Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія прадпрымальнікі пра выступ Сямёна Шапіры


Сямён Шапіра на сустрэчы з прадпрымальнікамі.

Сямён Шапіра на сустрэчы з прадпрымальнікамі.

Затрыманых на КПП «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы сёньня судзілі ў памяшканьні Кастрычніцкага РАУС Горадні. Давалі штрафы па 70–75 базавых адзінак. Пры РАУС існуе адзіны ў горадзе ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе і знаходзіліся затрыманыя. На сходзе ў аблвыканкаме кіраўнік вобласьці Сямён Шапіра асудзіў іхнія дзеяньні, сказаўшы, што затрыманых было чатырнаццаць чалавек.

На сходзе старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра тлумачыў сабраным прадпрымальнікам патрэбу абмежаваць вываз бэнзіну тым, што яго вытворчасьць у краіне нібыта стратная. Ён папярэдзіў: «Я вам на пачатку размовы сказаў, што сёньня да мяне даходзіць інфармацыя, што на нейкім пагранпераходзе таксама будуць выказваць непадпарадкаваньне. Я ясна сказаў: калі будзе перакрыты рух, я сказаў, — ні за кога не хаваюся, ніякіх кансультацый і перагавораў, ніякіх выклікаў губэрнатара: тут жа АМАП — і навесьці парадак!».

А што гаварылі гарадзенскія прадпрымальнікі, якія ўдзельнічалі ў пратэсьце на пагранпераходзе «Брузгі» і якія прыйшлі на сустрэчу ў аблвыканкам?

— Хочуць зусім узлаваць людзей, забраць у іх сродкі да існаваньня.

— Учора заяўляе там, што кучка людзей нажываецца на гэтай справе, астатнія гаруюць. Я б хацеў сказаць, што кучка людзей, якая каля іх круціцца, — яна нажываецца. А гэтыя людзі — выжываюць. А рабочых нашых увогуле да ўзроўню жывёлы апусьцілі, па сто даляраў заробкі. Гэта ганьба нашага ўраду і дзяржавы!

— Я б хацеў запытаць у Шапіры: што яны робяць, як прэзыдэнт іх схіляе ў розныя бакі — і туды, і сюды, а яны маўчаць, апусьціўшы галовы, і пішуць у сваіх сшытках? Мы жывем у Беларусі, чаму ў нас бяруць у эўра і далярах, а не ў рублях — тую ж страхоўку?

— Людзі ў шоку! Мытня ня можа вымераць колькасьць паліва ў баку, яны прапануюць напісаць добраахвотна адмову ад паездкі за мяжу. У іх няма прыстасаваньня — чым замераць.

— Палякі, якія змагаюцца за свой рынак, за суткі дазваляюць везьці поўны бак і дзесяць літраў. Незразумела: якая тут абарона рынку?!
XS
SM
MD
LG