Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Хашчавацкі: Трэба больш цяпер працаваць схаванымі камэрамі


Госьць Начной Свабоды – кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, аўтар трох дзясяткаў дакумэнтальных стужак, ляўрэат некалькіх міжнародных фэстываляў, у тым ліку фэстываляў праваабарончага кіно. На IX Міжнародным фэстывалі дакумэнтальных фільмаў «Chronograph», які прайшоў у сталіцы Малдовы Кішынёве, фільм «Лабатамія» Юрыя Хашчавацкага, які ўдзельнічаў у асноўным конкурсе, уганаравалі двойчы.

Адна з узнагарод — прыз глядацкіх сымпатый, другая — адмысловы прыз журы за «экспрэсіўнасьць аўтара і ягонае грамадзянскае сумленьне».

"Лабатамія" прысьвечана дзейнасьці расейскіх сродкаў масавай інфармацыі падчас і пасьля ваеннага канфлікту вакол Паўднёвай Асэтыі.


Соўсь: Віншую з узнагародай. Яна ужо ня першая ў гэтага фільма. Ці не хацелася б вам зрабіць кіно пра дзейнасьць беларускіх сродкаў масавай інфармацыі напрыклад падчас эканамічнага крызісу?

мне лёгка было зразумець мэтодыку расейскіх прапагандыстаў, бо я назіраў за тым, як гэта робіцца ў Беларусі

Хашчавацкі: Вядома ж, хацелася. Тым больш што, здымаючы "Лабатамію", мне лёгка было зразумець мэтодыку расейскіх прапагандыстаў, бо я назіраў за тым, як гэта робіцца ў Беларусі. Там проста было гарачэй, бо была вайна, а ў мяне быў альтэрнатыўны погляд другога боку - грузінскага. Так што - вядома, хацелася. Ды я, уласна кажучы, цяпер і зьбіраюся гэта рабіць.

Соўсь: І праўда, цяпер жыцьцё прапаноўвае столькі тэмаў - суды за Плошчу, асуджаныя многія вашы сябры, цяжкі эканамічны крызіс у краіне... Што вас цяпер найбольш закранае як мастака?

Хашчавацкі: Вы ведаеце, цяпер, як мне здаецца, унікальнасьць сытуацыі палягае ў тым, што ў Беларусі практычна не засталося ніводнага чалавека, які б не стаяў перад выбарам. Сёньня абсалютна ўсе людзі ў Беларусі стаяць перад выбарам - як з таго боку, так і з гэтага. Разумееце, Лукашэнка стаіць перад выбарам. Яму трэба выбіраць - куды ісьці, як дзейнічаць, што рабіць. Гэты выбар стаяў перад ім і 19 сьнежня. І ён выбраў. Перад выбарам стаялі і стаяць людзі, якія пасьля пайшлі ў турмы за свае перакананьнні і за сваё змаганьне. І гэта таксама выбар. Цяжкі выбар быў у Саньнікава, у Іры Халіп, у Аляксандра Фядуты, ва ўсіх тых дзясяткаў, соцень людзей, нават тысячаў, якія выйшлі на Плошчу і пацярпелі.

Cёньня не засталося ніводнага чалавека, які б не стаяў перад выбарам. Сёньня абсалютна ўсе людзі ў Беларусі стаяць перад выбарам - як з таго боку, так і з гэтага

Але самае цікавае, што далейшыя падзеі ў Беларусі, якія цяпер прывялі да эканамічнай, я б сказаў, катастрофы, яны ўцягваюць у гэтую сытуацыю і прымушаюць зрабіць выбар абсалютна ўсіх - кожнага чалавека, які мусіць зразумець як жыць далей. Як ставіцца да гэтай улады, да практыкі запалохваньня - баяцца ці не баяцца, адстойваць сваю свабоду, сваю годнасьць, свой дабрабыт, сваю магчымасьць жыць, а не існаваць у жабрацкім варыянце за нейкі кавалак хлеба - або не. Так што гэта ўнікальна, што ўсе мы пастаўлены перад выбарам.

Таму я хачу зрабіць фільм «Выбар», але я ня ўпэўнены, што я яго вельмі хутка зраблю, але я ўжо пачаў зьбіраць матэрыял з гэтай нагоды...

Дарэчы, і перад эўрапейцамі стаіць выбар – даваць крэдыты або не, што рабіць, як ставіцца да гэтых, з аднаго боку, хамскіх, жорсткіх дзеяньняў беларускіх уладаў. Што рабіць – калі не дамо крэдыты, дык загонім Беларусь у абдымкі Расеі, калі дамо, дык працягнем існаваньне гэтага жорсткага і дзікага рэжыму. Так, што рабіць? І вось мне здаецца, што людзям Госпад даў самае галоўнае права: кожны чалавек можа рабіць выбар. За яго ня выбера ніхто.

Соўсь: А які выбар стаіць перад рэжысэрам Хашчавацкім?

Хашчавацкі: Ну... мой выбар - рабіць фільмы, старацца ў гэтых фільмах гаварыць праўду. Тую праўду, якую разумею я, безумоўна, гэта суб'ектыўна, але тым ня менш, старацца быць сумленным у дачыненьні і да прафэсіі, і да самога сябе, і да сям'і, і да тых людзей, для якіх я жыву. Зноў жа, я магу й памыляцца, я магу нешта няправільна разумець, гэта натуральна. Але калі, дапусьцім, у нечым памыляюся - я памыляюся сумленна і я на гэта маю права.

Соўсь: Нядаўна ў беларускім сеціве гітом стала відэа, зьнятае схаванай камэрай, намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура, які на дыпляматычным прыёме тлумачыў бізнэсоўцу прычыны яго эканамічных праблемаў. Вы, як рэжысэр, як бы вызначылі жанр такога відэа?

Думаю, што спадару Туру было вельмі цяжка глядзець на гэтыя кадры, бо калі ён пабачыў самога сябе, ён ня мог не захапляцца гнюснасьцю гэтай натуры, якая існавала ў той момант у кадры і якая чамусьці звалася віцэ-міністрам эканомікі

Хашчавацкі: Гэта схаваная камэра і скандал. Я наагул лічу, што трэба як мага часьцей і больш цяпер пачаць працаваць схаванымі камэрамі - такія магчымасьці ёсьць. Людзі павінны паказаць усім астатнім твар гэтай улады. Гэта было вельмі ўдала паказана ў гэтых канкрэтных здымках, пра які вы кажаце - іх бескультурнасьць, іх фанфаронства, іх цынізм - усё гэта цудоўна выяўляецца ў гэтай здымцы. Я думаю, што гэта першая ластаўка. Я спадзяюся, што шмат хто пачне гэта рабіць, каб паказаць уладзе яе ўласны твар.

Думаю, што спадару Туру было вельмі цяжка глядзець на гэтыя кадры, бо калі ён пабачыў самога сябе, ён ня мог не захапляцца гнюснасьцю гэтай натуры, якая існавала ў той момант у кадры і якая чамусьці звалася віцэ-міністрам эканомікі... Іх трэба праколваць, іх трэба выцягваць за каўнер на божае сьвятло, каб усе бачылі, якія яны нізкія, якія яны мізэрныя, якія яны неразумныя, якія яны цынічныя, якія яны амаральныя - усё гэта трэба паказваць.

Соўсь: Вы адзін з аўтараў гумарыстычнай перадачы «Экспэрт» на тэлеканале «Белсат». Я яе рэгулярна гляджу. Ці вядома вам пра тое, як рэагуюць на гэтую перадачу асоб, якія вы востра і нават жорстка парадзіруеце – Ярмошына, Давыдзька, Якубовіч, Лукашэнка, Чаргінец ды іншыя?

Хашчавацкі: У мяне, дзякуй Богу, няма кантактаў з гэтымі недастойнымі людзьмі. Ніхто зь іх мне нічога не казаў, сваіх ацэнак не даваў. Але думаю, што калі не яны, дык іх калегі глядзяць на гэтую справу з задавальненьнем. Мне так чамусьці здаецца. Ва ўсялякім выпадку я нават пра гэта ведаю. Ходзяць чуткі.

Соўсь: У 1997 годзе неўзабаве пасьля выхаду фільму “Звычайны прэзыдэнт”, які атрымаў шэраг міжнародных узнагародаў, вас моцна зьбілі невядомыя, зламалі нагу. Пазьней вы сядзелі на Акрэсьціна пасьля адной з акцый пратэсту. Вы адчуваце цяпер увагу спэцслужбаў да вашай працы?

Хашчавацкі: Асабліва не. Мне здаецца, што яны перайшлі ад стылю сачэньня і хаджэньня за людзьмі... яны проста перакрылі ўсе магчымасьці. Напрыклад, выяжджаем мы з апэратарам, здымае мяне апэратар на адной зь менскіх вуліц, а на другі дзень гэтага апэратара пазбаўляюць акрэдытацыі. Такім чынам яны спрабуюць вакол мяне стварыць мёртвую зону. Для чалавека маёй прафэсіі гэта вельмі цяжкая сытуацыя. Але ў іх нічога не выходзіць. Нічога абсалютна.

Дзякуй Богу, цяпер я мабыць і ня ў першай сотні тых, каму ім даводзіцца надаваць увагу. А паколькі розуму ў іх і інтэлекту, прафэсіяналізму малавата - у тых сабакаў, якія працуюць на гэты рэжым, ёсьць прафэсіяналы, але яны маўчаць, яны ня надта стараюцца - дык ім цяпер значна больш праблем ствараюць простыя людзі, якія выяжджаюць на праспэкт і спыняюцца на акцыі "Стоп-бэнзін", або тыя прадпрымальнікі, якія ладзяць мітынгі з усіх бакоў. Усе гэтыя масы людзей, на тых хлопцаў, якія зьбіраюць проста цудоўныя групы ў сацыяльны сетках...

Уяўляеце, колькі ў іх праблем? Ім цяжка ўсё гэта спыніць. Так што я думаю, што супольнымі намаганьнямі трэба змагацца, трэба ім ствараць цяжкасьці ўсё большыя і большыя. У рэшце рэшт яны не ўтрымаюць, пара ўсё роўна вырвецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG