Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэлевізар паглядзіш — у краіне ўсё добра. Няўжо яны ў крамы ня ходзяць?»


Камароўскі рынак
Камароўскі рынак
Лета ў разгары, высьпявае новы ўраджай. Ці даступныя на рынку ягады, садавіна, гародніна для большасьці людзей? Іна Студзінская вывучала кошты на Камароўцы і выслухвала меркаваньні менчукоў.



Карэспандэнтка: «На галоўным рынку сталіцы — Камароўцы — ёсьць усё. Спачатку наведаем прылаўкі, дзе прадаюць бульбу».

Хлопец: «Я з Самахвалавічаў, Менскі раён. 3500 — гэта не такая ўжо і высокая цана. Можаце параўнаць, пакунак грэчкі каштуе 22 тысячы, і тая ж макарона, якая вырабляецца са звычайнай мукі. Так што бульба не на самым высокім месцы па цане. Сёлета пры кошце паліва 5 тысяч за літар чакайце наагул, што бульба будзе «зашкальваць».

Карэспандэнтка: «Вось ваш сусед па прылаўку кажа, што бульбачка будзе «залатая»...

Спадарыня: «Так, будзе залатая, таму што салярка каштуе вельмі дорага. Каб бульбачку абрабіць, яе трэба прайсьці пяць разоў трактарам, а колькі на трактар трэба запраўкі! Дарагія машыны запраўляюцца танным палівам, а салярка вельмі дарагая».

Бабуля: «Ведаеце, бульба яшчэ так сабе, але грэчка, проса вельмі дарагія. Воцат даражэйшы стаў, чым гарэлка. Дык лепш бы гарэлку паднялі ў паўтара раза, а ня ўсё астатняе...»

Карэспандэнтка: «Ад прылаўкаў з бульбай пераходзім да прылаўкаў, дзе гародніну прадаюць. Буракі маладыя — 18 тысяч, кабачкі — 10 тысяч, памідоры —11 тысяч, цыбуля — 7, морква ўкраінская — 10, гуркі пінскія — 6,5 тысяч. Зеляніна: пятрушка, 100 грамаў — 5 тысяч, кінза — 3 тысячы, кроп — 2,5 тысячы. Ну, а вось прылаўкі з клубніцамі. Тут ад водару проста дух перахоплівае. Сярэднія кошты — 13–14 тысяч за кіляграм. Хлопцы, а вы самі ягады вырошчваеце?».
Воцат даражэйшы стаў, чым гарэлка.

Юнак: «Не, бацькі ў Лунінцы вырошчваюць, мы толькі прадаем. Бярэце клубнічкі, сьвежыя, салодкія! А вось і пакупнікі...».

Карэспандэнтка: «А як вы думаеце, такія цэны ў разгар сэзону нармальныя?».

Жанчына: «Дорага. Клубніцы павінны каштаваць тысяч 8».

Бабулька: «Пра цэны і казаць няма чаго. Усе ў шоку!».

Карэспандэнтка: «Але ж клубніцы купляеце...».

Бабулька: «Дык унучцы трэба. Не для сябе, я для сябе ягады і садавіну не купляю».

Карэспандэнтка: «Быццам бы пэнсію паднялі нядаўна...».

Бабуля: «Не да такой жа ступені, як кошты ўзьляцелі.
Калі мы з пэнсіі будзем мяса купляць — раз купіш, а потым месяц будзеш галодны.

Жанчына: «Заробкі не растуць, жыць невыносна, настолькі цяжка, жах».

Спадарыня: «Ня кажам мы канкрэтна пра клубніцы. На гуркі паглядзіце, на памідоры — цэны астранамічныя. Шчыра кажу, я падтрымліваю людзей, якія выходзяць на плошчу».

Жанчына: «Тэлевізар паглядзіш — падаецца, што ўсё добра. Няўжо яны ў крамы ня ходзяць ці на той жа рынак?».

Карэспандэнтка: «Бачу, што рукі ў вас, так бы мовіць, адрываюцца — накупілі прадуктаў як мінімум на цэлы тыдзень?».

Бабуля: «З пэнсіі купляем адзін раз на ўвесь час, каб хоць раз у месяц паесьці памідорчык, гурок. Вельмі ўсё дорага. Калі маленькая пэнсія — пражыць цяпер немагчыма. Вельмі цяжка. Бачыце, хлеба два боханы ўзяла, бублікаў і памідорчыкаў — толькі пакаштаваць».

Карэспандэнтка: «Да мясных прылаўкаў даходзіце?».

Бабуля: «Не, мы там ня ходзім. Калі мы з пэнсіі будзем мяса купляць — раз купіш, а потым месяц будзеш галодны. Шукаем, каб чаго таньнейшага купіць».
Я для сябе ягады і садавіну не купляю.

Жанчына: «30 тысяч аддала — два кіляграмы клубніцаў купіла дзецям».

Карэспандэнтка: «А самі можаце сабе дазволіць ягады?».

Жанчына: «А сама я магу зьесьці 3–4 ягады, і ўсё. У мяне трое дзяцей».

Карэспандэнтка: «Ну, а як наагул кошты на рынку?».

Жанчына: «Дорага вельмі. Цэны высокія. Заробкі нашы не дарастаюць да гэтых коштаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG