларусь» і «Эўропа» — ралеты замкнёныя, пакупнікоў амаль што няма.

Ці гатовыя віцебскія гандляры да нейкага актыўнага пратэсту супраць цяперашніх умоваў гандлю дый увогуле існаваньня? Пакуль што не зразумела, кажа Сяргей Парсюкевіч:

«Усе абураюцца: „Ня ведаем, што рабіць, як працаваць…“. Але ў нас народ такі — будзе нешта выдумляць, выкручвацца да апошняга. Але каб знайшоўся нехта, каб арганізаваць — мажліва, людзі і былі б гатовыя да чагосьці, да канкрэтных дзеяньняў».

Гандлёвы цэнтар «Беларусь» — ні прадаўцоў, ні пакупнікоў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У прадпрымальнікаў няма лідэраў

У Гомелі эканамічнага крызысу ня вытрымалі дзесяткі індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць у гандлёвых цэнтрах, на рынках, арандуюць гандлёвыя плошчы ў дзяржаўных крамах. Хтосьці з пачаткам чэрвеня пайшоў у адпачынак, іншыя паглядаюць у бок Расеі, каб там наладзіць свой бізнэс.

Гаворыць прадпрымальнік Антон, які гандлюе на Цэнтральным рынку Гомеля:

«Цяжэй стала, зачыняюцца многія. Я ўжо адну кропку закрыў. Упаў пакупніцкі попыт, няма валюты. Тавар падаражэў, бо валюта падаражэла, а заробкі ў людзей засталіся, па сутнасьці, на месцы. Ня ведаю, я ўжо думаю, што, можа, лепей паехаць у Расею й там працаваць».
Лічу, што ў гэтай краіне пратэстамі ўжо нічога дамагчыся немагчыма. Трэба карэнным чынам мяняць палітыку.

Бізнэсовец падтрымлівае гарадзенскіх і берасьцейскіх прадпрымальнікаў, якія выйшлі пратэставаць на памежныя пераходы «Брузгі» і «Варшаўскі мост»:

«Пратэсты ва ўсім сьвеце бываюць з-за крайнасьці. Людзі выходзяць, я думаю, з-за крайнасьці на гэтыя пратэсты. Калі б была стабільная сытуацыя, яны б ні за што ня выйшлі».

Прадпрымальнік Дзьмітры, які гандлюе абуткам, мяркуе, што пратэсты бязь зьмены ў краіне палітычнай і эканамічнай сытуацыі ня будуць мець посьпеху:

«Важны канчатковы вынік. Вырашылася што-кольвечы пасьля таго, як яны выйшлі? Іх пачулі? Штосьці прынялі, зьмянілі, пастанавілі? Лічу, што ў гэтай краіне пратэстамі нічога дамагчыся немагчыма. Трэба карэнным чынам мяняць палітыку ў дзяржаве й эканоміку. З часоў Савецкага Саюзу ў нашай краіне нічога не зьмянілася».

Некаторыя прадпрымальнікі лічаць за лепшае ня столькі пратэставаць, колькі пачакаць зьменаў да лепшага. Іншыя інэртнасьць зьвязваюць з адсутнасьцю лідэраў, якія, па ўсім відаць, у гарадзенцаў і берасьцейцаў былі.

Гаворыць прадпрымальніца Сьвятлана: «Малайцы, малайцы! Гэта ўжо сапраўды людзей дапяклі. А што рабіць? Дзяржаве можна цэны падняць на бэнзін, на крупы, на цукар. А людзям як жыць? Нас, людзей, заўсёды штурхаюць на крайнасьць. Калі чалавека заганяюць у кут, ён шукае зь яго выйсьце».

Спадарыня кажа, што ў гомельскіх прадпрымальнікаў няма лідэраў дзеля падобных акцыяў пратэсту:

«Народ пайшоў бы, але ў гомельскіх прадпрымальнікаў няма лідэра. Лідэра няма, за якім народ пайшоў бы. Таму што баяцца: сёньня я лідэр, а заўтра буду сядзець у турме. Такая вось песьня».

Сяргей Балыкін
Незалежны эканаміст Сяргей Балыкін, камэнтуючы сёньняшнюю сытуацыю для «Свабоды», адзначае:

«На жаль, дзяржава выбрала найгоршы сцэнар і фактычна адступіла на 20 гадоў ці нават больш назад, калі існавалі карткі, талёны, візыткі й усялякія іншыя абмежаваньні на прадукты і рэчы. Але ж цяпер іншыя асаблівасьці: ні Польшча, ні Літва і нават Украіна — не асноўныя кірункі беларускіх тавараў. Асноўны спажывец — Расея. Таму нельга беларускаму ўраду змагацца з дробнымі „чаўнакамі“ і прадпрымальнікамі. Гэта тое самае, што страляць па вераб’ях з гарматы».

Лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка таксама зьвяртае ўвагу на нэгатыўную ролю ціску беларускай улады на прадпрымальнікаў. Ён кажа пра паўсюднае скарачэньне працоўных месцаў на рынках краіны:

«На сёньня прадпрымальнікі скарачаюць колькасьць сваіх працоўных месцаў — калі ў аднаго было 5 ці 6 гандлёвых месцаў, то ён іх скарачае ўдвая. Таксама няма ў прадпрымальнікаў заробкаў, бо грошы зьядаюць падаткі і выплаты арэнды. Вобразна кажучы, прадпрымальнікі цяпер праядаюць тое, што было зароблена раней».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG