Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік Свабоды. Прадмова. Радыё


Новае стагодзьдзе яшчэ падлетак, але які! Ужо цяжка ўявіць, што яшчэ з тузін гадоў таму не было ні Facebook, ні ЖЖ, каб паслухаць музыку, да паясоў прымацоўвалі Walkmans, слова хакер ведалі толькі хакеры.

Нехта некалі, відаць, зробіць, тое што Свабода зрабіла ў 1999 годзе, калі сабрала ўсе самыя значныя словы стагодзьдзя і паспрабавала патлумачыць іх. Штодня ў эфіры гучала эсэ пра адно слова – год быў не высакосны, але набралася больш за 365 словаў – некаторыя словы гучалі двойчы ў розным выкананьні.

Часопіс “Архэ” надрукаваў усю гэтую гадавую праграму як асобны выпуск, а ў рэдакцыі мне сказалі, што гэта быў іх самы пасьпяховы наклад.

Прадмову да публікацыі напісаў Васіль Быкаў, аўтар, слухач і сябар Беларускай Свабоды. Сёлета мы падрыхтуем і выставім у Інтэрнэце ўсю праграму як PDF кнігу. А пакуль – некалькі словаў стагодзьдзя.

Аляксандар Лукашук

Прадмова

Васіль Быкаў

Відаць па ўсім, яшчэ на зары свайго існаваньня чалавецтва пазнала магічную сілу слова. Слова стала магутным сродкам у спрадвечнай барацьбе дабра і зла, праўды і маны. Менавіта словам-заклікам, словам-камандай перамагалі ў войнах і рэвалюцыях, асабліва калі людзі яшчэ не навучыліся дыфэрэнцыяваць таемны сэнс словаў, разьбірацца ў іхных часам звыродлівых камбінацыях. Калі расейскія бальшавікі абрынулі на галовы падданых імпэрыі ўзрушлівыя словы-лёзунгі (фабрыкі — рабочым, зямлю — сялянам, мір — народам), дык тыя так іх і зразумелі — у іх празрыстым канкрэтным сэнсе. І фатальным чынам былі ашуканыя.

Ашуканства тое паўтаралася безьліч разоў, і процістаяць яму магло толькі праўдзівае слова.

З пачаткам халоднай вайны камуністычнае кіраўніцтва „ўмацавала“ ўласнае слова татальнай хлусьнёй, да якой дадало жалеза дэспатыі, спарадзіўшы знакамітую жалезную заслону. Ды слова праўды праявіла дзівосную здольнасьць — яно рабілася няўлоўным і перасягала ўсялякія заслоны. Нарадзілася вялікая ідэя вольнага радыё, якая ў 1949 годзе набыла форму карпарацыі „Свабоднай Эўропы“. Менавіта радыё спрычынілася да разбурэньня ўсялякіх муроў-заслонаў, у тым ліку і жалезных. А таксама самай удасканаленай за стагодзьдзе маны, якой зьяўляецца камуністычная ідэя.

Дасягнуць таго, мабыць, было няпроста, але дужа важна. Уся Ўсходняя Эўропа гібела ў вязьніцы атрутнага дурману, які пасьля перамогі над нямецкім нацызмам памацнеў шматкроць. Разбураная вайной, распалавіненая Эўропа няшмат магла зрабіць, каб вызваліцца ад яго, затое шмат зрабіла Амэрыка. Штаты каторы раз засьведчылі перад чалавецтвам трывалую дэмакратычную прынцыповасьць, адданасьць ідэям свабоды. Эфэкт аказаўся вялікі, і злачынная мана рассыпалася. Не зважаючы на дасканалую сыстэму глушылак, на перасьлед за слуханьне, на тэрор да вольных перадатчыкаў і тамтэйшых журналістых, на шпіянаж у іх шэрагах. Зьняволеныя народы прагнулі праўды, і тая праўда зь дзівоснай рэгулярнасьцю мкнула праз Радыё „Свабода“. Беларусы разам з астатнімі народамі Ўсходняй Эўропы будуць заўсёды ўдзячныя гэтаму радыё. Цэлыя пакаленьні слухачоў шэраг гадоў мелі адзіную крыніцу незалежнай інфармацыі, аб’ектыўных ведаў менавіта праз радыё „Свабода — Свабодная Эўропа“.

Ня так даўно расейская служба „Свабоды“ трансьлявала перадачу з удзелам былога спэцыяліста па колішнім савецкім глушэньні. Там былі цікавыя прыклады зь ягонай практыкі, але нічога не ўпаміналася пра беларусаў. А між тым дагэтуль на нашай памяці цікавы выпадак зь Менску, калі двое прыяцеляў, вядома ж, добра паддаўшы з прычыны выходнага летняга дня, слухалі „Свабоду“. Мабыць, слухаць ім было ня надта зручна, бо адбывалася тое на вуліцы Казлова, дзе побач, на могілках ля касьцёла сьв. Роха няспынна гулі высачэзныя мачты трансьлятараў глушэньня. Тады двое захмялелых радыёаматараў, пэўна ж, абураныя нахабным парушэньнем іхных грамадзянскіх правоў, рушылі да недалёкай прахадной глушэльні. Яны лёгка скруцілі там соннага вахцёра, адабралі ў яго наган, але далей ня шмат пасьпелі — не хапіла часу і, відаць, радыёэрудыцыі, каб умела адключыць усю сыстэму глушэньня. Іх неўзабаве судзілі, і зноў пачулі яны голас „Свабоды“ няхутка.

А слухаць, між іншым, было што. Ня толькі Расейская, але і Беларуская служба „Свабоды“, не зважаючы на супраціўленьне ўсходнеэўрапейскіх рэжымаў, пашыралі абсяг свайго ахопу. Штодня ў пэўны час праз траскоцьце глушылак ішла інфармацыя пра шматлікія нягоды зьняволенага жыцьця, хроніка прыдушанай культуры, скрадзенай беларускай гісторыі. Голас Язэпа Барэйкі пераконваў беларусаў, што яны маюць годнае мінулае, Ларыса Верас штодня распавядала пра задушаныя ў Беларусі дэмакратычныя каштоўнасьці.

З пачаткам абвяшчэньня сурагатнай незалежнасьці рэспублікі праца Беларускай службы Радыё „Свабода“ яшчэ больш актывізавалася, у яе рэдакцыю прыйшло новае пакаленьне таленавітых і самаадданых беларускіх журналістых. Не цураючыся традыцыйных палітычных і культуралягічных тэмаў, яны галоўным зацікаўленьнем зрабілі балючую праблему незалежнасьці Беларусі ды растаптаных у краіне правоў чалавека. І тое было правільна, бо няма сёньня для нас больш важных, лёсавызначальных каштоўнасьцяў, чым названыя каштоўнасьці чалавечага і грамадзкага існаваньня. Тое выразна прызнае сусьветная супольнасьць, краіны якой прыязна дапамагаюць радыёстанцыі ў ажыцьцяўленьні яе пачэснай місіі. Толькі аўтарытарныя рэжымы, сярод якіх і Беларусь, адмаўляюцца ад такога супрацоўніцтва, забараняюць рэтрансьляваць „Свабоду“ на сваіх тэрыторыях.

Тым ня менш, як і раней, ролю „Свабоды“ ў палітычным жыцьці Беларусі пераацаніць немагчыма, яе слухаюць у гарадох і вёсках, слухаюць рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя. Слухаюць беларусы і небеларусы — усе грамадзяне краіны. „Адзіная радасьць для мяне — сустрэча з вамі на „Свабодзе“, а таксама з „Нашай Нівай“, — піша ў рэдакцыю слухачка Марыя Кіркевіч. Мабыць, да яе словаў маглі б далучыцца тысячы беларускіх слухачоў „Свабоды“.

Так, значэньне „Свабоды“ ў беларускім жыцьці і беларускай палітыцы велізарнае. Нялішне будзе нагадаць беларускую мову, укараненьне якой у беларускі побыт „Свабода“ робіць штодзень практычна. У вуснах яе журналістых і асабліва журналістак яна набывае надзвычай выкшталцонае гучаньне, што на тле сучаснага беларускага бязмоўя дае сакральную надзею: гэткая мова ня можа зьнікнуць, гэта было б злачынствам перад гісторыяй. Можна толькі парадавацца, што гэта разумеюць і слухачы. „Даўно слухаю вашае радыё. Дзякуючы яму я палюбіў сваю мову, нашу радзіму і ўсіх людзей“, — піша на „Свабоду“ слухач Мікола Вештарт зь Менску.

Неацэнная заслуга беларускай „Свабоды“ яшчэ і ў тым, што яна вярнула беларускай гісторыі шмат якія імёны яе лепшых сыноў — палітыкаў, пісьменьнікаў, мастакоў, рэлігійных дзеячаў. І зрабіла гэта ў час, калі беларускія ўлады ўважалі іх адно за ворагаў народу, а некаторых, дарэчы, уважаюць за такіх дасюль. Яна ж дала сказаць пра сябе сумленнае слова беларускай эміграцыі, якую шмат год бальшавіцкі рэжым бэсьціў як здраднікаў і фашыстоўцаў, і раскрыла сапраўдныя абліччы катаў народу, тых, чыімі высілкамі ў Беларусі былі закапаныя дзясяткі Курапатаў.

У апошнія гады наша „Свабода“ набыла значны досьвед у асьвятленьні складанага, часам заблытанага палітычнага жыцьця Беларусі, у дасьледаваньні яе культурнай спадчыны. Маладыя журналісты „Свабоды“, якія нядаўна вырваліся з падцэнзурнай дыктатарскай прасторы, зазналі сапраўдны росквіт свайго таленту, прынесьлі на „Свабоду“ нялёгкі, драматычны досьвед барацьбы за свабоду інфармацыі, супраць усемагутнага ўціску спэцслужбаў. Цікава і важна, што ўсё гэта робіцца здабыткам самых шырокіх масаў Беларусі, якія ўжо ня могуць сабе ўявіць жыцьця бяз вольнай інфармацыі, якую нястомна штодзень нясе ім „Свабода“.

„Свабода“, „Свабодная Эўропа“ даўно сталі надзейнымі апірышчамі сучаснай эўрапейскай дэмакратыі. Вядома, як высока ацаніў іх прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры, вылучыўшы на Нобэлеўскую прэмію. Беларусы горача падтрымліваюць ягоную ініцыятыву і будуць шчыра віншаваць нашую „Свабоду“, калі тая ініцыятыва спраўдзіцца. „Свабода“ таго заслугоўвае.
Васіль Быкаў

Радыё

Рыгор Барадулін

Радыё. Адрэдагаваныя хваіны з чашачкамі й дратамі прыйшлі ў беларускія месты й мястэчкі ў 30-я гады. Аблавухія чорныя грыбы рэпрадуктараў вырасьлі над пляцамі. Радыё — яно й сьпявала, яно й чытала вершы, яно паведамляла навіны, а болей за ўсё агітавала за савецкі рэжым. Гэта ж бабка казала — пры новым прыжыме.

Радыё склала сур’ёзную канкурэнцыю пеўню. Па ім, па радыё вызначалі час, радыё слухалі для супакою настрою. Пра гэтае нават папеўка — „Мая мілка захварэла, ледзь нагамі рухае — толькі выйдзе на парог, радыё паслухае...“

Пасьля вайны кожнае, бадай што, трэцяе слова — радыёслоўе — было „Сталін“. Жылі бедна, бацька загінуў, а тут на ўсю сьцюдзёную хату — „Сталін, Сталін, Сталін...“ — араторыя. Мама вырывае вілку з разэткі ды толькі абрывіста: „...Сралін“.

У 60-я праз тры дні паўтаралі літрадыёмантаж, названы вершам Максіма Танка „Выканана партыі заданьне“...

Найвялікшай крамолай лічылася слухаць радыёгаласы — чужое радыё, якое казала праўду пра імпэрыю зла. Мацнеў ідэалягічны маразм, мацнеў прапагандысцкі голас радыё. Ажно на радыё Ўладзімеру Юрэвічу, які выдатна вёў перадачу „Жывое Слова“, дзеці прыслалі загадку: „Ня піўшы і ня еўшы, крычыць, як ашалеўшы. Хто? — Беларускае радыё".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG