Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прызналі справядлівай незадаволенасьць прадпрымальнікаў


У Менгарвыканкаме адбылася сустрэча з індывідуальнымі прадпрымальнікамі рынку "Малінаўка" і кіраўніцтвам СТАА "АлвикапиталИнвест". У ходзе сустрэчы кіраўніцтву рынку даручана адклікаць выдадзеныя паведамленьні аб скасаваньні дамоваў з арандатарамі гандлёвых месцаў і рэкамэндавана выконваць дасягнутую раней дамоўленасьць.

Гэта адбылося пасьля таго, як на сваім сходзе 7 чэрвеня індывідуальныя прадпрымальнікі, якія працуюць на менскім рынку "Малінаўка", вырашылі правесьці 15 чэрвеня папераджальны страйк.

Менгарвыканкам робіць дадатковыя захады дзеля ўрэгуляваньня канфліктнай сытуацыі паміж арандатарамі рынку "Малінаўка" і яго ўласьнікам "АлвикапиталИнвест", перадае БелТА.

Канфліктная сытуацыя склалася з прычыны прынятага ўласьнікам рынку рашэньня скасаваць дамовы арэнды з прадпрымальнікамі ў сувязі з плянаванай рэканструкцыяй рынку. Сытуацыя цягнецца са студзеня бягучага году. Менгарвыканкам неаднаразова праводзіў сустрэчы з зацікаўленымі бакамі. У студзені была дасягнутая дамоўленасьць з арандатарамі і ўласьнікам, што арэндныя адносіны могуць быць спыненыя толькі пасьля таго, як гарвыканкам прыме рашэньне аб рэканструкцыі рынку.

Аднак "АлвикапиталИнвест" у аднабаковым парадку парушыў дамоўленасьць і ў чэрвені накіраваў прадпрымальнікам паведамленьні аб скасаваньні дамоваў арэнды з 4 ліпеня, што і выклікала незадаволенасьць з боку арандатараў.

Самі прадпрымальнікі пакуль адмаўляюцца ад камэнтароў, спасылаючыся на адсутнасьць дакумэнтаў аб прынятых уладамі рашэньнях.
XS
SM
MD
LG