Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Квасьнеўскі: «Рэжым Лукашэнкі ўжо набліжаецца да свайго канца»


Аляксандар Квасьнеўскі

Аляксандар Квасьнеўскі

Вынікі палітыкі дыялёгу з афіцыйным Менскам, прычыны падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў Менску, адрозьненьні і падабенства А.Лукашэнкі і В.Ярузэльскага – пра ўсё гэта наш карэспандэнт Юры Дракахруст гутарыў падчас уроцлаўскага Глябальнага форуму з былым прэзыдэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім.

Дракахруст: Сп-р прэзыдэнт, вы мелі пэўнае дачыненьне да той палітыкі, якую Эўропа праводзіла адносна Беларусі ў 2008-2010 гадах. Вы ўзначальвалі раду вядомых палітыкаў з розных краінаў («раду мудрацоў»), якая распрацоўвала асновы гэтай палітыкі.

Квасьнеўскі: Так, мы былі за дыялёг, за тое, каб не ізаляваць Беларусь. Мы ўжо тады гаварылі, што трэба працаваць з грамадзтвам, з грамадзкімі арганізацыямі. Я мяркую, што гэтая палітыка павінна працягвацца, нягледзячы на ўсе складанасьці, нягледзячы на Лукашэнку. Рэжым Лукашэнкі ўжо набліжаецца да свайго канца. А з грамадзтвам трэба працаваць.

Дракахруст: Але неабходнасьць дыялёгу з грамадзтвам наагул ніхто не аспрэчвае. Вашай навацыяй была прапанова размаўляць і з Лукашэнкам.

Квасьнеўскі: Так, размаўляць з уладамі. Я ўпэўнены ў тым, што палітыка ізаляцыі неэфэктыўная, яна не працуе. Я разумею, што пасьля таго, што адбылося пасьля выбараў, палітычны падыход павінен быць больш сур'ёзным. Але дыялёг патрэбны.

Дракахруст: А чаму пасьля выбараў адбылося тое, што адбылося? Вашы прапановы дыялёгу адкрывалі перад Лукашэнкам магчымасьці, умацоўвалі яго ўладу ў кароткатэрміновым і магчыма нават сярэднетэрміновым пэрыядзе, за што вас папракалі вашы крытыкі. Чаму ён адмовіўся ад гэтых магчымасьцяў?

Душа беларускага лідэра такая, што ніхто з нас не разумее, што ў ёй адбываецца.
Квасьнеўскі: Я магу толькі меркаваць. Душа беларускага лідэра такая, што ніхто з нас не разумее, што ў ёй адбываецца. Я лічу, што ён зрабіў вялікую памылку, усё, што ён рабіў пасьля выбараў, было няправільна. А чаму ён так вырашыў? Я мяркую таму, што вынікі выбараў былі значна горшыя, чым ён думаў. Я маю на ўвазе сапраўдныя, а не афіцыйныя вынікі. Ён зразумеў, што яго становішча не такое моцнае, як было раней. І ў яго была моцная псыхалягічная фрустрацыя.

Але па вялікім рахунку я не разумею, чаму ён так зрабіў. Ён страціў магчымасьць размаўляць са сьветам, з партнэрамі. І яму гэта будзе дорага каштаваць. Зараз эканамічнае становішча Беларусі вельмі кепскае. І яму цяжэй будзе зараз размаўляць аб падтрымцы беларускай эканомікі з МВФ,ЭЗ і Расеяй. Бо ён усё зрабіў так, каб ускладніць сабе гэтыя задачы.

Дракахруст: Польскі міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі разам зь нямецкім калегам Гіда Вэстэрвэле падчас выбарчай кампаніі наведаў Лукашэнку, за больш менш сумленныя выбары яму абяцалася фінансавая дапамога. Разам з тым Эўропа, у тым ліку і Польшча, падтрымлівалі апазыцыю, канкурэнтаў Лукашэнкі ў выбарчай кампаніі. Ці не палічыў ён гэта двудушшам, ці не палічыў, што насамрэч Захад хоча яго скінуць? Ну і даў на гэта «шчыры» адказ.

Квасьнеўскі: Але тут не было ніякай таямніцы. Было зразумела, што дэмакратычная Эўропа падтрымлівае дэмакратыю. Гэта азначае, што мы размаўляем з апазыцыяй, падтрымліваем NGO і розныя формы грамадзянскай супольнасьці. Лукашэнка ня мог не разумець, што з таго факта, што Сікорскі і Вэстэрвэле размаўляюць зь ім, не вынікае, што Эўропа ня будзе падтрымліваць палітыкаў апазыцыі. Такой дамоўленасьці ніколі не было і не магло быць. Бо і Сікорскі, і Вэстрэрвэле – гэта дэмакратычныя палітыкі дэмакратычных краін, яны не маглі вярнуцца зь Менску і сказаць, што мы дамовіліся з Лукашэнкам, мы будзем падтрымліваць яго і ня будзем падтрымліваць апазыцыю.

Гэта было немагчыма ад пачатку і таму гэта ня можа быць прычынай паводзінаў Лукашэнкі.

Ён зразумеў, што людзі стаміліся ад гэтага рэжыму, ад яго самога.
Я усё ж лічу, што прычына – гэта вынікі выбараў. Можа, гэта і больш за 50%, але значна менш, чым тое, на што ён разьлічваў і спадзяваўся. Ён зразумеў, што людзі стаміліся ад гэтага рэжыму, ад яго самога, што апазыцыя яшчэ слабая і дэзінтэграваная, але яна будзе адыгрываць ролю ў будучыні.

Дракахруст: Зараз многія лічаць, што Захад, Эўропа павінны весьці жорсткую палітыку адносна Беларусі, ажно да ўвядзеньня эканамічных санкцыяў. А якая ваша думка на гэты конт?

Квасьнеўскі: Я з такой ідэяй ня згодны. Гэта вельмі кепска для людзей. Ім трэба жыць, ім патрэбныя нармальныя ўмовы жыцьця. Калі рэжым ізалююць, ён кажа тое, што ўжо шмат гадоў гаворыць Куба – мы хацелі зрабіць для народа лепшыя ўмовы жыцьця, але ня можам з прычыны санкцыяў. Для многіх гэта пераканаўчае тлумачэньне.

Я чалавек дыялёгу, я мяркую, што нават з дыктатарамі дыялёг можа даць больш плёну, чым санкцыі. Але гэта мая пазыцыя.

Зараз мы можам дамовіцца з Лукашэнкам.

Мне здаецца, што зараз вельмі цікавы і складаны момант. Эканамічнае становішча Беларусі вельмі слабое. Лукашэнку патрэбная вонкавая падтрымка. І зараз мы можам дамовіцца з Лукашэнкам, каб, па-першае, ніхто з уплывовых палітыкаў не сядзеў у турме, а па-другое, каб ён даў магчымасьць дзейнічаць грамадзянскай супольнасьці.

Мне здаецца, што канец рэжыму набліжаецца, працэс пайшоў. Ня ведаю, ці ўсьведамляе гэта Лукашэнка, але сьведкам падобных працэсаў у сьвеце гэта ўжо зразумела. Пытаньне ў тым, які будзе тэмп гэтага працэсу.

Перавагай Лукашэнкі шмат гадоў было тое, што ён не даваў дэмакратыі, але даваў сацыяльны мінімум, пачуцьцё сацыяльнай бясьпекі. Зараз гэта скончылася. А бяз гэтага рэжым ня можа ўтрымлівацца.

Дэманстрацыя кіроўцаў на вуліцах Менску – гэта самае небясьпечнае, гэта значна больш небясьпечна, чым дзейнасьць многіх апазыцыянэраў.

Дракахруст: А дарэчы, як «Салідарнасьць» ставілася да санкцыяў, якія ЗША ўвялі пасьля абвяшчэньня ў Польшчы ў 1981 годзе ваеннага становішча? Ці яна прасіла аб гэтых санкцыях, ці падтрымлівала іх, калі яны былі ўведзеныя?

Квасьнеўскі: Гэта было складанае пытаньне для «Салідарнасьці». Палітычныя санкцыі супраць Ярузэльскага былі падтрыманыя адназначна. Але санкцыі, якія не даюць людзям жыць і працаваць – гэта кепска. Шмат людзей пыталіся – чаму Амэрыка змагаецца з намі, а не зь Ярузэльскім, не з рэжымам?

Я асабіста добра ведаю Ярузэльскага і скажу вам, што яго нельга параўноўваць з Лукашэнкам.
Палітыка -- гэта спалучэньне бізуноў і пернікаў. Але я асабіста добра ведаю Ярузэльскага і скажу вам, што яго нельга параўноўваць з Лукашэнкам. Ярузэльскі зь першага дня ваеннага становішча разумеў, што трэба шукаць магчымасьці яго скасаваць, шукаць магчымасьці дамовіцца з апазыцыяй. Гэты працэс ішоў марудна, мы дамовіліся з апазыцыяй праз 8 гадоў пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча. Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўдвая даўжэй.

На мой погляд павінна быць камбінаваная палітыка – падтрымка народа, падтрымка грамадзкіх арганізацый і сур'ёзны дыялёг з Лукашэнкам.

Дракахруст: На ваш погляд ці можа Эўропа адысьці ад той больш менш жорсткай палітыкі, якую яна праводзіць пасьля 19 сьнежня? Напрыклад, міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі глыбока ангажаваўся ў гэтую новую палітыку ЭЗ. У той жа час Расея карыстаецца сваім становішчам манапольнага партнэра Беларусі. Ці ня ёсьць гэта сьледзтва новай палітыкі ЭЗ?

Квасьнеўскі: Гэта важны момант і трэба пра яго думаць. Таму што калі з прычыны санкцыяў Эўропы і ЗША мы не захаваем незалежнасьць Беларусі, то паўстане пытаньне, хто меў рацыю, а хто зрабіў вялікую гістарычную памылку. Я мяркую, што Сікорскі разумее гэта вельмі добра.

Просьбы, якія Лукашэнка накіроўвае ў МВФ – падстава для пачатку жорсткай размовы зь ім пра тое, як зьмяніць гэты рэжым. Лукашэнку будзе цяжка на гэта пагадзіцца, але гэта той момант, які трэба скарыстаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG