Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты Гомеля — за паўнавартасны бясплатны праезд школьнікаў


Гомельскія дэмакратычныя актывісты распачалі збор подпісаў за вяртаньне школьнікам паўнавартаснага бясплатнага праезду ў гарадзкім грамадзкім транспарце.

«Пакуль у школьнікаў канікулы, мы хочам вярнуць ім паўнавартасны бясплатны праезд, — кажа кіраўнік абласной арганізацыі партыі левых „Справядлівы сьвет“ Уладзімер Сякерка. — Такім праездам карыстаецца дзятва ў Менску. Там гарсавет прыняў рашэньне аб дадатковых мерах сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў падчас праезду ў грамадзкім транспарце. І ня важна, едзе менскі школьнік раніцай у школу ці па абедзе гуляць у футбол. У Гомелі ж школьнікі могуць ехаць бясплатна толькі раніцай у школу, а калі хлопчык ці дзяўчынка пасьля заняткаў едзе на сэкцыю, кантралёры аўтобусаў і тралейбусаў патрабуюць аплату».

Паводле спадара Сякеркі, актывісты ня ставяць на мэце сабраць тысячы подпісаў. Дастаткова й некалькі сотняў. Подпісы яны зьбіраюцца перадаць у абласны савет, каб той як мага хутчэй прыняў рашэньне і скасаваў няроўнасьць між гомельскімі й менскімі школьнікамі.

На станоўчы вынік актывісты спадзяюцца яшчэ й таму, што абласны савет цяпер ачольвае Марына Бондар, якая да нядаўняга часу была начальніцай абласной управы адукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG