Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мікіта Ліхавід пакутуе з-за сацыялістычнага спаборніцтва паміж калёніямі»


Мікіта Ліхавід

Мікіта Ліхавід

Сотні людзей выказваюць салідарнасьць з палітвязьнем Мікітам Ліхавідам, які трэці раз за месяц трапіў у штрафны ізалятар у Наваполацкай калёніі з-за таго, што не прызнае сябе вінаватым. Сярод людзей, якія падтрымліваюць Ліхавіда, — былы прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка, які некалькі месяцаў правёў у карцэрах з гэтай жа прычыны і якраз сёньня дамогся канчатковага апраўданьня.

Доўга ня мог дазваніцца да Андрэя Бандарэнкі, каб павіншаваць зь сёньняшнім рашэньнем Вярхоўнага суду аб ягоным канчатковым апраўданьні. Высьветлілася: Бандарэнка якраз размаўляў з маці Мікіты Ліхавіда. Чалавек, які перажыў карцэр больш за 10 разоў, прапанаваў маці палітвязьня Мікіты Ліхавіда сваю дапамогу. «Найперш я магу пракансультаваць, як сябе лепш паводзіць у калёніі і ў карцэры, калі ты называеш сябе „незаконна асуджаным“. І яшчэ вельмі важна ведаць, як аспрэчваць незаконныя рашэньні і суду, і адміністрацыі калёніі», — патлумачыў Андрэй Бандарэнка свой удзел у лёсе Ліхавіда. Пытаюся пра меркаваньне былога вязьня Бабруйскай калёніі адносна прычын ціску на Мікіту Ліхавіда. Паводле Бандарэнкі, паводле закону вязень калёніі не абавязаны падпісваць абавязаньне стаць на шлях выпраўленьня, але складаць такія паперы прымушаюць усіх, гонячыся за лепшымі паказчыкамі:

Андрэй Бандарэнка
«Сярод адміністрацый калёній ідзе фактычнае сацспаборніцтва за тое, каб адрапартаваць, што ў іх большы працэнт вязьняў падпісаў гэтыя абавязаньні. Такім чынам яны рапартуюць пра быццам бы перавыхаваньне. Насамрэч ніякага перавыхаваньня там няма, людзей проста прыніжаюць, ламаюць і спрабуюць прымусіць рабіць тое, чаго хоча адміністрацыя. Менавіта з-за гэтага Мікіта зараз і пакутуе, з-за гэтай палачнай сыстэмы, з-за сацыялістычных справаздач. І мусіць знаходзіцца там, у карцэры. Паўтару яшчэ раз, зь яго боку гэта ўчынак сапраўднага мужчыны».

Што такое карцэр, альбо, як называюць у калёніі, штрафны ізалятар — «шызо»? Андрэю Бандарэнку таксама даводзілася атрымліваць карцэр адзін, другі і нават наўздагон трэці раз:

«Калі ты не ідзеш на кантакт з адміністрацыяй — хутчэй за ўсё, цябе адправяць у карцэр ці штрафны ізалятар. Там у камэры нары прышпільваюць да сьцяны, і таму цягам дня ты мусіш ці хадзіць, ці сядзець. Умовы там, мякка кажучы, вельмі жорсткія. Пра ўзровень санітарыі можна ўвогуле не казаць, холадна, вільгаць, мала сьвятла, на шпацыры не выводзяць, сьвежага паветра няма».

Вязень карцэра таксама пазбаўлены харчоў, якія яму прыслалі з волі, не атрымлівае карэспандэнцыі і сам ня мае права дасылаць лісты. У беларускім камітэце абароны правоў вязьняў «Над бар’ерам» умовы ў карцэрах большасьці беларускіх калёній называюць катаваньнямі.

Зьміцер Касьпяровіч
Зьміцер Касьпяровіч: «Магчыма, зараз, улетку, там яшчэ больш-менш, а ўзімку там тэмпэратура блізкая да нуля, у вязьня ягоную вопратку адбіраюць, выдаюць адмысловую, вельмі халодную. Пасьля некалькіх такіх карцэраў можна застацца інвалідам. Такім чынам, гэта катаваньні, прычым узаконеныя».

Арганізацыя былых вязьняў «Над бар’ерам» таксама заявіла пра намер дапамагчы Мікіту Ліхавіду.

10 чэрвеня Алена Ліхавід спрабавала даведацца ў Наваполацкай калёніі пра сына, але зноў няўдала. Начальнік калёніі быў у камандзіроўцы, дзяжурны нічога не паведаміў:

«А выхавацель, зь якім я размаўляла ў сераду, — яго на месцы на аказалася. Гэта Дзьмітрый Сяргеевіч Красько».

Пазьней мне ўдалося датэлефанавацца да міліцыянта Дзьмітрыя Красько. Пачуўшы пра Радыё Свабода, выхавацель вязьняў спаслаўся на тэрміновую нараду:

Добры дзень. Дзьмітрыя Красько можна?

— Слухаю ўважліва.

— Гэта Радыё Свабода. Вы маглі б распавесьці пра Мікіту Ліхавіда…

— Прабачце, у мяне прадстаўнікі з вобласьці, пазваніце пазьней.

Першы раз на пачатку траўня Мікіта Ліхавід быў пакараны дзесяцьцю суткамі карцэра. Празь некалькі дзён пасьля вызваленьня атрымаў яшчэ 15 сутак, а потым яшчэ 5.

Мікіта Ліхавід
Нарадзіўся 27 траўня 1990 г. у Менску. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Менскага інстытуту кіраваньня. Навучаўся завочна. Пасьля падзей 19 сьнежня, па словах кіраўніцтва факультэту, выключаны ня быў, але аўтаматычна трапіў у акадэмічны адпачынак (не пасьпеўшы здаць адзін залік з-за арышту), аднаўленьне зь якога ў бліжэйшыя 1—2 гады наўрад ці магчымае. Хоць у той жа час хлопцу прыйшло афіцыйнае запрашэньне на сэсію.

Актывіст руху "За свабоду". Затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, асуджаны на 15-суткавы арышт. 23 студзеня пастанова аб арышце скасаваная. Мікіта зрабіўся абвінавачаным па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG