Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тэрмін расьсьледаваньня тэракту ў менскім мэтро працягнуты

  • БелаПАН

Пра гэта паведамілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі і дадалі, што сьледзтва знаходзіцца ужо ў завяршальнай стадыі. У выніку выбуху на станцыі "Кастрычніцкая" 11 красавіка загінулі 15 чалавек, каля 200 былі параненыя.

Як паведаміў журналістам яшчэ 29 красавіка намесьнік генэральнага пракурора, кіраўнік сьледчай групы Андрэй Швэд, абвінавачаньне ў тэрарызьме (ч. 3 арт. 289 КК) выстаўлена двум грамадзянам Беларусі. Аднаму зь іх таксама выстаўлена абвінавачаньне ва ўчыненьні тэрактаў 14 і 22 верасьня 2005 году ў Віцебску і ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 году ў Менску.

Андрэй Швэд заявіў, што ў 2009 годзе ў праваахоўных органаў ужо была магчымасьць выкрыць злачынцу, які ўчыніў тэрарыстычны акт у 2008 годзе ў Менску. Аднак з-за халатнасьці службовых асобаў гэтага зроблена не было. Размова ідзе пра тое, што ў абвінавачанага не былі ўзятыя адбіткі пальцаў падчас прызыву ў войска. Па факце халатнасьці распачата крымінальная справа.

31 траўня Андрэй Швэд паведаміў, што устаноўлена дачыненьне абвінавачаных у тэракце ў менскім мэтро да 14 злачынстваў з 2000 па 2011 гады. Яны былі ўчыненыя ў адным зь мікрараёнаў Віцебску ў асноўным з прымяненьнем самаробных выбуховых прыладаў. Сьледзтва зьбірае неабходныя доказы для завяршэньня расьсьледаваньня гэтых фактаў і для выстаўленьня абвінавачаньня ва ўчыненьні злачынстваў.
XS
SM
MD
LG