Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы Савецкі Саюз?


Расея "майструе" новы Мытны саюз і ператварае газаправод "Паўночны паток" у інструмэнт для аказаньня ціску на сваіх суседзяў, піша пастаянны аўтар газэты Die Welt Герхард Гнаўк.

На Ўсходзе Эўропы не за гарамі падзея, якая можа ўвайсьці ў падручнікі гісторыі. Гаворка ідзе пра Мытны саюз, у які разам з Расеяй павінны будуць увайсьці Ўкраіна, Казахстан і Беларусь. "У новы саюз могуць увайсьці дзьве траціны насельніцтва старой савецкай імпэрыі. Гутаркі вядуцца і аб новых узроўнях супрацоўніцтва", -- працягвае аўтар, задаючыся пытаньнем: ці не ператворыцца новае міждзяржаўнае ўтварэньне ў стары добры Савецкі Саюз?

Два "лёгкаатлеты" -- Беларусь і Казахстан -- ужо сказалі сваё "так": зь мінулага году некаторыя ўнутраныя перашкоды адпалі, а мытныя пошліны былі выраўнаваныя да расейскага ўзроўню. "Пакуль што не сьпяшаецца з рашэньнем толькі Ўкраіна, якая выступае ў «цяжкой вазе», пры быццам бы арыентаваным на Маскву прэзыдэнце Януковічу Кіеў робіць стаўкі на інтэграцыю з Эўропай. Украіна цяпер вядзе перамовы з Брусэлем пра пагадненьне аб свабодным гандлі і ўступленьні ў СГА".

Уладзімеру Пуціну вядома, якія робяцца стаўкі, працягвае аглядальнік. Зь яго ўласных словаў, Мытны саюз зможа прынцыпова зьмяніць геапалітычныя абрысы ўсёй эўразійскай прасторы. Кіраўнік расейскага ўраду аддае перавагу дзеяньню: у Кіеве ён прадставіў зьвесткі, якія павінны сьведчыць аб тым, што рост эканомікі Ўкраіны складзе 2 працэнтныя пункты, калі Кіеў увойдзе ў Мытны саюз. "Але няма перніка бяз пугі: калі Ўкраіна працягне супраціўляцца, Расея ўздыме мытныя пошліны", -- дадае аўтар.

Ціск на Кіеў расьце не па днях, а па гадзінах. Яго апагеем сталі шчыраваньні кіраўніка рады дырэктараў расейскага газавага манапаліста "Газпром", які заявіў у Брусэлі пра тое, што ў "Паўночны паток" плянуецца перакінуць з украінскага кірунку да 20 млрд кубамэтраў газу ў год. Гэта пазбавіць Украіну як транзытэра пятай часткі транзытных пошлін у памеры сотняў мільёнаў даляраў. Час выбраны невыпадкова: цяпер Кіеў вядзе перамовы з Масквой аб зьніжэньні цэнаў на газ. "Зьніжэньне коштаў у адказ на згоду" -- такі пасыл Масквы.

Са словаў экс-міністра замежных спраў ФРГ Ёшкі Фішара, гаворка ў гэтым выпадку ідзе не пра газ, а пра доступ Расеі да стратэгічна важнай украінскай і беларускай інфраструктуры, а гэта ўжо непасрэдная блізкасьць да ЭЗ.

У інтарэсах ЭЗ стабілізаваць сытуацыю ў суседніх дзяржавах (гаворка ў артыкуле ідзе пра Беларусь, Украіну і Малдову), іншымі словамі -- спрыяць разьвіцьцю дэмакратыі і рынкавай эканомікі. "Толькі на фоне беднасьці і нестабільнасьці былых васалаў Масквы пуцінская "кіраваная дэмакратыя" ўяўляецца сілай, здольнай навесьці парадак. Іх эканамічная бездапаможнасьць можа прывесьці і да таго, што яны аддадуць стратэгічна важныя часткі кампаніяў расейскім алігархам або спруту ў абліччы манапаліста "Газпрома".

ЭЗ, заўважае на прыканцы аўтар, не павінен заставацца ў баку: у адрозьненьне ад Лівіі краіны Ўсходняй Эўропы зьяўляюцца патэнцыйнымі кандыдатамі на ўступленьне, і ставіцца да іх трэба адпаведным чынам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG