Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валодзькава: Язэпа Драздовіча за дурачка прымалі



Пра пляны валодзькаўскай жыхаркі Юліі Букі заняцца агратурызмам мой калега Ягор Маёрчык распавядаў гадоў дзесяць таму назад. Але нядаўна афіцыйныя СМІ распаўсюдзілі радасную навіну. Яе аграсядзіба «Родны кут» 15 красавіка атрымала ў Менску дыплём пераможцы рэспубліканскага конкурсу на найлепшую сядзібу. У намінацыі «Зялёная сядзіба».

Сядзіба «Родны кут» — гэта тры вясковыя хаты ў маляўнічай вёсцы непадалёк ад вялікага і чыстага возера. І ў тых хатах няма ніякага эўрарамонту. Яны не «абдзеланыя» сайдынгам. У тых хатах сапраўдная адрэстаўраваная мэбля. Вясковыя шафы, паваенныя буфэты, панцырныя ложкі з бліскучымі шарамі. Адным словам, усё натуральнае. Ад краявіду да прадуктаў, ад цішыні навокал да забавы — катаньня на вазку. Слова спадарыні Юліі.

— Толькі гэтым і можам іх зацікавіць, што гэта звычайная вёска. Натуральная вёска з натуральным жыцьцём. А паехаць за высокі плот у катэдж, дык гэта можна знайсьці і ў Германіі, і ў Польшчы. А вось такую вёску, яшчэ жывую трошачкі, ужо, магчыма ня знойдзеш. Закінутых вёсак шмат, але ж хто застаўся там жыць? Адзінокія бабулькі. І турызм там ніякі не разьвіваецца.

Прыемна тое, што сьціплая сядзіба «Родны кут» перамагла сотні наварочаных гатэльчыкаў з мэталадахоўкаю і джакузі. Значыць, ёсьць мазгі ў турыстычных кіраўнікоў. Не апошнюю ролю, думаю, адыграла ў перамозе і беларуская мова.

— Прыбытку вялікага ў нас няма. Гэта ня бізнэс, гэта ідэя. І калі мы запрашаем гасьцей, мы размаўляем толькі па-беларуску. Ёсьць зьніжка беларускамоўным. Мы робім многае, паказваючы, што можна быць добрым, працавітым, разумным, беларускамоўным беларусам. Нас за гэта паважаюць, едуць да нас. Калі едуць адны і тыя госьці па сем, дзесяць разоў, калі яны дзякуюць, што мы ёсьць, то я думаю, што праца вартая гэтага ўсяго.

— Можна сказаць, што вы, па сутнасьці, ратуеце вёску?

— Так. Канечне. Ратуем і паказваем, што ёсьць іншая вёска. Не аграгарадкі, не катэджы, а звычайная, простая, старажытная вёска. Тая, якая была сто гадоў. Вось гэтай хаце, дзе я жыву, сто гадоў. І суседняй хаце сто гадоў. У мяне сэрца рвецца, калі я бачу, як гэтыя хаты руйнуюць. Яна магла б яшчэ прастаяць, але няма гаспадара. Памерлі бацькі, зьехалі дзеці. І каб яна не псавала выгляд, іх руйнуюць. Чаму б яе ня выкарыстаць? Чаму б ёй ня даць другое жыцьцё? Нават проста прыехаць і паглядзець. Сёньня моладзь зьдзіўляецца многім рэчам. І тым прыладам, якія сустракаюцца. А пра харчаваньне няма чаго казаць. Бываюць такія выпадкі, што ўпершыню ядуць вясковыя стравы.

— Дзяржава дапамагае хоць неяк?

— А справа ў тым, што мы не зьвярталіся да дзяржавы.

— Вы ня бралі крэдыт?

— Ніколі мы нічым не карысталіся. Бо як толькі я ад некага пачну залежаць, мяне пачнуць, як на ланцужку, цягнуць некуды. Але я вельмі ўзрадавалася, што ёсьць людзі, якія знайшлі ў нас нешта цікавае. Я радая, што ёсьць людзі, якія бачаць нешта, акрамя грошай. Тое, што мы захоўваем вёску, — адна з прычын, што нас зрабілі пераможцамі гэтага конкурсу.

Хаты «Роднага кута» месьцяцца ў розных кутках Валодзькава. І вы нязмушана можаце на хвіліну акунуцца ў нетаропкае вясковае жыцьцё. Напрыклад, пазнаёміцца са сваімі суседзямі. А пагутарыць ёсьць пра што. Напрыклад, усе яны помняць легендарнага мастака Язэпа Драздовіча. Праўда, ставяцца да яго без належнай павагі. Як старая Валянціна.

— Вы памятаеце Драздовіча?

— Помню. Дываны маляваў. І нам варажыў, дзеўкам. Усе ж замуж хочуць. Гадоў па пятнаццаць нам было ў сорак пятым годзе. Клалі рукі на талерку. А ён падымаецца і кажа — «Падыміся, ажывіся, пакажы, што ты жывеш». А каму ён гэтак гаварыў, я ня знаю. Яго за дурачка прымалі. Ніхто ня думаў, што ён адукаваны чалавек. Тут увогуле ніхто адукацыі ня меў і не цаніў яе.

— А чаму яго лічылі дурачком?

— Ну а чаго ён варожыць рабятам? Рукі клалі на край талеркі. І некаму ж ён гаварыў «ажывіся, падыміся». Хадзіў па хатах. Дываны намалюе тым, хто паесьці дасьць. Апрануты быў небагата. Маляваў. Два гусі. Кусок вады. Художасьцьвенна рысаваў. Ня проста пэцкаў. Мусіць, адукацыю пры Польшчы атрымаў? А чаго ён вышэй не пайшоў? А ўвогуле ў Заходняй Беларусі вайны ня ведалі. Сьвіньняў рэзалі, гарэлку пілі, і ўсё. На Віцебшчыне партызаншчына была!

Цікава, чый жа дух выклікаў Драздовіч на тым сьпірытычным сэансе? Гэтага баба Валя ня памятае. Сама яна з Усходу. У партызанах быў і яе бацька, і яе брат. Таму да несьвядомых заходнікаў, якія падчас вайны пілі гарэлку, ставіцца крыху з асуджэньнем. А вось 90-гадовая Сусанна ня можа забыцца на сваю хутарскую гаспадарку, якую забралі бальшавікі. Таму і да немцаў ставіцца без варожасьці. Карацей, геапалітычны канфлікт яшчэ працягваецца.

— Пры немцах добра было жыць. Немец нам нічога не рабіў. Зямлю аралі. Пабагацелі. Партызаны лёталі па хатах са сьвечкамі. А стрэхі ж саламяныя. Мяне білі партызаны.

— За што?

— Крычалі, давай боты, гімнасьцёркі, штаны. А дзе іх узяць, калі няма? Да мужыка майго прычапіліся. Ледзь абараніла. Як торгнуў мяне, я і паляцела. Гэты партызан.

— Гэта былі беларусы?

— З Савецкай Беларусі. Ня нашы. Не заходнікі.

А вось яшчэ адна старая. Баба Лёдзя. Якая ўносіць істотныя дэталі ў партрэт мастака. Аказваецца, не за міску супу прадаваў свой талент Драздовіч. І «дурачком» ён зусім ня быў.

— Помню. Ён у нас дываны маляваў. Вельмі быў разумны чалавек. Але ў вайну ён сябе зрабіў такім дурачком. Каб яго нікуды не мабілізавалі. Хадзіў, дываны маляваў. Плата па вайне. Ні ў каго платы ня браў. Вайна як скончыцца, ён тады прыйдзе за платай. І сапраўды, як вайна скончылася, Драздовіч прыехаў за платай. У каго два пуды зярна за дыван. Хто два маляваў — чатыры пуды. Гэткую плату зьбіраў. Ён у мяне як цяпер у вачах стаіць, Драздовіч. Просьценька апрануты. Яшчэ нейкі халат наверх надзене. Вецер полы гайдае.

— Расказваў што-небудзь вам, дзецям?

— Я яшчэ невялікая была. Возьмецца гэты дыван маляваць. Малюе, пяе сам з сабой. Харошы быў чалавек. Нікому не насаліў. Колькі ён гэтых дываноў… У кожнай хаце, можна сказаць.

— Ён карыстаўся папулярнасьцю з дыванамі…

— Дык у вайну ж нідзе нічога ня можна было купіць. А даўней жа ткалі сваё палатно зь лёну. У кожнага гэты матэрыял быў. Скажа пафарбаваць чорным. На чорным ён маляваў. Дык езьдзяць, шукаюць фарбы адзін у аднаго. У Глыбокае лятуць, знойдуць. А людзі якія былі дружныя! Адзін аднаму дапамагалі. Адзін скажа, дзе браў — едзь і ты там вазьмі. Трыццаць хат малявалі ў вёсцы. Нават па два было. Дзе дзьве дзеўкі ў хаце, то і па два дываны малявалі.

— І куды ўсё гэтае багацьце падзелася?

— Усё прапала.

— Няўжо людзі выкідалі?

— Выкідалі. Сталі ж багатыя! Сталі купляць каўры! А гэта падсьцеляць, зярона высыпяць на яго. А цяпер як бы яно прыгадзілася. Праўда?

Выдаваць сябе за бажаволка, каб падчас акупацыі несьці сваім людзям радасьць. Вельмі шляхетны парыў. Сёньня бы гэтым дыванкам цаны б не было. Але беларусы сталі «багатымі». Абрадавыя старажытныя песьні мяняючы на «падмаскоўныя вечара». І выкідаючы на сьметнік зь любоўю намаляваныя дываны Драздовіча. Але адзін драздовіцкі дыван Юліі ўсё ж пашчасьціла знайсьці ў адной з навакольных вёсак. На ім паштовыя галубы нясуць лісты шчасьця.


Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG