Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім гарадзкім гаспадарчым судзе БНФ чарговым разам прайграў працэс аб высяленьні са славутага офіса на праспэкце Машэрава. Але высяляцца зь сядзібы фронтаўцы па-ранейшаму не зьбіраюцца.

9 чэрвеня апэляцыйная калегія Менскага гарадзкога гаспадарчага суду пакінула без задавальненьня пазоў партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ да камунальнай службы Савецкага раёну. Нагадаем, судовая цяжба ідзе вакол офіса па адрасе — праспэкт Машэрава, 8, які людзі называюць «сядзібай БНФ». Гэта памяшканьне БНФ займае з 1992 году. Летась у канцы году з Савецкага ЖРЭА ў БНФ паведамілі, што сядзібу трэба вызваліць. Маўляў, БНФ мае запазычанасьці ў аплаце арэнды, і дамову аб арэндзе офісу яны ў аднабаковым парадку будуць спыняць. Пра далейшае выкарыстаньне офіса камунальнікі паведамілі няпэўна: нібыта дзеля ўласных патрэбаў. Паколькі БНФ адмовіўся вызваляць сядзібу, ЖРЭА Савецкага раёну зьвярнулася ў суд і пакуль выйграе працэсы.

Партыя БНФ і аднайменнае грамадзкае аб’яднаньне падалі ў Менскі гаспадарчы суд сустрэчны пазоў. Яны прасілі суд абавязаць ЖРЭА заключыць зь імі дамову аб арэндзе офіса на той падставе, што 19 гадоў яны былі адзіным арандатарам і паводле закону маюць першачарговае права на працяг арэнды. Першы раз суд пазоў БНФ не задаволіў. Тады фронтаўцы паспрабавалі аспрэчыць гэтае рашэньне ў апэляцыйнай калегіі. Гэтая скарга разглядалася сёньня, 9 чэрвеня. У судзе прадстаўнік БНФ, экс-кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў зноў даводзіў, што калі БНФ і меў запазычанасьці ў аплаце арэнды, то ніколі не даўжэйшыя за месяц, і ніколі яны не абкладаліся штрафнымі санкцыямі.

Прадстаўніца Савецкага ЖРЭА Тацяна Ваньковіч пацьвердзіла, што дамову з БНФ не перазаключылі аднабакова. Паводле спадарыні Ваньковіч, на плошчах сядзібы БНФ, магчыма, будзе разьмешчаная інвалідная служба, якая уваходзіць у ЖРЭА. Рыгор Кастусёў гэтым зьвесткам запярэчыў і паведаміў калегіі на чале з судзьдзём Кулакоўскім, што пра інвалідную службу ён чуе ўпершыню:

«Зьвярніце ўвагу, яшчэ 20 студзеня ў лісьце Менгарвыканкаму кажуць, што мы страцілі пераважнае права на заключэньне арэнды. Ні аб якім выкарыстаньні офіса для інваліднай службы не ішла гаворка…».

Судзьдзя Кулакоўскі: «Прабачце, спыню вас. Ці стаіць сёньня ўвогуле пытаньне пра пераважнае права, калі ніхто з удзельнікаў працэсу ня ведае і не пацьвярджае, што гэтае памяшканьне будзе выкарыстана іншым арандатарам?».

Кастусёў: «У нас выведкі няма, мы ня ведаем, каго яны туды зьбіраюцца засяліць».

Судзьдзя Кулакоўскі: «Але ж пра гэта можна будзе даведацца явачным парадкам. Праз тыдзень, два, тры можаце наведаць тое памяшканьне і даведацца…».

Кастусёў: «Але ж нас тады ўжо выселяць».

Судзьдзя Кулакоўскі: «592 артыкул Грамадзянскага кодэксу дае вам такі спосаб абароны, як перавод правоў у новага арандатара на старога. І гэта можа быць прадметам новага судовага працэсу».

У выніку пазоў БНФ зноў не задаволілі. Гэтае рашэньне можна яшчэ абскардзіць у Вышэйшым гаспадарчым судзе, і кіраўніцтва БНФ кажа, што выкарыстае і гэтую магчымасьць. Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Мы да апошняга будзем адстойваць сваё права на гэты офіс. Калі ўжо прыйдуць судовыя выканаўцы і будуць нас выводзіць, значыць — так, безумоўна, мы фізычна ня будзем супраціўляцца. Але ўсё магчымае, каб застацца ў офісе, будзем рабіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG