Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 гадоў таму навукоўцы адкрылі вірус СНІДу. На сёньняшні дзень пандэмія гэтай хваробы абвешчана адной з галоўных пагроз чалавецтву. Найбольшы рост захворваньняў цяпер назіраецца ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі. У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку адкрылася міжнародная сустрэча на высокім узроўні, прысьвечаная праблеме барацьбы са СНІДам.

На сёньняшні дзень ад СНІДу ў сьвеце памерла 30 мільёнаў чалавек, яшчэ 35 мільёнаў у нашы дні жывуць інфікаваныя. Але ёсьць і вялікі прагрэс у змаганьні з гэтай хваробай. Калі 30 гадоў назад дыягназ ВІЧ (вірус імунадэфіцыту чалавека) азначаў сьмяротны прысуд, дык цяпер пачатак лячэньня на раньняй стадыі можа падараваць пацыентам дзясяткі гадоў здаровага жыцьця.

У сваім процістаяньні СНІДу чалавецтва сутыкаецца з шэрагам праблемаў. Яны і будуць абмяркоўвацца на адкрытай у Нью-Ёрку сустрэчы ААН. Найперш гэта – грошы, фінансаваньне дасьледчых і лячэбных праграмаў. Калі б дзяржавы-члены ААН пагадзіліся дадаткова выдаткаваць на гэтыя мэты 6 мільярдаў даляраў, то да 2020 году можна было б прадухіліць 12 мільёнаў новых выпадкаў заражэньня і 7 мільёнаў сьмерцяў хворых на СНІД. Вакол фінансаваньня на саміце ААН і будуць весьціся асноўныя спрэчкі, бо на тле сусьветнага эканамічнага крызісу траціць дадатковыя грошы нікому ня хочацца.

Іншае спрэчнае пытаньне – права інтэлектуальнай уласнасьці на лекі ад ВІЧ-СНІДу. Фірмы, якія гэтыя лекі распрацоўваюць, інвэстуюць вялікія грошы ў свае дасьледаваньні і пасьля хочуць іх вярнуць і яшчэ зарабіць на продажы новых прэпаратаў. Бедныя краіны дамагаюцца права на вытворчасьць «джэнэрыкаў» – танных копіяў заходніх лекаў. У 2001 годзе курс лячэньня хворага на ВІЧ-СНІД складаў 10 тысяч даляраў за год, сёлета гэтая сума складае толькі 100 даляраў. Але шмат хто з хворых і гэтага сабе дазволіць ня можа. Таму ва ўсходніх краінах, асабліва ў Індыі, разьвіваецца вытворчасьць зусім танных копіяў, а гэта выклікае шэраг скандалаў і спрэчак у колах бізнэсмэнаў і палітыкаў.

Агулам у сьвеце колькасьць новых інфікаваных няўхільна зьніжаецца, але ёсьць і выключэньні – гэта прасторы былога СССР, Усходняя Эўропа і Цэнтральная Азія. Агульная колькасьць інфікаваных у гэтых краях складае 1,5 мільёна чалавек. У гэтым рэгіёне нярэдкія выпадкі дыскрымінацыі хворых і інфікаваных, а таксама выпадкі адмовы мэдычнага пэрсаналу аказваць дапамогу такім людзям.

Ёсьць праблемы і зь лячэньнем. Напрыклад ва Ўкраіне з 50 тысяч чалавек, якія маюць патрэбу ў лячэньні антырэтравіруснымі прэпаратамі, атрымліваюць іх толькі 6 тысяч.

У Беларусі з 1987 году да 1 лістапада 2010 году зарэгістравана 11 562 выпадкі ВІЧ-інфэкцыі. Паводле стану на канец 2010 году ў краіне афіцыйна зарэгістравана 9400 ВІЧ-інфікаваных. Паводле намесьніка міністра аховы здароўя Беларусі Алега Арнаутава, пераважная большасьць ВІЧ-інфікаваных – гэта маладыя людзі ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў.

Асноўны шлях перадачы ВІЧ-інфэкцыі – праз іньекцыйнае ўвядзеньне наркатычных сродкаў (50,3%). Але шпарка павялічваецца колькасьць людзей, якія заразіліся полавым шляхам. У Беларусі цяпер актыўна выкарыстоўваецца антырэтравірусная тэрапія. Яе бяруць 2400 ВІЧ-інфікаваных – прыкладна 93% тых, каму яна неабходная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG