Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы атрымаюць прэміі Свабоды


Амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн - сярод ляўрэатаў прэміі

Амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн - сярод ляўрэатаў прэміі

Праваабарончы цэнтар "Вясна", "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і "Свабодны тэатр" атрымаюць прэміі Свабоды падчас Уроцлаўскага глябальнага форума, які адбываецца 9-11 чэрвеня.

Таксама ўзнагароды атрымаюць эгіпэцкая блогерка Эсраа Абдэль Фатах, стваральніца руху моладзі за рэвалюцыйныя зьмены ў Эгіпце, амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн, прэм'ер-міністар Малдовы Уладзімір Філат ад імя малдаўскага народу, міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі ад імя польскага народу, а таксама заснавальнікі "Газеты Выборчай" Гелена Лучыва і Адам Міхнік.

Уроцлаўскі Глябальны форум, у якім возьмуць удзел 250 палітыкаў, дыпляматаў і экcпэртаў, будзе прысьвечаны стасункам Эўропы з ЗША, будучыні Беларусі, рэвалюцыям у Паўночнай Афрыцы.

Паводле праваабарончага цэнтру "Вясна", у мерапрыемстве возьмуць удзел прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, намесьнік міністра абароны ЗША Аляксандр Вершбоў і беларускія палітыкі Станіслаў Шушкевіч і Аляксандр Мілінкевіч.

Вызначае ляўрэатаў Прэміі Свабоды Атлянтычная Рада Злучаных Штатаў Амерыкі. У мінулым годзе гэтай узнагародай былі ўганараваныя "Жанчыны ў белым" - маці, сёстры і жонкі палітычных вязьняў на Кубе.

Прэмія свабоды ўручаецца з 2009 году за садзейнічаньне разьвіцьцю дэмакратыі і барацьбу за правы чалавека.. Гэтую ўзнагароду атрымлівалі дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, міністар замежных спраў Германіі Гіда Вэстэрвэле, а таксама былыя кіраўнікі Польшчы і Чэхіі Лех Валэнса і Вацлаў Гавэл.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG