Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Полаччыне разьвіталіся з Васілём Храмцовым


Васіль Храмцоў

Васіль Храмцоў

Сёньня на Полаччыне разьвітваюцца з Васілём Храмцовым, паведамляе Радыё Рацыя. Стваральніка і лідэра беларускага руху ў Наваполацку ня стала 10 чэрвеня, яму было ўсяго 45 гадоў.

Сябры адгукнуліся на сьмерць Васіля Храмцова ў жывым часопісе Вінцука Вячоркі:

"Жыцьцё Васіля Храмцова, аднаго са стваральнікаў і шматгадовага лідэра беларускага руху Наваполацку, імгненна, бязьлітасна, несправядліва спаліла злая хвароба, якая запанавала ў Беларусі пасьля Чарнобыля.

Васіль Васілевіч Храмцоў нарадзіўся 16 сьнежня 1965 г. у Наваполацку. Тут закончыў школу № 6, пасьля службы ў войску працаваў на заводзе “Вымяральнік”. З канца 80-х гадоў чынна заняўся грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. У беларускі рух прыйшоў як адзін зь лідэраў экалягічнага пратэсту ў горадзе. Арганізатар і ўдзельнік экалягічных мітынгаў, Васіль выступаў на іх як незалежнік і прапагандыст беларушчыны.

Як прадстаўнік наваполацкай суполкі "Сакавік" быў адным са стваральнікаў Канфэдэрацыі беларускіх суполак; разам зь іншымі сябрамі ўдзельнічаў у арганізацыйным камітэце КБС, у жніўні 1988 году за гэта быў арыштаваны ў Менску. 30 кастрычніка 1988 году быў на памятных масавых Дзядах у Менску, здолеў зрабіць унікальныя фатаздымкі спробы разгону Дзядоў. Адзін з заснавальнікаў БНФ "Адраджэньне" і Партыі БНФ, дэлегат Устаноўчага зьезьду Беларускага Народнага Фронту ў Вільні ў 1989 годзе.

Браў удзел як валянтэр і як кіраўнік ва ўсіх першых выбарчых кампаніях і нацыянальных акцыях. Назаўтра пасьля зацьверджаньня нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцягу ў якасьці дзяржаўнага памяняў разам з С. Сокалавым-Воюшам сьцягі на будынках гарадзкой улады Полацку й Наваполацку. Адзін з арганізатараў першай беларускай клясы ў Наваполацку. Вазіў перададзеныя беларускай дыяспарай лекі ў Чарнобыльскую зону.

Быў кіраўніком суполкі БНФ у Наваполацку. Цярпеў ад перасьледу ўладаў, засуджаны за вывешваньне нацыянальных бел-чырвона-белых сьцягоў. Некалькі разоў быў арыштаваны за ўдзел у акцыях дэмакратычных сілаў, у тым ліку прэвэнтыўна зьняволены, нягледзячы на дыябэт, перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 г. як кіраўнік выбарчага штабу Аб'яднаных дэмакратычных сілаў.

Васіль жыў справай адраджэньня беларускае культуры, перадусім традыцыйнае. Ён стварыў у Наваполацку супольнасьць "Усяслаў Чарадзей”, якая разам зь іншымі вяртала народную беларускую культуру; арганізоўваў каляндарныя народныя сьвяты – Каляды, Гуканьне вясны, Дзяды. Фактычна агульнабеларускімі былі Купальлі, ладжаныя ў азёрным краі Полаччыны, зь неадменнаю цэнтральнаю постацьцю Васіля Храмцова – Князя-Купаліша, знаўцы абраду, аўтарытэтнага лідэра для моладзі, якая цягнулася да нацыянальных каштоўнасьцяў.

Пра выхаваўчую і асьветніцкую місію Васіля варта згадаць асабліва. Ён вадзіў маладых беларусаў у вандроўкі па гістарычнай Полаччыне. Падтрымліваў выдавецкія ініцыятывы ўсяго краю, дапамагаючы выпускаць дзясяткі мясцовых газэтак і бюлетэняў.

Васіль быў надзвычай шчыры чалавек, адчуваў і не выносіў няпраўду й двудушнасьць. Меў рознабаковыя таленты: вёў фаталетапіс і наагул быў добрым фатографам; заўзята калекцыянаваў беларускія гістарычныя артэфакты; пакінуў нізку вершаў пад агульнай назвай “Балахоўскі цыкл”.

Самыя шчырыя спачуваньні жонцы Алене, дочкам Ружане і Яне, усім родным і блізкім Васіля ў гэтай незваротнай страце.

Калі такія людзі адыходзяць, мы ўсьведамляем, на кім трымаецца Беларусь".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG