Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід па зроку: “Я думаю больш пра сьмерць, чым пра жыцьцё"


Адзін з жыхароў “сьляпога” раёну вяртаецца з крамы

Адзін з жыхароў “сьляпога” раёну вяртаецца з крамы

У крызіс найгорш жывецца інвалідам. Малыя пэнсіі, дарагія харчы. Дзяржаўная дапамога мізэрная. Ашчаджаць людзям даводзіцца на ўсім.

Дзясятак дамоў на вуліцах Вавілава й Цыялкоўскага – гэта раён кампактнага пражываньня невідушчых людзей у Магілёве. Жыцьцё тут нетаропкае. Раніцай і ўвечары невідушчыя па ходніках з парэнчамі выпраўляюцца ў крамы й на рынак па харчы. Удзень бавяць час у дварах за гутаркамі.

Спадар Вадзім вяртаецца з крамы. У торбе селядзец ды бохан хлеба:

“Дрэнна жыву. Я інвалід другой групы. Крызіс – ён жа зусім не зразумелы. Вось гэтыя цэны мяне абураюць. Іх жа ніхто не кантралюе. Не хапае грошай. Адзежа ў мяне засталася ад старога рэжыму. Мне ўжо 71 год я думаю больш пра сьмерць чым пра жыцьцё, а жыць трэба. А ўсё ж дарагое”.

На дарагоўлю наракае і суседка спадара Вадзіма. Яна абсалютна сьляпая. З дому выйшла на шпацыр. Яе пагулянка абмежаваная вуліцамі з парэнчамі. У горад не наважваецца выбірацца адна.

“Цяпер трэба эканоміць на кожным кроку. Як раней было памідоры кіляграмамі набывалі – цяпер ідзеш адну, дзьве набываеш. Цэны перагнулі ўжо ўсе разумныя межы на крупяныя вырабы, мясныя. Яшчэ неяк во на малочную прадукцыю трымаюцца. Каўбасу наогул не набываю. Іншым разам хочацца і банан, і гурок. Летась было нашмат лягчэй”.

У крызіс улады вырашылі адрамантаваць вуліцу Цыялкоўскага. Ад рамонту церпяць сьляпыя. Гэтай вуліцай яны ідуць на рынак.


Амаль усе невідушчыя жыхары раёну працуюць на прадпрыемстве для інвалідаў па зроку “Ціфлос”. Заробкі на “Ціфлосе” невялікія, аднак іншых варыянтаў працаўладкаваньня ў людзей проста няма:

“Куды я вось татальна сьляпая магу ўладкавацца на нейкае іншае гарадзкое прадпрыемства. Можа і нехта б і ўзяў на нейкі працэс зборкі – гэта іншае пытаньне. Але хто мяне туды ды назад вазіць будзе?”.

Па харчы сьляпыя выпраўляюцца найчасьцей на Дубравенкаўскі рынак. Гандляры кажуць, што купляюць яны тое, што таньней – малочную прадукцыю, яйкі, хлеб. Патраціць сабе дазваляюць на дзень да сямі тысяч рублёў. Зрэдку наведваюцца ў мясныя лаўкі. Што зь мяснога яны бяруць, пытаю ў прадаўца:

“Сала што патаньней, фарш, Мяса яны канечне не набываюць. Абрэзкі таньнейшыя. У людзей проста няма грошы Усе скардзяцца мы бы ўзялі, але ў нас няма грошай”.

Уладзімер Вільчык
На вуліцы Вавілава жыве Ўладзімер Вільчык. Ён таксама сьляпы. За сямідзесяцігадовае жыцьцё Ўладзімер Ігнатавіч зарабіў ня кепскую пэнсію. Хапае яму і яшчэ дапамагае дзецям. Ва ўсіх сёньняшніх бедах ён лічыць, што вінаватыя самі беларусы:

“Зьнішчана самае галоўнае ў 1995 годзе, калі прыдумалі злачынны рэфэрэндум, каб расейскую мову дзяржаўнай зрабіць. Усе беды ад гэтага пачаліся і будуць, бо ўсе людзі сталі русыфікатарамі. Я так думаю, што й Гасподзь карае нас, жабракоў. Ніхто нам не дапаможа, толькі мы сваёй рукой можам адрадзіць і збудаваць Беларусь. Зьмены будуць абавязкова будуць”.
XS
SM
MD
LG