Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крук: «Можам атрымаць тую ж сытуацыю, якую атрымалі ў сярэдзіне траўня»


Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка назваў даляры і эўра паперкамі і прадказаў абвал эканомікі ЗША. Ён сказаў таксама, што нібыта ідзе інфляцыя і пасьля індэксацыі з 1 ліпеня, да прыкладу, «Беларуськалій» будзе каштаваць не 30 мільярдаў, а 30 мільярдаў 10 мільёнаў даляраў. Чаму робяцца такія заявы? На каго яны разьлічаныя? Што чакае эканоміку Беларусі? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамістам Дзьмітрыем Круком.

— Паводле Лукашэнкі, ідзе найкалясальнейшая напампоўка далярамі сусьветнай эканомікі, што можа прывесьці яшчэ да аднаго абвалу гэтай эканомікі. Але, маўляў, хочуць людзі купляць валюту — няхай купляюць. Але «дзяржава трымае вуха востра». Толькі Лукашэнка не згадаў, што дзяржава сама імкнецца ўзяць і бярэ крэдыты ў далярах. Дык вось, на каго разьлічаныя такія заявы пра «паперкі»?

— За гэтымі заявамі я ня бачу ніякіх сур’ёзных наступстваў. Гэта проста спроба стымуляваць давер да беларускага рубля. Але ў мяне ёсьць пэўны сумнеў, што такімі мэтадамі можна павялічыць давер да нацыянальнай валюты. Гэта заява больш палітычная. Тут эканомікі ня так шмат.

— Раней кіраўнік краіны заявіў, што ня бачыць падстаў, каб курс беларускага рубля да даляра вырас больш, чым на 5 тысячаў. Ці ёсьць для гэтага рэальныя падставы і як доўга атрымаецца ўтрымаць рубель на гэтым узроўні?

— На сёньняшні дзень казаць пра нейкі раўнаважны курс рубля вельмі цяжка. Справядлівы раўнаважны курс рубля можа вызначыць рынак, а рынак сёньня працуе ва ўмовах абмежаваньняў.

— Сёньня Нацбанк прыгразіў санкцыямі камэрцыйным банкам, калі яны будуць перавышаць гранічныя значэньні абменных курсаў пры валютна-абменных апэрацыях.

— Гэта можна спрабаваць рабіць. Але ёсьць попыт, які будзе выходзіць на іншыя сэгмэнты рынку, і мы ў выніку можам атрымаць тую ж сытуацыю, якую атрымалі ў сярэдзіне траўня, што адкладзены попыт стане асноўным фактарам, які будзе ўплываць на курс рубля.

— Але, магчыма, ва ўладаў ёсьць спадзяваньне на крэдыты, на продаж акцый «Белтрансгазу», што гэта можа стабілізаваць сытуацыю?

— На вельмі нязначны адмежак часу. Бо для таго, каб тыя самыя істотныя праблемы, якія ёсьць сёньня, нэўтралізаваць, агульнае фінансаваньне на гэты год павінна вагацца ад 7 да 10 мільярдаў даляраў. Таму мільярд-два прынцыпова праблему не вырашаюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG