Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 чэрвеня на 39-м годзе жыцьця ад цяжкай хваробы памёр палітоляг Віталь Сіліцкі. Пра гэта паведаміў яго брат Павал Сіліцкі.

Віталь Сіліцкі нарадзіўся 25 сьнежня 1972 году. Доктар паліталёгіі.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спецыяльнасьці сацыёляг. Вучыўся ў Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце (Будапэшт, Вугоршчына), дзе атрымаў ступень магістра паліталёгіі, у Ратгэрскім унівэрсытэце (Нью-Джэрсі, ЗША), у якім атрымаў ступень доктара паліталёгіі.

Галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты "Naviny.by" Аляксандар Класкоўскі ўзгадвае:

Аляксандар Класкоўскі
"Мы пазнаёміліся з Віталём Сіліцкім ў 2002 годзе, калі распачыналі ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН новую справу – стваралі інтэрнэт-газэту "Naviny.by". Нам неабходныя былі аўтары, якія глыбока ведалі палітыку, але пісалі б па-журналісцку – лёгкім, дасціпным добрым стылем. І тады зусім яшчэ малады доктар паліталёгіі Віталь Сіліцкі, якія атрымаў адукацыю і абараніў дысэртацыю ў Эўропе і ЗША, стаў нашым пастаянным аўтарам. І не без удзелу Віталя Сіліцкага "Naviny.by" сталі адным з самых папулярных інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі. Калі Віталь заснаваў Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў, ён працягваў працу камэнтатара. Надзвычай цікава пісаў і ў "Нашу Ніву". Віталь умеў схапіць сутнасьць падзеі, і мэтафарычна, ёміста асэнсаваць яе, у ім спалучаўся талент навукоўца і талент публіцыста. Віталь Сіліцкі выхаў цэлую пляяду маладых беларускіх палітолягаў – Дзяніса Мельянцова, Аляксея Пікуліка, Юрыя Чавусава.

Юры Чавусаў лічыць спадара Сіліцкага фігурай знакавай менавіта таму, што Сіліцкі вывучаў Беларусь у кантэксце ўсясьветнай паліталягічнай навукі:

Юры Чавусаў
"Віталь Сіліцкі – з пакаленьня палітолягаў, якія прыйшлі ў беларускую паліталягічную навуку ў часы незалежнасьці. Творчая спадчына Сіліцкага беспрэцэдэнтная. Я быў знаёмы з артыкуламі, тэкстамі Сіліцкага, вучыўся на іх, але асабіста пазнаёміўся зь Віталём на Наваградзкім фэсьце старажытнай культуры. Ён быў чалавекам, які прапускаў праблемы ня толькі праз мозг навукоўца, але і праз сэрца, быў неабыякавы да таго, што вывучае, неабыякавы да лёсу Беларусі. Прычым, Віталь імкнуўся дасьледаваць рэчаіснасьць, а потым ужо рабіць навуковыя высновы. Ён – лідэр навуковага аналізу.

Яшчэ адзін вучань Віталя Сіліцкага палітоляг Андрэй Казакевіч пацьвярджае:

Андрэй Казакевіч
"Гэта быў адзін з самых інтэграваных ва ўсясьветную паліталягічную супольнасьць навукоўцаў. Віталь атрымаў добрую адукацыю ў заходніх унівэрсытэтах, ён быў з той генэрацыі палітолёгаў, якія дасканала ведалі ангельскую мову і ўмелі весьці дыялёг з навукоўцамі ЗША і Эўропы".

Беларусь страціла за гэты год некалькі знакавых фігур, постацяў паліталягічных і філязофскіх навук – Сьвятлану Навумаву, Уладзімера Конана, і вось зараз – Віталя Сіліцкага".

Віталь Сіліцкі доўгі час узначальваў Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (BISS). Калега па цэху палітоляг Уладзімер Мацкевіч кажа:

Уладзімер Мацкевіч
"Віталь Сіліцкі быў выбітнай , вельмі прыкметнай фігурай на беларускай паліталягічнай прасторы. Ён атрымаў бліскучую адукацыю, стаў аўтарытэтным аналітыкам. Узначаліўшы BISS, ён дамогся таго, што інстытут стаў адной з найбуйнейшых аналітычных структур Беларусі. Віталь, да таго ж, быў вельмі актыўным і камунікабельным чалавекам. Ён быў у няпростых адносінах з калегамі па цэху – часта спрачаўся зь імі, крытыкаваў. Але зь ім было надзвычай карысна і цікава спрачацца. Мы панесьлі вялікую страту – зьнік апанэнт, дзякуючы якому зьяўляліся цікавыя, вывераныя, абгрунтаваныя погляды на беларускія праблемы".

Літаратуразнаўца Аляксандар Фядута прызнаўся, што страціў свайго самага цікавага апанэнта:

Аляксандар Фядута
"Віталь Сіліцкі быў тым чалавекам, зь якім было прыемна спрачацца. Ён заўсёды ўмеў пачуць аргумэнты суразмоўцы і вельмі дакладна сфармуляваць ўласныя аргумэнты. Гэтыя якасьці амаль страчаныя ў беларускай публічнай прасторы.

Мне асабіста будзе вельмі не хапаць Віталя менавіта таму, што ня будзе зь кім паспрачацца. Пасварыцца – ёсьць зь кім, а вось паспрачацца – няма..."

Разьвітаньне зь Віталём Сіліцкім адбудзецца ў панядзелак 13 чэрвеня, з 11:00 да 14:00 у Доме рытуальных паслугаў (Менск, вул. Альшэўскага, 12).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG