Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паведамляючы аб рашэньні Аляксандра Лукашэнкі адмяніць павышэньне цэнаў на бэнзін пад уплывам пратэсту кіроўцаў у Менску 7 чэрвеня, The Financial Times піша, што цяперашні крызыс у Беларусі быў выкліканы рэзкім павышэньнем бюджэтных выдаткаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў сьнежні 2010.

«У выніку, у Беларусі пахіснулася раўнавага плацёжнага балянсу, рэзэрвы цэнтральнага банку высахлі, замежная валюта зьнікла з банкаў, цэны скочылі ўгору, а прадпрыемствы пачалі звальняць працаўнікоў – гэта прыйшло як шок у краіне, якая да нядаўняга часу імкнулася ў савецкім стылі забясьпечыць поўнае працаўладкаваньне» -- піша варшаўскі карэспандэнт выданьня, Ян Ценскі.

Каб вярнуць сабе кантроль над эканомікай, працягвае газэта, Лукашэнка будзе вымушаны рабіць вельмі непапулярныя захады.

«Беларусь атрымала пазыку 3 мільярды даляраў з фонду ЭўрАзЭС, кіраванага Расеяй, але ўзамен будзе вымушаная прадаць дзяржаўную маёмасьць на суму 7.5 мільярда даляраў – большасьць зь якой можа апынуцца ў расейскіх руках – і правесьці глыбокія эканамічныя рэформы. Беларусь таксама папрасіла крэдыт 8 мільярдаў даляраў у Міжнароднага валютнага фонду, але верагоднай цаною гэтага крэдыту таксама будуць эканамічныя рэформы» -- сьцьвярджае Financial Times.

Паводле выданьня, прыватызацыя можа аслабіць ухватку Аляксандра Лукашэнкі, зь якой ён трымаецца ўлады.
XS
SM
MD
LG