Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Забарону на вываз некаторых беларускіх тавараў за межы Мытнага саюзу, якая пачала дзейнічаць ад учорашняга дня, многія экспэрты ацэньваюць як антырынкавую. На іх думку, такія адміністратыўныя захады перадусім зьменшаць і без таго невялікі ў параўнаньні зь імпартам беларускі экспарт. А гэта прывядзе да яшчэ большага дэфіцыту плацёжнага балянсу і недахопу валюты.

У пералік тавараў, якія часова забараняецца вывозіць зь Беларусі, трапілі лядоўні і маразільнікі "Атлант", берасьцейскія газавыя пліты, сынтэтычныя мыйныя сродкі, крупы, макароны. На шэраг харчоў уводзіцца абмежаваньне колькасьці, якую дазваляецца вывозіць.

Адметна, што танныя беларускія тавары вывозяць найперш расейцы – праз празрыстую мяжу, якая не кантралюецца. Аднак урадавая пастанова якраз расейцам і не перашкаджае, бо Расея разам з Казахстанам і Беларусьсю ўваходзяць у мытную "тройку". Дык дзе ж тады лёгіка? — спрабую высьветліць у эканамістаў-экспэртаў.

Міхал Залескі
"А яе і сапраўды няма", — лічыць эканаміст Міхась Залескі:

"Гэта — чыста піяр-акцыя. Як той певень казаў: пракукарэкаў, а там няхай хоць і не расьсьвітае. Сказалі і сказалі — для бабулек, якія глядзяць тэлевізар. Ім і пакажуць: глядзіце, як мы клапоцімся пра ўнутраны рынак.

Паглядзіце на нашых суседзяў — тых жа літоўцаў. Там бяры што хочаш, хоць ты задушыся. Табе яшчэ і дысконтную картку дадуць, абы толькі вёз болей з гэтай Літвы. І тут пытаньне галоўнае — нам экспарт патрэбны ці не?".

Упершыню падобныя абмежаваньні ў Беларусі паспрабавалі ўвесьці яшчэ ў 1991 годзе, згадвае кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка. Тады і ўзьнікла фармулёўка пра абарону ўнутранага рынку, якой карыстаюцца і дагэтуль:

Леанід Заіка
"Абараняць унутраны рынак не патрэбна. Чаму? Таму што чым больш вывозяць зь Беларусі тавараў і паслуг, тым большы наш экспарт і тым больш мы зарабляем валюты.

Але Лукашэнка і ўрад падыходзяць да гэта па-сацыялістычнаму. Яны думаюць, што вывезуць усё зь Беларусі і паліцы крамаў стануць пустымі. А насельніцтва павінна адчуваць, што ўлады пра яго клапоцяцца. І таму паліцы павінны быць поўныя. Гэта спрацоўвае такая сялянская лёгіка "сельпо" — калі зь "сельпо" вывозяць тавары ў горад, дык гэта дрэнна".
Шчыра кажучы, я расчараваны ў Мясьніковічу.

Новыя забароны не паўплываюць і на магчымасьць вывозіць беларускія харчы ў краіны Эўразьвязу, кажа Міхась Залескі:

"Іх жа туды нельга ўвозіць. Вы не спрабавалі ўвозіць, напрыклад, беларускае сала ў Літву ці Польшчу? Вам гэтага не дадуць мясцовыя мытнікі. Сала, гуркі, іншыя харчы. Ніхто вам ня дасьць везьці ежу туды".

Ну, а крыніцай эканамічных праблемаў, якія нельга спыніць адміністратыўнымі захадамі, Леанід Заіка называе адсутнасьць выразнага курсу беларускага рубля:

"Рубель у нас ня мае, так бы мовіць, меры вартасьці. Рубель "прасеў". З-за гэтага і пайшлі ўсе беды. Шчыра кажучы, я расчараваны ў Мясьніковічу. Ён і усе астатнія ва ўрадзе павінны былі гэта прадбачыць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG