Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На памежным пераходзе "Варшаўскі мост" сёньня адначасова з памежнікамі і мытнікамі працуюць узмоцненыя пасты супрацоўнікаў міліцыі і КДБ. Чэргаў на выезд у Польшчу практычна няма. Тыя жыхары з памежных рэгіёнаў, якія зараблялі на штодзённым вывазе аўтамабільнага паліва, ня могуць выехаць за мяжу без аплаты мыта на паліва, калі не мінула яшчэ 5 дзён пасьля папярэдняй паездкі. Пра гэта "Свабодзе" паведаміў адказны прадстаўнік прэс-службы Берасьцейскай мытні.

Зь ягоных словаў, акцыя пратэсту ўвечары 13 чэрвеня супраць новых правілаў вывазу зь Беларусі за межы Мытнага саюзу дызэльнага паліва і шэрагу іншых тавараў прымусіла кіраўніцтва мытні складаць пісьмовыя прапановы па прадухіленьні магчымых далейшых пратэстаў.

"Сёньня-заўтра такі дакумэнт абавязкова будзе складзены і накіраваны ў Берасьцейскі аблвыканкам", — сказаў прадстаўнік прэс-службы Берасьцейскай мытні.

Нешматлюдна ў аўторак і на памежным пераходзе "Брузгі" на мяжы з Польшчай. Суразмоўца "Свабоды" ўдакладніў, што тут сёньня практычна няма так званых "чаўнакоў", якія вывозілі раней зь Беларусі аўтамабільнае паліва й дробныя тавары: гарэлку, цыгарэты, макарону й крупы.

"Большасьць гэтых людзей мусяць падпарадкавацца абмежаваньням на вываз фізычнымі асобамі паліва й рабіць гэта не часьцей, чым адзін раз на працягу пяці сутак".

З 11 чэрвеня ў Беларусі дзейнічаюць абмежаваньні на вываз фізычнымі асобамі аўтамабільнага паліва. З 12 чэрвеня ўведзены адмысловы збор на вываз асобных тавараў за межы Мытнага саюзу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG