Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІСЭПД: большасьць беларусаў ня верыць уладзе


Большасьць беларусаў лічаць улады вінаватымі ў валютным крызісе і ня вераць у афіцыйную вэрсію красавіцкага тэракту ў Менску. Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага 10-20 траўня зарэгістраваным у Літве Нацыянальным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаваньняў.

50,6% апытаных заявіла, што праблемы з валютай — вынік няправільнай эканамічнай палітыкі ўладаў. Пры гэтым 26% бачаць прычыну праблем у сусветным эканамічным крызісе, а 13% бачаць у гэтым вынік дзейнасьці сілаў, варожых Беларусі.

За рынкавыя рэформы выказаліся 66,6% апытаных — гэта рэкордны высокі паказчык за ўсе гады апытаньняў.

Зьнізіўся давер да ўладаў і па ўсіх іншых кірунках. Гэтак, 54% апытаных ня вераць у афіцыйную вэрсію тэракту ў менскім мэтро 11 красавіка. Давярае афіцыйнай вэрсіі пра тэрарыста-адзіночку толькі 29% апытаных.

28% апытаных лічыць асуджаных за ўдзел у пасьлявыбарчым пратэсьце ў Менску «зусім не вінаватымі». Яшчэ 25% лічаць асуджаных вінаватымі, але прысуды ім — занадта жорсткімі. Пры гэтым 7% заявілі, што прысуды ім «занадта мяккія», а 25% — што прысуды адпавядаюць віне.

4.3% апытаных адказалі, што за апошні год бралі ўдзел у масавых акцыях пратэсту. 8.2% апытаных выказалі гатоўнасьць узяць удзел у такіх пратэстах, калі яны адбудуцца найбліжэйшым часам у іх мясцовасьці.

Як адзначае газэта «Наша Ніва», з апытаньняў НІСЭПД вынікае, што ў 2011 годзе ў краіне фармуецца «антылукашэнкаўская большасьць». 50–55% апытаных па розных тэмах трымаюцца пазыцый, крытычных да ўлады. Прыкладна 30–35% па-ранейшаму ўладзе давяраюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG