Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Конан: "Урэшце перамагаюць прарокі"


Уладзімер Конан у сваёй кватэры. 1 красавіка 2010 году

Уладзімер Конан у сваёй кватэры. 1 красавіка 2010 году

Беларусь разьвіталася з Уладзімерам Конанам – мысьляром, доктарам філязофіі, дасьведчаным дасьледчыкам клясычнай беларускай літаратуры і фальклёру. Ён памёр на 78 годзе жыцьця, не пасьпеўшы падрыхтаваць да друку галоўную сваю працу – трохтомавую "Гісторыю эстэтычнай думкі Беларусі". Пра Конана – навукоўца і чалавека – мы сёньня гаворым з доктарам гуманістыкі Юрасём Гарбінскім.

Міхась Скобла: “Юрась, год таму Ўладзімер Конан быў госьцем маёй перадачы, і я спытаўся (маючы на ўвазе цікавасьць яго як дасьледчыка да розных эпохаў), а дзе, у якім часе вам, Уладзімер Міхайлавіч, найбольш утульна? І ён адказаў – у сярэднявеччы. Як ты лічыш, чым Конана так вабіла эпоха Скарыны?”

Юрась Гарбінскі
Юрась Гарбінскі: “Думаю, што яго яднала з эпохай Скарыны тое, што ён сам быў чалавекам-унівэрсалам. У тым сэнсе, што ён умеў з розных пэрспэктываў глянуць на зьяву ў літаратуры, у гісторыі, у культуры, у фальклёры. Прычым глядзеў на зьявы і пісаў пра іх глыбока, з дасьведчанасьцю. Чаму яму было няўтульна ў нашым часе? Мне здаецца, ён сам адказаў на гэтае пытаньне ў адным са сваіх артыкулаў, працытаваўшы Ісуса Хрыста: “Ніводзін прарок не прымаецца ў сваёй Бацькаўшчыне”. Але Конан тамсама дадаў сваю рэфлексію да гэтых словаў: “Але ўрэшце перамагаюць прарокі”. Я думаю, што гэта і ёсьць адказам на пастаўленае табой пытаньне. У наш няпросты час няма прарока ў сваёй айчыне. Але навуковая дзейнасьць прафэсара Конана – сьведчаньне таго, што прарокі перамагаюць, перамагаюць нават тады, калі адыходзяць у іншы сьвет”.

Скобла: “Думаю, не аднаго мяне ўразіла жытло Конана – звычайная, я нават сказаў бы – аскетычная, аднапакаёўка ў менскай Серабранцы. Ні тэлевізара, ні кампутара… Як жа ён сачыў за новымі плынямі ў сусьветнай філязофіі, эстэтыцы, літаратуразнаўстве?”

Гарбінскі:
“Мы неяк жартавалі з прафэсарам Уладзімерам Агіевічам, што для Конана, як для таго Дыягена, дастаткова бочкі, каб з яе бачыць увесь сьвет. Ведаючы доктара Ўладзімера Конана цягам 20 гадоў, магу сказаць, што ён вельмі шмат чытаў. Ён многа чытаў з расейскай літаратуры – усё, што было зьвязана з літаратурай, з культурай, філязофіяй. Ён быў сапраўдным кніжнікам. Лепшым сьведчаньнем гэтага зьяўляецца тая незвычайная калекцыя кніг, якая знаходзіцца ў ягонай кватэры на вуліцы Малініна. Там няма выпадковых выданьняў. Там толькі тое, з чым працаваў Уладзімер Конан усе гэтыя гады”.

Скобла: “Уладзімер Конан – глыбока нацыянальны філёзаф, закліканы думаць пра вечныя каштоўнасьці. Але мне даводзілася бачыць яго і на апазыцыйных мітынгах, і на актуальных паседжаньнях, дзе ён часам выступаў даволі радыкальна. Помніцца, на адной сустрэчы ў канфэрэнц-залі колітшняга Дому літаратара Конан назваў бальшавізм адной зь першых формаў фашызму. Ці не перашкодзілі яму падобныя выказваньні ў навуковай кар’еры? Скажам, ён так і ня стаў акадэмікам”.

Гарбінскі: “Прафэсар Конан ніколі ня гнаўся за чынамі і пасадамі. У гэтым
Конан адным зь першых беларускіх навукоўцаў паставіў знак роўнасьці паміж бальшавізмам і фашызмам і паказаў карані той зьявы, якую мы называем Халакостам ...

выявілася сутнасьць ягонай душы. Невыпадкова аднойчы ён напісаў: “Таленавіты чалавек шмат значыць без пасадаў і званьняў”. Конан заўсёды меў сваю думку. Што цікава, гэтую думку ён выказваў так, каб яна была пачута і зразумета. Я не сказаў бы, што ён быў радыкалам. Хутчэй за ўсё, ён стараўся лягічна, доказна, спакойна паказаць, даказаць, прадставіць свае аргумэнты і свой пункт погляду. Мы ніколі не павінны забываць той факт, што прафэсар Конан адным зь першых беларускіх навукоўцаў паставіў знак роўнасьці паміж бальшавізмам і фашызмам і паказаў карані той зьявы, якую мы называем Халакостам”.

Скобла: “У беларускай Акадэміі навук заўсёды няпроста працавалася навукоўцам з неардынарнымі поглядамі. Як там так доўга пратрымаўся Конан?”

Гарбінскі: “У гэтым і палягае фэномэн, своеасаблівая загадка прафэсара Конана, які ўмеў нават у няпростай сытуацыі савецкай рэчаіснасьці захаваць, адстаяць сваю пазыцыю. Уладзімер Міхайлавіч сапраўды быў памяркоўным, разважным і далікатным чалавекам, але ён ніколі не прымаў хлусьні, крывадушнасьці і падхалімства. Нагадаю тут адзін факт. Доктар Конан ці не ўпершыню расказаў праўду аб тым, як адмоўна акадэмік і чыноўнік Кандрат Крапіва глядзеў на літаб’яднаньне “Ўзвышша” і на Адама Бабарэку. А Крапіва, між іншым, быў кіраўніком яго кандыдацкай дысэртацыі. Тым ня менш, нават у такой сытуацыі Конан захаваў свой пункт бачаньня ўзвышэнцаў. Конан паказаў іншы бок байкара Кандрата Крапівы, бок непрывабны, паказаў чыноўніка, які старанна служыў савецкай сыстэме. Уладзімер Конан адным зь першых загаварыў ня толькі пра ахвяры рэпрэсій, але і назваў па імёнах тых, хто спрычыніўся да трагедыі Гарэцкага, Бабарэкі ды іншых. Конан не пабаяўся назваць імя Васіля Барысенкі, які спрычыніўся да перасьледу Максіма Гарэцкага. Барысенка за свае "заслугі" са старэйшага навуковага супрацоўніка раптам стаў дырэктарам Інстытуту літаратуры. Ён у сваіх артыкулах вінаваціў клясыка беларускай прозы Максіма Гарэцкага ў нацыяналізме, і ўрэшце пісьменьніка расстралялі… Думаецца, прыйшла пара на тое, каб у Беларусі і ў краінах пост-савецкага блёку выходзілі ня толькі сьпісы ахвяраў, але і сьпісы катаў, тых, якія вынішчалі цьвет нацыі”.

Скобла: “Уладзімер Конан неаднойчы пісаў прадмовы і пасьляслоўі да тваіх кніг. Ён згаджаўся адразу, ці даводзілася ўгаворваць?”

Гарбінскі: “Я ўдзячны Богу, што ён зьвёў нас аднойчы, і наша сяброўства доўжылася два дзесяцігодзьдзі. Уладзімер Міхайлавіч шмат у чым дапамог мне пры падрыхтоўцы энцыкляпэдыі “Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагодзьдзя”, напісаў да яе пасьляслоўе. У нашых адносінах не было месца ўгаворам, не было падхалімства, было нешта натуральнае, што нас яднала. Я думаю, што Ўладзімер Конан быў хрысьціянінам па духу. І ідэя стварыць мартыралёгію беларускага сьвятарства яго захапіла, бо ўпершыню ў беларускай гісторыі прагучалі імёны “забытых і забітых”, як ён потым напісаў у сваім пасьляслоўі”.

Скобла: “Памятаю, як заканчвалася тое пасьляслоўе: “Давайце ж усклікнем у рытарычным стылі Сімяона Полацкага – пяро і кампутар Юрасю Гарбінскаму!”

Гарбінскі: “Уладзімер Міхайлавіч быў адным з нямногіх беларускіх навукоўцаў, якія ўмеюць радавацца посьпеху іншых. Ён пакінуў пасьля сябе цэлую школу філёзафаў, гісторыкаў, літаратуразнаўцаў. Гэта вядомыя сёньня імёны, я іх ня буду прыгадваць. Кожны па-свойму вучыўся ў Конана, прадаўжае і будзе прадаўжаць традыцыі свайго настаўніка”.

Скобла: “Летась выйшаў першы том фундамэнтальнага трохтомавага дасьледаваньня Ўладзімера Конана “Гісторыя эстэтычнай думкі Беларусі”. Сам дасьледчык лічыў яго галоўнай справай свайго жыцьця. Ці пасьпеў ён напісаць другі і трэці тамы?”

Гарбінскі: “Калі месяц таму мы сустракаліся з Уладзімерам Міхайлавічам у яго кватэры на вуліцы Малініна, ён мне паказаў рукапіс другога тому гэтай працы. Літаральна рукапіс, бо Конан не карыстаўся кампутарам, для яго асадка была найважнейшаю прыладаю, ён і ў гэтым сэнсе застаўся традыцыяналістам. Ня ведаю, дзе сёньня той рукапіс. Ведаю, што рыхтаваўся і трэці том. Ва ўсякім выпадку, будзем спадзявацца, што ненадрукаваная спадчына Ўладзімера Конана трапіць у добрыя рукі і ня згубіцца ў архівах часу”.

Скобла: “Якія дасьледаваньні Конана можна ўжо сёньня лічыць “конанічнымі”, не падлеглымі перагляду?”

Гарбінскі: “Думаю, што ўсе 11 манаграфій прафэсара Конанака ўвойдуць у аналы вечнасьці. Увага наступных пакаленьняў ім забясьпечаная. Не “засаромеецца патомак”, узяўшы ў рукі кнігу Конана “Беларуская народная культура: міталягічныя і хрысьціянскія архетыпы”, якая пакуль што нявыдадзеная. Ці, напрыклад, гісторыка-тыпалягічнае дасьледаваньне “Беларуская мастацкая культура ў кантэксьце хрысьціянскай цывілізацыі”.
Уладзімер Конан быў, ёсьць і будзе для беларусаў тым, кім былі, ёсьць і будуць для нас Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч ...

Гэта надзвычай цікавыя, фундамэнтальныя працы. Уладзімер Конан быў навукоўцам і чалавекам высокага гарту, тытанам духу. Але ўмеў і любіў пажартаваць. Незадоўга да свайго адыходу ён папрасіў мяне: “Юра, пашукай мне добры кіёчак, але такі закручаны, сьветлы, як у Папы Рымскага, каб можна было павесіць на руку і не згубіць”. Я паехаў у Варшаву, і там знайшоў такую кульбаку, пра якую марыў Уладзімер Міхайлавіч. На жаль, я ня змог перадаць яму свой падарунак, гэта зрабіў прафэсар Уладзімер Агіевіч. Пры нашай апошняй сустрэчы ў лечкамісіі Уладзімер Конан, падзякаваўшы за кульбаку, сказаў: “Цяпер з гэтым кіем я магу сьмела ісьці ў ВАК і паганяць розных псэўданавукоўцаў і чыноўнікаў, якія там незаслужана займаюць месцы”… Усё ў гэтым жыцьці мінаецца. Закончылася эпоха зямнога жыцьця доктара Конана, пачынаецца яго эпоха як навукоўца. Уладзімер Конан быў, ёсьць і будзе для беларусаў тым, кім былі, ёсьць і будуць для нас Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч".
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG