Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колы пратэсту: чарка, скварка і патрыманая іншамарка


Чаго насамрэч дамагаліся ўдзельнікі ўчорашняй акцыі «Стоп-бэнзін» у Менску? Як рэагуе на «Стоп-бэнзін» грамадзтва? Ці можа гэтая акцыя стаць каталізатарам больш шырокіх пратэстаў? Ці стануць улады душыць гэтую ініцыятыву гэтак жа жорстка, як і акцыі традыцыйнай апазыцыі?

Над гэтымі тэмамі ў «Экспэртызе Свабоды» разважаюць адзін зь лідэраў ініцыятывы «Стоп-бэнзін» Арцём Шаркоў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі "БелаПАН" Аляксандар Класкоўскі.


Юры Дракахруст

Дракахруст: У розных выданьнях абмяркоўваецца, чаму беларусы не пратэстуюць ва ўмовах вострага эканамічнага крызісу. А яны як раз і запратэставалі, учора адбылася яскравая і выразная акцыя ў Менску "Стоп-бэнзін".

А чаго хочуць арганізатары, удзельнікі гэтай акцыі? Ці рэальна не падвышаць кошты на бэнзін? На ўсё ж падвышаецца, чаму бэнзін павінен быць выключэньнем? Ці насамрэч мэта – зусім іншая? Ці як такой няма акрэсьленай мэты – кепска, грошай няма, хочацца проста выказаць сваё абурэньне?

Шаркоў: Насамрэч людзі добра разумеюць, што кошты ў нашай краіне
Арцём Шаркоў

растуць на ўсё, ня толькі на бэнзін. І ня толькі ў нашай краіне, але і паўсюль. Але разам з тым гэтая акцыя, на якую выйшлі, выехалі людзі, мела на мэце прадэманстраваць нязгоду з той розьніцай, якая існуе ў нашай краіне, розьніцай паміж даходамі нашых людзей і іх выдаткамі.

Калі да дэвальвацыі літар паліва каштаваў даляр, людзям гэта было яшчэ прымальна, бо заробак быў афіцыйна 500 даляраў, рэальна – 350-400, яшчэ можна было неяк жыць. Пасьля гэтых эканамічных працэсаў людзі рэальна зьбяднелі, стала цяжэй набываць паліва за той жа даляр, бо кошты і на іншыя тавары ў разы падняліся.

Ну вось людзі і выехалі паказаць гэтую розьніцу, паказаць сваю незадаволенасьць тым эканамічным станам, у якім яны зараз апынуліся.

Бэнзін – гэта элемэнт, які прысутнічае ва ўсёй эканоміцы.
Гэта марш не пустых каструляў, а паўпустых бэнзабакаў.

Палівам запраўляюць уласныя машыны, машыны спажываюць паліва, прывозячы прадукты ў крамы, у цэнах на праезд у грамадзкім транспарце, у камунальных тарыфах – паўсюль сядзіць цана на паліва.

Дракахруст: Аляксандар, а як вы мяркуеце, тое, што адбылося ўчора ў Менску на праспэкце – гэта лякальная акцыя ці пачатак чагосьці больш шырокага? Аўтамабілісты – першыя, хто крыкнуў «Кароль голы», а далей працэс пойдзе?

Класкоўскі: Усе чакалі сацыяльных пратэстаў пралетарыяў, усе ўзгадвалі, як у 1991 годзе сто тысяч працаўнікоў МАЗа, МТЗ і іншых буйных прадпрыемстваў выйшлі на плошчу Леніна.

Аляксандар Класкоўскі

А тут – сярэдняя кляса. Гэта прадукт сытага лукашэнкаўскага застою. Калі раней чарка і скварка была ідэалам, то за гады сытага нафтавага афшору ўтварылася трыяда: чарка, скварка і патрыманая іншамарка.

І цяпер гэта марш не пустых каструляў, а паўпустых бэнзабакаў.

Сыстэма апынулася ў вельмі нязручнай сытуацыі, яна стала парушаць сацыяльны кантракт, які падтрымліваўся за кошт датацыяў з боку Расеі. І масы паказваюць, што яны ня хочуць зьядаць. Бо сёньня рэжым да таго ж дэманструе поўнае грэбаваньне інтарэсамі народу, народу ўпарваюць поўную лухту, што вінаватыя нейкія зьнешнія сілы, "пятая калёна", расейскія мэдыі спустошылі паліцы крамаў і г.д.

Хаця зьмест пратэсту быў эканамічны і сацыяльны, там лёзунгі былі на мяжы палітычных.

Лета – мёртвы палітычны сэзон, але ў жніўні трэба будзе дзяцей у школу зьбіраць, рабацягі застогнуць, калі ўбачаць, колькі гэта ўсё будзе каштаваць. Бізнэс таксама на мяжы выбуху, бо гэтае валютнае вар'яцтва паралізавала працу і тысячы людзей аказаліся ў аўце.

І калі рэжым думаў, што раструшчыўшы палітычную апазыцыю ён вырашыў усе праблемы, дык моцна памыліўся. Досьвед арабскіх дэспатыяў паказаў, што можна фізычна выразаць апазыцыю, але ў выніку выбух будзе страшэнны і бязьлітасны.

Дракахруст: Арцём, што б вы маглі сказаць пра рэакцыю грамадзтва на вашу ініцыятыву: рэакцыю мінакоў на
Людзі, якія выйшлі з аўтобусаў, сталі перад эвакуатарамі шыхтом, не даючы ім праехаць.

ўчорашнюю акцыю, рэакцыю ў інтэрнэце, рэакцыю міліцыі, дарэчы. Вы сказалі пра зьбядненьне, але тут паводле прымаўкі – ва ўсіх праблемы: у каго суп вадкі, ў каго пэрлы дробныя.

Калі ў чалавека ёсьць машына, дык ён ужо не жабрак. Можа ж быць і такое – машын накупілі, значыць грошы ёсьць, дык і на паліва знойдзецца.

Шаркоў: Вось тут як раз сытуацыя такая, што на акцыю выехалі ня самыя бедныя людзі. Як правільна адзначыў Аляксандар – з чаркай, скваркай і іншамаркай. Былі дзьве дзяўчыны на Бэнтлі Кантынэнталь, якая каштуе 300 тысяч эўра.

Але гэтыя людзі вельмі добра ўмеюць лічыць грошы, яны разумеюць, што капейка да капейкі – гэта рубель. Яны гатовыя за свае грошы выступаць і выказваць сваю нязгоду.

Што да рэакцыі людзей, то ня толькі мінакі, але людзі выходзілі з аўтобусаў і пляскалі ў далоні, паціскалі рукі ўдзельнікам акцыі, падтрымлівалі, словам.

Калі супрацоўнікі ДАІ праз паўтары гадзіны пасьля пачатку акцыі прыгналі эвакуатары, каб адцягваць машыны з праспэкту, то людзі, якія выйшлі з аўтобусаў, сталі перад гэтымі эвакуатарамі шыхтом, не даючы ім праехаць.

Акцыя мела выключна сацыяльны характар, яна так плянавалася і праводзілася. Менавіта тэма свайго рубля, якую кожны разумее, усіх аб'ядноўвала.

Дракахруст: А што наконт рэакцыі праваахоўных органаў? Ці можна сказаць, што на "Стоп-бэнзін" ціснуць гэтак жа, як і на апазыцыю?

Ці стаўленьне больш абачлівае, бо, па-першае, усё ж ня супраць бацькі наўпрост, а па-другое – патрабаваньні ж зразумелыя ўсім, у тым ліку і гэтым міліцыянтам? У іх у саміх машыны ёсьць.

Шаркоў: Менавіта апошняе. Ёсьць загад зьверху, каб не было гэтых акцыяў, каб не было хваляваньняў,
Была пэўная неафіцыйная дамова: дэманстранты не выказваюць палітычных заклікаў і лёзунгаў, міліцыя не ўжывае сілу.

што трэба людзей спыняць, не даваць ім выходзіць на вуліцу. Падчас дзьвюх папярэдніх акцый мяне затрымлівалі. Зараз таксама былі затрыманыя некалькі чалавек, якія падымалі плякаты "Стоп-бэнзін", "Мы супраць падвышэньня цэнаў на паліва". Але да іх падыход іншы, чым да ўдзельнікаў палітычных акцый: і з боку міліцыі, і з боку супрацоўнікаў судоў.

Я упэўнены, што ніхто з гэтых затрыманых не атрымае больш чым штраф.

Самі міліцыянты, даішнікі падчас акцыі па-першае не разумелі, што зь ёй рабіць, як яе прыпыніць, бо людзі на машынах, іх не разгоніш. А па-другое – яны самі хадзілі і паціскалі рукі ўдзельнікам маніфэстацыі. Нават калі прыехалі чыны з ГУУС, то толькі глядзелі – не разганялі і не давалі загад на разгон.

Была пэўная неафіцыйная дамова: дэманстранты не выказваюць палітычных заклікаў і лёзунгаў, міліцыя не ўжывае сілу.

Зразумела, кожны супрацоўнік міліцыі, ДАІ езьдзіць на машыне, ходзіць у краму, у іх ёсьць дзеці, бацькі, яны разумеюць, што зараз жыць стала цяжэй. І тыя грошы, якія ім плацілі да траўня – сёньня гэта ўжо іншыя грошы. Так што неафіцыйная падтрымка была нават зь іх боку.

Дракахруст: Вельмі цікавую рэч распавёў Арцём – пра неафіцыйную дамоўленасьць: дэманстранты ня лаюць бацьку, міліцыя іх ня б'е.
Іншая справа – душыць шырокія сацыяльныя пратэсты, што можа бумэрангам ударыць і па самой уладзе.

Але ці не атрымліваецца так, што вонкава непалітычная акцыя, якая ўвасабляе рэальны масавы інтарэс, можа мець значна большы, у тым ліку і палітычны, эфэкт, чым чыста палітычныя маніфэстацыі, на ўдзельнікаў якіх грамадзтва нярэдка глядзіць у лепшым выпадку, як на дзівакоў?

Класкоўскі: Я думаю, што ўлада апынулася ў ступары – ёй і хочацца і колецца. Пры тым, што міліцыянты па-чалавечы разумелі ўдзельнікаў акцыі, галоўным чыньнікам было тое, што зьверху не было жорсткай каманды "пакаваць па поўнай".

Службоўцы ёсьць службоўцы і, калі б была каманда, то яны, як людзі ў пагонах, выканалі б. Такое адносна мяккае стаўленьне паказвае, што ўлада чухае патыліцу.

Зразумела першы рэфлекс – гэта ўзорна пакараць, каб баяліся. Але ўжо выбраная квота рэпрэсіяў нават у такім цярплівым і запалоханым грамадзтве, як сучаснае беларускае.

Ва ўлады звышзадача – захаваньне ўлады, прабачце за таўталёгію. І 19 сьнежня яна паказала, што можа кінуць пад ногі і растаптаць усё, ўключна з дамоўленасьцямі з Захадам, ня кажучы ўжо пра маральныя і юрыдычныя чыньнікі.

У страху, што захісталася крэсла, могуць наламаць дроў і могуць быць вельмі жорсткія рэпрэсіі.
Эфэкт - 1500-1600 машын, якія ўдзельнічалі ў акцыі на прашпэкце.

Аднак улада тут уступае на тое поле, калі гэта робіцца рызыкоўным для самой яе. Адна справа, калі была адносна вузкая група апазыцыі, якая за апошнія гады адарвалася ад народных інтарэсаў, яны не адрэагавалі ні на дэвальвацыю, ні на падвышэньне мыта з 1 ліпеня. Але іншая справа – душыць шырокія сацыяльныя пратэсты, што можа бумэрангам ударыць і па самой уладзе.

Небясьпека стыхійных пратэстаў у тым, што стыхійнымі забурэньнямі (калі ўявіць, што яны набудуць маштабны характар) могуць скарыстацца ці намэнклятура ці Расея. А хутчэй – дуэтам.

Дракахруст: Арцём, вам пытаньне наконт стыхійнасьці. Наколькі я разумею, "Стоп-бэнзін" арганізаваная як сеткавая супольнасьць. Наколькі эфэктыўная камунікацыя праз інтэрнэт, пра сацыяльныя сеткі, якая дынаміка росту гэтай супольнасьці?

Шаркоў: Дынаміка вельмі задавальняе. З кожным днём павялічваецца колькасьць наведнікаў za-avto.by, сацыяльнай сеткавай суполкі stop benzin, там ужо амаль 8 тысяч чалавек і толькі за апошні тыдзень далучылася 1.5 тысячы чалавек.

Эфэктыўнасьць бачная па гэтай акцыі. Інфармацыя аб тым, што будзе акцыя ў дзень падвышэньня 7 чэрвеня, зьявілася 6 чэрвеня, пасьля абеду. Увечары стала вядома, што з 7-га падвышаюцца цэны на паліва. Адразу ж інфармацыя пра акцыю разьляцелася праз сацыяльныя сеткі, потым яе падхапілі і інтэрнэт-выданьні.

Ну а эфэкт – 1500-1600 машын, якія ўдзельнічалі ў акцыі на праспэкце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG