Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непаўналетнюю ўдзельніцу акцыі салідарнасьці паставілі на прафіляктычны ўлік ва ўнівэрсытэце


Ганна Шкадун

Ганна Шкадун

9 чэрвеня Ленінскі суд Магілёва не знайшоў падстаў, каб задаволіць скаргу жыхаркі абласнога цэнтру Натальлі Шкадун на раённую камісію па справах непаўналетніх.

Гэтая камісія разглядала адміністрацыйную справу, распачатую Ленінскім аддзелам міліцыі па факце ўдзелу дачкі скаржніцы Ганны ў акцыі салідарнасьці, якая адбылася 16 студзеня. Непаўналетнюю дзяўчыну зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

Як даводзіла суду Натальля Шкадун, справу яе дачкі камісія ня мела права разглядаць, бо тая справа была складзена з парушэньнямі заканадаўства, што пацьвердзіла праверка пракуратуры. Па яе выніках участковаму міліцыянту капітану Ўладзімеру Радзевічу вынесена папярэджаньне.

"Камісія ўсё ж разгледзела справу, але Ганну на ўлік не паставілі толькі таму, што скончыўся тэрмін адміністрацыйнай адказнасьці. Камісія не азнаёмілася з матэрыяламі сьледзтва як мае быць, бо ў матэрыялах процьма парушэньняў і фальшаваньняў. Напрыклад ёсьць разыходжаньні ў пратаколе адміністрацыйнага правапарушэньня зь яго копіяй. Камісію нічога не цікавіла больш, акрамя факту зьдзейсьненага правапарушэньня — калі яно ёсьць, то чалавека абавязкова трэба караць. Хоць Ганну не паставілі на ўлік камісіі, аднак яна стаіць на прафіляктычным уліку ва ўнівэрсытэце імя Куляшова. З-за гэтага ў яе ўжо ёсьць праблемы. Яна на сэсіі толькі з трэцяга разу здала ідэалёгію", зазначае Натальля Шкадун.

Праз суд скаржніца намагалася адмяніць пастанову камісіі па справах непаўналетніх у сувязі з фальшаваньнем дакумэнтаў, а таксама зьняць дачку з прафіляктычнага ўліку ва ўнівэрсытэце.

Прэтэнзіі Натальлі Шкадун камісія па справах непаўналетніх не прызнала. Прадстаўніца камісіі заявіла на судзе, што разгляд справы адбываўся паводле заканадаўства. Судзьдзя Ірына Сарока довады Натальлі Шкадун прызнала няпоўнымі й недастаткова абгрунтаванымі, таму скаргу пакінула без задавальненьня.

Натальля Шкадун вырак суду лічыць несправядлівым і мае на мэце працягнуць барацьбу за ўшчэмленыя, як яна кажа, правы сваёй дачкі.

У акцыі салідарнасьці 16 студзеня ўдзельнічалі дзевяць чалавек. Двое зь іх, фронтаўцы Сяргей Нягацін і Валянцін Лабачоў, пабывалі пад адміністрацыйным арыштам. Беспартыйнага студэнта ўнівэрсытэту імя Куляшова Максіма Анцыповіча пакаралі штрафам у 525 тысяч рублёў. Натальлі Шкадун вынесьлі папярэджаньне.
XS
SM
MD
LG