Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аксана Спрынчан – пра вінныя кнігі беларускай літаратуры


Аксана Спрынчан

Аксана Спрынчан

У марскіх краінах п’юць за тых, хто ў моры. У Беларусі сёньня п’юць за тых, хто ў вязьніцы. Нават старажытны тост

— Хто ты?
— Акавіта.
— А з чаго ты?
— З жыта.
— А пашпарт маеш?
— Няма.
— Вось жа табе турма.


гучыць цяпер надзвычай надзённа-двухсэнсоўна.

Як бы ні было няўтульна з тымі, хто шмат п’е, яшчэ няўтульней з тымі, хто ня п’е. Зразумела, галоўнае – ня што піць, а з кім піць. Вось і заманулася ўкласьці пяцікніжжа твораў, зь якімі варта выпіць, але немагчыма сьпіцца (бо зачытаесься).

УЛАДЗІМЕР НЯКЛЯЕЎ. П’ЯНКА. ТАК: КНІГА ПАЭЗІІ.

МЕНСК, ВЫД. В.ХУРСІК, 2004.


Піць ці ня піць? – вось у чым пытаньне. Кожны адказвае на яго па-свойму. Хтосьці тостам, хтосьці апраўданьнем радасным ці горкім, хтосьці й моўчкі п’е… Беларускія пісьменьнікі ня толькі пішуць, але і п’юць за Радзіму. Беларускія пісьменьнікі ня толькі п’юць… Бяруць чарку і героі іхных твораў. П’юць за Радзіму, п’юць з-за Радзімы, п’юць па-за і на Радзіме.

Дык з чаго яны п’юць гэтак гаротна?

Проста так.
Проста п’юць.
Ні з чаго.
Бо пакуль на абшарах Айчыны.
Што ўсё толькі зьбіраецца быць,
Аніводнай ня знойдзеш прычыны,
Каб ня піць.


А таму на пытаньне “піць ці ня піць” адказам – кніга “Так” Уладзімера Някляева. А калі перабярэш і раптам прачытаеш справа налева “Кат”, дык і тут нямоцна схібіш. І гэта прычына кульнуць кілішак.


УЛАДЗІМЕР КАРАТКЕВІЧ. ЛАДЗЬДЗЯ РОСПАЧЫ.

ЗБОР ТВОРАЎ У 8 ТАМАХ. Т. 2. “МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА”, 1988.

Калі ўявіць, што мне б жыцьцём была дадзеная магчымасьць выпіць толькі аднойчы і была б магчымасьць абраць – з кім, паверце, доўга б я не раздумвала. Гэта – Гервасій Выліваха.

“Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму. Ляхі такіх завуць – “завалідрога”, а мы, людзі роду крывіцкага, “адарвірог”, бо некалі, кажуць, такія ў самога Люцыпара рог сілком адзьдзерлі і зрабілі зь яго келіх для пітва. Вады нальеш, і, сілаю самога рога, робіцца гарэлка”.

Піць варта з тым, хто шкадуе тых, хто не зьведаў, якое цёплае сена, як п’яніць віно, як цьвіце ружовы глог. Яны сапраўды вартыя шкадаваньня. Піць варта з тым, хто сьпявае. І тут важна ня толькі тое, хто сьпявае, але і што.

Любяць нас неба, віно і кабеты.
Сонцам чырвоным, сонцам прарочым
Люд наш упарта ўстае над сьветам
Нават пасьля найцямнейшай ночы.


– Трэцяй будзеш? – запытаюцца неба і віно.
– Буду! Будзьма!

ВАЛЯНЦІНА АКСАК. ВІНО З КАЛІФОРНІІ.

МЕНСК. ЮНІПАК. 2003.

“Віно ў жыцьці – ня ўсё, але жыцьцё безь віна – нішто” – гэта ня толькі французскае выслоўе, але і эпіграф, які абрала Валянціна Аксак да сваёй кнігі “Віно з Каліфорніі”. І хто не пагодзіцца з ім? Каб жыцьцё ня сталася “нічым”, віно п’юць і ў Гётэборгу, і ў Вільні, і ў Варшаве. П’е яго там і лірычная гераіня Валянціны Аксак. Але ж нават віно з Каліфорніі ў цягніку “Прага-Менск” “расструменьвае пах // маладзенькіх клянкоў, // што чакаюць мяне ў Смалічах”.

Паэтка нарадзілася ў вёсцы Смалічы на Нясьвіжчыне, і ейныя родныя кветкі і дрэвы ўзбагачаюць віны іншых мясьцінаў. Келіх віна варта выпіць, паехаўшы ў Вільню, “за Яську, спадара з-пад Вільні”. Келіхам віна можна адсланіцца і “ад тваіх шурпатых вуснаў”. Келіхам віна можна заліць пасьцель, “у ёй так звабны // водар твайго цела”.

Ды ці варта дарэшты верыць мужчынам нават за келіхам віна:

“Я нарадзіўся ў Слаўгарадзе, –
сказаў мне Андрэй
падчас нашага знаёмнага
абеду ўдваіх.
У Прапойску? –
я ўдакладніла.


А вось французам почасту можна верыць, а таму “шэршэ ля фам”.

Адметныя рысы:
зь цела бруіць
невыводны водар “Cabernet”,
“Magie Noire”
і сьвежае спэрмы.


Як не пагадзіцца, што адно віно павінна быць старым, уздымаючы тост за каханьне альбо за любоў.

УЛАДЗІСЛАЎ АХРОМЕНКА, МАКСіМ КЛІМКОВІЧ. ЯНКІ, АЛЬБО АСТАТНІ НАЕЗД НА ЛІТВЕ.

МЕНСК, “МЭДЫСОНТ”. 2007.

Калі зьбіраюцца два беларусы, дык утвараюць тры партыі, але бываюць выняткі, і тады два беларусы пішуць адну кнігу – надзвычай беларускую і па-беларуску надзвычайную. Калі зьбіраюцца тры беларусы, дык, зразумела, бяруць чарку. А калі гуртуюцца чатыры беларусы, дык яны ладзяць вытворчасьць нацыянальнага алькагольнага напою “Горкі яблык”. Прынамсі, чатыры Янкі – Янка Лабановіч, Іван (Янка) Брыль, Янкель (Янка) Фінбэрг і Аянька (Янка) Кільмандовіч з кнігі “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве” гэтак учынілі. “Горкі яблык” ня толькі п’юць, на горкі яблык яшчэ зьбіваюць розных “мудзілаў”. Кніга жорсткая сваёй рэчаіснасьцю. Але хто скажа, што беларуская рэчаіснасьць не такая, хай кіне ў мяне свой кілішак. Беларус ня кіне. Адзін беларус вып’е за Беларусь-Літву!, другі вып’е, як на плякатах напісана, – за Беларусь! Адзін беларус прачытае кнігу і вып’е з радасьці, другі прачытае і вып’е са злосьці. Абы ціха было. Абы прачыталі.

АНАТОЛЬ СЫС. ПАЦІР. ПАН ЛЕС.

МЕНСК, “МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА”, 1989.

Верш Анатоля Сыса “Пацір” стаўся паэтычным гімнам пакаленьня 90-х і застаўся своеасаблівым гімнам беларускасьці і ў XXI стагодзьдзі. Крылатыя радкі

Паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
І кожны выпіў: за сябе…


напаўняюць паціры беларусаў і віною, і верай.
Беларусы чаркаюцца і п’юць за сябе, і ўсё адно атрымліваецца: за Айчыну… За Айчыну, у якой ёсьць творы, зь якімі варта ўзьняць келіх і ўзьняцца з каленяў.

Боналіта! Боналітаратура!
XS
SM
MD
LG