Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Гэта я наконт учорашняй акцыі «Стоп-бэнзін» у Менску. Ну, можа яшчэ і ня ластаўка, але спыненьне руху на цэнтральнай магістралі сталіцы – відовішча яскравае і сымбалічнае. Не пасьпелі розныя мысьляры, у тым ліку і я, канчаткова высьветліць, чаму ж беларусы не пратэстуюць, як яны, як той казаў, далі нечаканасьць.

Можа і сапраўды ня варта перабольшваць, але ўчорашняя маніфэстацыя на колах была вельмі пісьменнай з пункту гледжаньня паліттэхналёгіі. Заўважылі ўсе, матыў, мэта зразумелая калі ня ўсім, то мільёнам людзей, у тым ліку і міліцыянтам, якім даручана падтрымліваць парадак. Маніфэстанты ж ня супраць парадку, яны супраць яго парушэньня, які б'е па ўсіх, і па міліцыянтах таксама.
Адсюль і шчыльная станоўчая камунікацыя маніфэстантаў з астатнім грамадзтвам. Бо насамрэч эфэкт любой вулічнай акцыі – у стаўленьні да яе тых, хто не выходзіць на вуліцу.

Прычым у дадзеным выпадку акцыя апэлюе да тых самых чаканьняў і ўяўленьняў, да якіх гадамі апэлявала ўлада. Калі цана – гэта воля начальства, якое ўвесь час клянецца дбаць пра народ, дык хай і дбае. А дзе грошы возьме – няважна, хай парупіцца, з калена выб'е. Абяцала забясьпечыць – хай забясьпечвае. І каму гэта незразумела?

У магчымай рэакцыі на «Стоп-бэнзін» улада патрапляе ў непрыемную вілку.
З аднаго боку нібыта трэба душыць. І па звычцы і па разьліку – каб жа аўтаманіфэстацыя ня стала крыкам «а кароль голы» з казкі Андэрсэна.
На самой справе такая вонкава непалітычная акцыя, якая ўвасабляе рэальны масавы інтарэс, можа мець значна большы, у тым ліку і палітычны, эфэкт, чым чыста палітычныя маніфэстацыі, на ўдзельнікаў якіх грамадзтва нярэдка глядзіць у лепшым выпадку, як на дзівакоў.

А тут не дзівакі.

Але ў гэтым палягае і другі бок уладнай дылемы, паводле якой душыць не зусім мудра, зыходзячы якраз з інтарэсаў захаваньня ўлады.

Бо нават людзі абыякавыя да лёсу апазыцыянэраў могуць палічыць відавочнай несправядлівасьцю перасьлед тых, хто выказвае іх інтарэсы, хто кажа тое, што хацелі б сказаць яны самі.

А адчуваньня несправядлівасьці ў народа і так хапае, каб яшчэ ўзмацняць яго. І рэпрэсіі супраць «Стоп-бэнзін» могуць вярнуцца ўладзе бумэрангам.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG