Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо трэцяга асуджанага за Плошчу адправілі ў «Ваўчыныя норы»



Маці Алеся Квяткевіча лічыць, што самым цяжкім для сына будзе перажыць этап у «Ваўчыныя норы». Мікіту Ліхавіда вызвалілі з карцэру. Адміністрацыя «Валадаркі» паабяцала выклікаць нэўроляга для Зьмітра Бандарэнкі і знайшла ягоныя мэдычныя дакумэнты. У Мікалая Статкевіча — зноў перапынак у ліставаньні з жонкай.

Асуджанага за Плошчу Алеся Квяткевіча 7 чэрвеня адправілі ў калёнію пад Івацэвічамі «Ваўчыныя норы». У калёнію Алесь яшчэ пэўна ня трапіў, мяркуе ягоная маці Алена Квяткевіч пасьля размоў са сваякамі іншых вязьняў «Ваўчыных нораў»:

«Іх вязуць начамі. Днём па станцыях яны чакаюць, набіраюць іншых вязьняў, каго трэба адвезьці. І ноччу вязуць. Такім чынам іх 3-4 дні будуць везьці. Дзьвесьце кілямэтраў якіхсьці, а вось як доўга гэта будзе. Іх з сабакамі пільнуюць і нават кажуць, што часам спускаюць тых сабак, каб іх пакусвалі. То бок гэта трэба перажыць».
Іх з сабакамі пільнуюць і нават кажуць, што часам спускаюць тых сабак.

У 22-й івацэвіцкай калёніі таксама адбывае пакараньне ўдзельнік Плошчы Павал Вінаградаў і маладафронтавец Эдуард Лобаў, якога арыштавалі за дзень да выбараў. Абодва атрымалі па 4 гады пазбаўленьня волі.

Аўтарытэт эўрадэпутата Марэка Мігальскага дзейнічае на беларускую міліцыю. Такую выснову зрабіла Вольга Бандарэнка, жонка Зьмітра Бандарэнкі, якога асудзілі на 2 гады за Плошчу і трымаюць на «Валадарцы». Зьмітру Бандарэнку тэрмінова патрэбная дапамога нэўроляга — у вязьня адымаецца нага. Заклікі аказаць кваліфікаваную дапамогу ў СІЗА КДБ фактычна ня дзейнічалі, і гэтак жа спачатку адмахваліся ад патрэбаў вязьня ў турме на вуліцы Валадарскага, мяркуе Вольга Бандарэнка.

Але пазьней у ізалятар прыйшоў ліст ад Марэка Мігальскага з Польшчы, які апякуецца Зьмітром Бандарэнкам. Дэпутат Эўрапарлямэнту прасіў беларускіх міліцыянтаў выканаць законныя патрабаваньні Бандарэнкі аб мэдычнай дапамозе. Да кіраўніцтва СІЗА пайшла і Вольга Бандарэнка — з напамінам пра ліст. 8 чэрвеня Вольга даведалася, што ёсьць станоўчыя зрухі:
Я аддаю ім мужавы мэдычныя дакумэнты, зрабіла копіі, бо мне мінулым разам казалі, што ўсё згубілі.

«Сказалі, што ультрагукавое дасьледаваньне яму ўжо зрабілі. Я нагадала пра аналіз крыві, бо была дрэнная біяхімія, сказалі, што зробяць усё, што ў іх сілах. Я аддаю ім мужавы мэдычныя дакумэнты, зрабіла копіі, бо мне мінулым разам казалі, што ўсё згубілі. І тут кажуць: а ужо ня трэба, мы ўсё знайшлі, дакладна вось як вы тады сышлі, мы адразу і знайшлі! Такім чынам, усё ж працэс пайшоў».

Адбываць пакараньне Зьміцер Бандарэнка будзе ў магілёўскай калёніі № 15, куды маюць адправіць і Дзьмітрыя Буланава.

8 чэрвеня маці актывіста руху «За свабоду» Мікіты Ліхавіда даведалася, што днём раней яе сына вызвалілі з карцэру. Пасьля 15 дзён пакараньня за тое, што адмаўляўся выконваць патрабаваньні да вязьняў, паколькі ня лічыць сябе асуджаным. Падрабязнасьці Алене Ліхавід па тэлефоне ў наваполацкай калёніі, дзе трымаюць Ліхавіда, не паведамілі.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч апошнім часам не атрымлівае ад жонкі лістоў. З чым гэта зьвязана, Марына Адамовіч ня ведае:

«Няма ніякіх навінаў. Атрымала ад яго ліст, дзе ён піша, што ніводнага майго не атрымаў. Напісаў тое самае, што перадаваў з адвакатам — што зьбіраецца напісаць заяву аб пераводзе ў калёнію. Ня ведаю, можа, ужо напісаў».

Мікалая Статкевіча трымаюць на «Валадрацы». Яго прысудзілі да самага вялікага пакараньня з удзельнікаў Плошчы — да 6 гадоў зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG