Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьняволенаму Андрэю Пачобуту забаранілі размаўляць з бацькам па-польску


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Сёньня бацька журналіста Андрэя Пачобута Станіслаў Пачобут меў спатканьне з сынам у турме. Аднак ахоўнікі неўзабаве перапынілі яго. Прычына: бацька з сынам размаўлялі на польскай мове.

Распавядае Станіслаў Пачобут:


"Мяне папярэдзілі перад сустрэчай з Андрэем, што я ня маю права размаўляць па-польску, што я грамадзянін Беларусі і павінен гаварыць на беларускай ці на рускай мове. А перад тым мы сустракаліся і дзьве гадзіны размаўлялі па-польску".

Першая сустрэча бацькі з сынам адбылася ў турме на мінулым тыдні.

Станіслаў Пачобут: "Я спытаў Андрэя, ён сказаў, што мы маем права размаўляць на роднай для нас польскай мове, толькі ўлады турэмныя, напэўна, трактуюць гэта інакш. Пасьля дваццаці хвілінаў размовы па-польску яго забралі. Раз падышоў ахоўнік — папярэдзіў: нельга, другі раз падышоў — папярэдзіў, трэці раз спытаў — будзеш размаўляць па-польску? Ну, тады давай, пайшлі. А мяне вывелі зь перагаворнага пункту. Ніхто не супраціўляўся, ніхто не крычаў, не караў. Усё было маўкліва з майго боку і маўчаў ахоўнік".

Падчас першай сустрэчы бацькі і сына Пачобутаў ім ніхто не забараняў размаўляць на польскай мове, кажа Станіслаў Пачобут:

"Але потым яны вырашылі, што гэта парушэньне з нашага боку турэмнага рэжыму, і забаранілі сустрэчу".

Суд над журналістам прызначаны на 14 чэрвеня. Жонка Андрэя Пачобута Аксана ня ведае, ці прыедзе ў гэты дзень у Горадню хто-небудзь з Польшчы:

Аксана Пачобут
"Нічога не магу сказаць: хто прыедзе ці не. І ці прыедзе ўвогуле хто-небудзь. Наколькі я чула, зьбіраюцца прыходзіць пад суд людзі, нягледзячы на тое, што ён будзе закрыты — журналісты і Саюз палякаў".

Пацьверджаньня ад адваката наконт таго, што працэс будзе адбывацца ў закрытым рэжыме, Аксана Пачобут пакуль ня мае:

"Не, з адвакатам я не размаўляла. Толькі ад Андрэя ведаю, яму папера прыйшла".

Пра гэта муж ёй сказаў на спатканьні, якое яна мела зь ім днямі ў турме, кажа Аксана Пачобут.

Выканаўца абавязкаў старшыні Саюзу палякаў Анжаліка Арэхва тым часам зазначае:

Анжаліка Арэхва
"Мы зьбіраемся пайсьці пад суд і выказаць сваю салідарнасьць з Андрэем Пачобутам. Прыйдуць, хто будзе мець такое жаданьне, бо вельмі многа чальцоў Саюзу палякаў пыталіся наконт суду, яны хочуць прыйсьці. Гэта не забаронена, кожны мае права прыйсьці".

Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай "Газэты выборчай". У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з "Газэты выборчай" і дзьве з інтэрнэту — зь "Беларускага партызану" і "Жывога журналу". Журналісту прад’яўлена абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ — 368, частка 1 — "абраза" і 367, частка 1 — "паклёп" у адносінах да прэзыдэнта. Па першым зь іх прадугледжана пакараньне да двух гадоў зьняволеньня, па другім — ад двух да чатырох гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG