Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка сёньня правёў нараду па пытаньнях разьвіцьця «Беларуськалію». Ён заявіў, што ні з кім не праводзіў перамоваў аб продажы гэтага прадпрыемства, кошт якога складае 30 мільярдаў даляраў. Тым часам беларускі бок атрымае таварны крэдыт на адзін мільярд даляраў ад «Уралкалію».

Аляксандар Лукашэнка зьняпраўдзіў інфармацыю, што ён нібыта ўжо прадаў «Беларуськалій». Ён заявіў, што ні з кім ня вёў перамоваў аб продажы гэтага прадпрыемства, у тым ліку з расейскім бізнэсоўцам Сулейманам Керымавым:

«Што да «Беларуськалію», я выразна сказаў — 30 мільярдаў на стол. Ад 1 ліпеня гэта сума будзе індэксавацца на ўзровень інфляцыі даляра. Цана ўжо «Беларуськалію» можа скласьці 30 мільярдаў 10 мільёнаў даляраў. Калі ў вас ёсьць такая сума — заўтра вы гаспадары гэтага камбінату. Калі ў вас такой сумы няма, наагул не прыходзьце і не вядзіце перамоваў. Ніхто нікому за бесцань ці бясплатна ніводнага прадпрыемства, ня толькі «Беларуськалію», не аддасьць. 30 мільярдаў, пакуль я гэтай цаны не адмяняў».
Што да «Беларуськалію», я выразна сказаў — 30 мільярдаў на стол.

Аднак яшчэ раніцай прадстаўнікі «Нафта Москва», якое належыць Сулейману Керымаву, неафіцыйна пацьвярджалі гатовасьць купіць кантрольны пакет акцыяў «Беларуськалію» за 15 мільярдаў даляраў. Кіраўнічы дырэктар «Нафта Москва» Антон Аверын сказаў карэспандэнту «Свабоды»:

«Я магу неафіцыйна пацьвердзіць, што ёсьць інтарэс. У некаторых публікацыях пішуць, што гэтая купля адбудзецца ад імя „Ўралкалію“, што „Ўралкалій“ выступіць пакупніком. Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Гэта будзе структура, зьвязаная з „Нафта Москва“. Калі нешта і адбудзецца, то пакупніком выступіць „Нафта Москва“. Магу неафіцыйна пацьвердзіць паведамленьні, дзе згадваўся кантрольны пакет і прыкладная яго ацэнка на 15 мільярдаў».

Аднак пазьней камэнтаваць заявы Лукашэнкі прадстаўнік «Нафта Москва» ўжо адмовіўся. Адносна кошту і магчымасьці продажу «Беларуськалію» эканаміст Міхаіл Залескі сказаў:

«Беларуськалій» каштуе не 30, а 600 мільярдаў даляраў. У ім солі яшчэ на 200 гадоў. Ну, гэта як курыцу, якая нясе залатыя яйкі, рэзаць. Якія продажы? Такіх рэчаў ніхто нікому ніколі не прадае. Сьмеху варта. Яны гатовыя ўжо паветра прадаць, каб усе тут задыхнуліся. Толькі б сядзець у сваіх крэслах. Усе прыбыткі ад гандлю сольлю будзе атрымліваць той, хто купіў той няшчасны «Беларуськалій».
Яны гатовыя ўжо паветра прадаць, каб усе тут задыхнуліся.

Да сканчэньня вякоў. Дзеці, нашы ўнукі што будуць атрымліваць ад «Беларуськалію»? Фігу з макам. Во прадаўцы — 30 мільярдаў, 50 мільярдаў! Ацэнку ён зрабіў. Ацэншчык».

Тым часам афіцыйны Менск папрасіў крэдыт ад «Уралкалію» на адзін мільярд даляраў. Эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак адзначае, што гэты крэдыт ня будзе выгадны «Беларуськалію»:

«Гэта азначае, што „Беларуськалій“ павінен пэўны аб’ём сваёй прадукцыі прадаваць па фіксаваных цэнах цягам амаль году, каб кампэнсаваць гэты крэдыт. Гэта таварны крэдыт пад продаж. Гэты крэдыт, безумоўна, пагаршае ўмовы эканамічнага разьвіцьця найперш „Беларуськалію“. Гэта ён не атрымае грошай на праграмы далейшага разьвіцьця. Але сёньня попыт і цэны крыху падвысіліся. І таму „Беларуськалій“ працуе са звышпрыбыткам. І гэты звышпрыбытак яны імкнуцца забраць у „Беларуськалію“ такім чынам. Ніхто ж не адмяніў мыта яшчэ. Для беларускага ўраду ён, напэўна, выгадны. Ён даецца ж не пад умовы, напрыклад, выйсьці на адзіны курс беларускага рубля ці кантраляваць інфляцыю. Беларускі ўрад і пайшоў на тое, каб атрымаць крэдыт без умоваў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG