Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як успрынялі ўведзеныя ўрадам абмежаваньні для фізычных асобаў на вываз за межы Мытнага саюзу некаторых відаў тавараў і харчовых прадуктаў тыя вытворцы, прадукцыя якіх падпала пад забароны? Прадстаўнікі прадпрыемстваў сьцьвярджаюць, што на іхнай працы гэта не адаб'ецца.

У сьпісе забароненай да вывазу далей за Мытны саюз, у дадзеным выпадку — за межы Расеі і Казахстану, — лядоўні менскага заводу "Атлант", газавыя пліты "Гефэст" берасьцейскага "Брэстгазаапарату", пральныя парашкі баранавіцкага "Бархіму", будматэрыялы цэмэнтных заводаў, крупы, макарона. Шэраг прадуктаў пры перавышэньні нормы вывазу абкладаюцца спэцыяльным зборам у памеры іх падвойнага кошту: тычыцца гэта сьвініны і птушынага мяса, цукру, мукі, сыроў, тытуню.

Такім чынам, тлумачаць дзяржаўныя экспэрты, пастаўленая задача не дапусьціць зьяўленьня дэфіцыту: маўляў, спрабуючы зарабіць, беларусы вывезуць за межы краіны ўсе сацыяльна значныя харчы ды іншыя тавары. І гэта пры тым, што эканамічная лёгіка якраз скіраваная на іншае: прадаваць як мага больш, зарабляючы грошы для прадпрыемстваў.

Аднак, як кажа начальнік вытворчага аддзелу заводу "Атлант" Аляксандар Маротка, бальшыня прадпрыемстваў у рамках плянавай эканомікі ня могуць вырабляць больш, нават моцна "натужыўшыся":

"Уся наша лёгіка ў тым, што ў нас усе мерапрыемствы, падзеі строга плянуецца загадзя на бягучы пэрыяд часу — на год, на квартал, на месяц. І пляны нашы выконваюцца на 100%. Больш, чым мы сёньня вырабляем адначасова — узяць, натужыцца і вырабіць — мы ня можам. І так многія ўчасткі працуюць у тры зьмены: завод халадзільнікаў выпускае 5000 адзінак тавару ў суткі, а завод пральных машынаў — 1100. Таму ў нас усё прадаецца раўнамернымі долямі ў Расею, ва Ўкраіну, у дзяржавы рэгіёну Казахстану і г.д. Вядома, хацелася б сёньня вырабіць у два разы больш, паставіць ва Ўкраіну ці Расею, зарабіць валюту. Але мы вырабляем, колькі вырабляем. Нават кожны дзень, з улікам сьпёкі і працы абсталяваньня, штосьці павялічыць на 50 ці 100 халадзільнікаў ці маразільнікаў — праблематычна".

Прадукцыя бальшыні беларускіх прадпрыемстваў ня можа канкураваць з усясьветна вядомымі маркамі, таму за межамі краіны папросту неканкурэнтаздольная. Як кажуць некаторыя прадпрымальнікі, пакуль на вываз азначанай прадукцыі не ўвялі абмежаваньні, людзі памалу прадавалі лядоўні, пральныя машыны, мікрахвалевыя печы ў той жа Польшчы. Дзякуючы дэмпінгу ўдавалася схіляць палякаў да беларускай прадукцыі, аднак пасьля нядаўняга падаражэньня ў выніку дэвальвацыі цэны на яе і на імпартныя аналягі зноўку зблізіліся.

Памочнік дырэктара заводу "Брэстгазаапарат" Сяргей Целяпушкін кажа, што эканамічныя інтарэсы прадпрыемства не пацярпяць ад забароны на вываз газавых плітаў фізычнымі асобамі. Па яго словах, праз дылераў наладжаны ўстойлівы збыт прадукцыі ў Расеі ды ва Ўкраіне, таму адзінкавыя спробы продажу тэхнікі ў тую ж Польшчу на сытуацыі не адаб'юцца:

"У нас зусім іншая сыстэма продажу плітаў. Існуе дылерская сетка, зь імі заключаныя кантракты, і мы адгружаем прадукцыю наўпрост сваім дылерам. Да таго ж у нас асноўны пакупнік — гэта расейцы, 70% нашай прадукцыі ідзе на Расею. А на Мытны саюз дадзенае абмежаваньне не распаўсюджваецца. Таму ніякіх новых умоваў мы не заўважаем. Бо тычацца абмежавальныя захады Польшчы, Літвы, Латвіі, а таксама Ўкраіны. Ва Ўкраіне ў нас таксама ёсьць дылерская сетка, таму абсалютна ніякіх наступстваў. Мы нават пад ажыятаж дадатковых магутнасьцяў не задзейнічалі: у нас плянавая вытворчасьць, дэфіцыту на рынку няма. Мы маем працэнтныя адгрузкі на Беларусь і на астатнія краіны СНД, іх выконваем, і ніякіх пытаньняў няма".

Абмежаваны вываз за межы Беларусі і прадукцыі аграрнага сэктару — макароны, крупаў, мясных кансэрваў і г.д. І гэта пры тым, што кіраўніцтва краіны ўвесь час заяўляе пра неабходнасьць прадуктовай экспансіі.

Але ў той час як дзяржаўныя прадпрыемствы так і не навучыліся прадаваць сваю прадукцыю далей за Расею, добраахвотнымі каміваяжорамі сталі самі беларусы. Эканаміст Уладзімер Кулажанка кажа, што татальны кантроль дзяржавы зусім не спрыяе пашырэньню геаграфіі беларускай прысутнасьці ў сьвеце:

Уладзімер Кулажанка
"Прыкладам, сельская гаспадарка без аграрнай рэформы ніякіх радыкальных зрухаў ня зробіць. Глядзіце, што выходзіць. Дзесьці 52 трыльёны рублёў ужо зьела гэтая калгасна-саўгасная сыстэма. Праўда, афіцыйныя ўлады прызнаюць лічбу крыху меншую, толькі 32 мільярды рублёў. Але ўсё роўна гэта страшэнная лічба, вялізная сума стратаў. І так па ўсіх галінах, нават глыбока і капаць ня трэба. Таму ад дзяржаўных прадпрыемстваў зь іхняй па-ранейшаму савецкай псыхалёгіяй нічога чакаць ня варта".

Па словах відавочцаў, пасьля ўводу абмежаваньняў чэргі на памежных пераходах практычна зьніклі. Адпаведна, звыклых спосабаў заробку пазбаўленыя тысячы грамадзянаў Беларусі, якія дагэтуль выжывалі тым, што вазілі ў памежныя раёны прамысловы неліквід ці недарагія прадукты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG