Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Размаўляць зь Менскам трэба ягонай жа мовай: ультыматумам і шантажом"


Умовы крэдытаваньня Беларусі з боку Расеі робяцца больш жорсткімі. Сярод патрабаваньняў — ня толькі абавязковае рэфармаваньне эканомікі і разьдзяржаўленьне прадпрыемстваў, але і захоўваньне правоў чалавека, доступ да свабоднай інфармацыі і г.д. Ці варта разьлічваць на зьнешнія пазыкі, ня робячы крокаў у напрамку дэмакратызацыі?

Расейскае агенцтва "РИА Новости" са спасылкай на ананімную крыніцу ў апараце Крамля паведаміла: атрыманьне сёлета Беларусьсю крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у памеры 1 мільярд 240 мільёнаў даляраў будзе ўвязанае з магчымасьцю нармальнай працы ў Беларусі расейскіх СМІ. Пасьля загаду Аляксандра Лукашэнкі "разабрацца з журналістамі", якія нібыта вінаватыя ў валютным і спажывецкім ажыятажы, прадстаўнікі расейскіх мэдыяў адчуваюць на сабе ўсё большую ўвагу з боку спэцслужбаў.

Сёньня кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей падобныя заявы назваў "абсалютным трызьненьнем", хоць пацьвердзіў: калі запатрабуецца, беларускі бок агалосіць канкрэтныя факты падрыхтоўкі расейскімі СМІ нэгатыўных матэрыялаў пра Беларусь "па ўказцы зьверху".

Віктар Ерафееў
Вядомы расейскі публіцыст і грамадзкі дзеяч Віктар Ерафееў, унесены беларускімі ўладамі ў "чорны сьпіс" непажаданых асобаў, перакананы: размаўляць з кіраўніцтвам Беларусі можна толькі ягонай жа мовай — ультыматумамі і шантажом. Цяпер жа, на думку спадара Ерафеева, галоўным павінна стаць патрабаваньне ня толькі забясьпечыць асноўныя свабоды, але і вызваліць палітвязьняў:

"Я лічу, што ўсе беларускія апазыцыянэры, увогуле ўсе людзі, якія былі абураныя бруднымі мэтадамі выбарнай кампаніі, яны найперш грамадзяне сваёй краіны, а не падсудныя. Я маю на ўвазе "падсудныя" з гледзішча дзяржаўнага трактаваньня, а не з пазыцыі права на законнае волевыяўленьне для любога чалавека ў свабоднай краіне. Таму мая пазыцыя абсалютна відавочная, тут нават няма асабліва пра што разважаць: усе палітзьняволеныя павінны быць выпушчаныя з турмаў. Як простыя ўдзельнікі акцыі, так і нібыта арганізатары беспарадкаў, тэрміны для якіх увогуле не паддаюцца ніякаму тлумачэньню. Проста прававое бязьмежжа".

Пад пытаньнем і анансаваная пры канцы мінулага тыдня значная пазыка ад уладальніка кампаніі "Уралкалій" Сулеймана Керымава. Расейскі алігарх спачатку пагадзіўся на мільярдны "аванс" у рамках супрацы зь "Беларускай калійнай кампаніяй" і з наступным прыцэлам на прыватызацыю актываў салігорскага "Беларуськалія". Аднак пасьля заяваў у пятніцу Аляксандра Лукашэнкі, які чарговым разам заявіў пра недапушчальнасьць "бандыцкага распродажу" дзяржаўнай маёмасьці, бізнэсовец узяў паўзу. Расейскія СМІ пры гэтым пішуць, што Керымаў, адмаўляючыся ад першачарговых плянаў, спаслаўся на "неадэкватнасьць ураду Беларусі".

У сёньняшнім прэс-рэлізе, да якога прапанавалі зьвярнуцца ў офісе "Ўралкалія", сказана: магчымасьць перадаплаты ў памеры 1 мільярд даляраў на карысьць "Беларуськалія" ў рамках сумеснага продажу калійных угнаеньняў разглядаецца, але гарантыі зьдзелкі няма.

Віктар Цярэшчанка
Эканаміст Віктар Цярэшчанка кажа, што і без таго ня самы высокі давер да кіраўніцтва Беларусі страчаны канчаткова. Па яго словах, улады расьпісаліся ў поўнай няздольнасьці стабілізаваць эканамічную сытуацыю, перадусім — на фінансавым рынку, які з-за адміністратыўнага ўмяшаньня Нацбанку спаралізаваны вось ужо тры месяцы. Укладаць жа сродкі ў эканоміку краіны, якая апынулася на мяжы дэфолту, ніводзін нармальны інвэстар ня будзе:

"Сёньня толькі Лукашэнка яшчэ можа спэкуляваць на тэме продажу калійнага камбінату, яшчэ чагосьці. Але насамрэч ніхто нічога не купляе, бо нікому не патрэбнае непрадбачанае разьвіцьцё падзеяў. Краіна рызыкі, вось які ў нас імідж. Я кажу з эмоцыямі, таму што зьмяніць сытуацыю яшчэ можна; я дзяржаве і сваю дапамогу прапаноўваў, паколькі сярод усіх кандыдатаў у прэзыдэнты быў адзіны вучоны-эканаміст. Я пастаянна гаварыў раней і займаюся гэтым цяпер: як выйсьці з крызісу, як стабілізаваць становішча. Яшчэ раз паўтару: яшчэ час ёсьць, але няшмат — месяц-паўтара. Мы ўжо маем дэфолт, іншымі словамі — банкруцтва па ўсіх напрамках".

Нават праўладныя экспэрты ўсё больш настойліва заклікаюць улады краіны перайсьці ад слоў да справы. Так, у эфіры Беларускага тэлебачаньня праўладны аналітык Георгій Грыц выказаў перакананьне: у выпадку атрыманьня зьнешніх пазыкаў неабходна накіраваць сродкі на структурныя рэформы, каб Нацыянальны банк урэшце мог выконваць свае статутныя задачы.

Але магчымасьць зьнешняга запазычаньня робіцца ўсё больш прывіднай. Так, кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду па Беларусі Крыс Джарвіс, атрымаўшы ўяўленьне пра бягучую эканамічную сытуацыю ў Беларусі, у размове з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам даў зразумець, што бакам яшчэ давядзецца прайсьці доўгі шлях, каб прыйсьці да агульнай пазыцыі. Беларускі ўрад папрасіў у МВФ крэдыт памерам 8 мільярдаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG