Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Бясьпекі ААН працягвае дэбаты па Сырыі


Рада Бясьпекі ААН па-ранейшаму ня можа прыйсьці да згоды ў пытаньні праекту рэзалюцыі, якая асуджае сырыйскі рэжым за жорсткае здушэньне антыўрадавых пратэстоўцаў.

Галоўнымі апанэнтамі застаюцца Расея і Кітай, чые амбасадары не зьявіліся на паседжаньне Рады ў суботу. Праект рэзалюцыі, пададзены Вялікай Брытаніяй, Францыяй, Нямеччынай і Партугаліяй, не прадугледжвае санкцыяў, але асуджае Дамаск за крывавыя рэпрэсіі.

Амбасадар Расеі пры ААН Віталій Чуркін раней патлумачыў пазыцыю Масквы асьцярогамі, што любая рэазалюцыя ААН можа надаць "беспадстаўныя спадзяваньні" на міжнародную дапамогу тым сілам у Сырыі, якія імкнуцца да зьвяржэньня рэжыму Башара Асада.

Тым часам на поўначы Сырыі сілы бясьпекі затрымалі сотні жыхароў у населеных пунктах паблізу места Джыср-эш-Шугур. У нядзелю армія правяла апэрацыю для аднаўленьня кантролю над гэтым горадам, які на мінулым тыдні знаходзіўся ў руках антыўрадавых сілаў.

Праваабаронцы паведамляюць, што з зоны ваенных дзеяньняў у суседнюю Турцыю ўжо ўцяклі блізка 7 тысяч людзей.
XS
SM
MD
LG