Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Менску лічыць, што цэны ў сталіцы «замерлі»


Мікалай Ладуцька

Як стабільную ацаніў сёньня сытуацыю на спажывецкім рынку Менску старшыня сталічнага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька. На сваёй прэсавай канфэрэнцыі ён заявіў, што цэны на бальшыню тавараў, у тым ліку на імпартныя, ня рухаюцца ўжо 12 дзён. Сталічны кіраўнік сказаў таксама, што ў крамах ёсьць усе тавары, і заклікаў насельніцтва не хвалявацца.

Падчас сваёй прамовы, якая цягнулася 45 хвілін, старшыня Менскага гарвыканкаму ні разу ня ўжыў слова «крызіс». Нават калі гаворка ішла пра самае балючае для жыхароў сталіцы — цэны на прадукты і тавары.

«Маніторынг цэнаў у нас вядзецца штодня. Мы адзначаем, што за апошнія 12 дзён цэны на асноўныя таварныя групы ў нас замерлі. Асартымэнт забясьпечаны, цэны замерлі».

Тузін дзён, пра які згадвае старшыня Менскага гарвыканкаму, незалежны эканаміст Сяргей Чалы называе своеасаблівым фокусам:

«У любой статыстыцы важна так званае „вакно“ — якія дні мы бярэм. Калі мы возьмем цану бэнзіну паміж 24 траўня і ўчорашнім днём, то яна таксама была стабільная. Цэлыя два тыдні».
Калі тавар імпартны альбо ў ім ёсьць імпартныя складнікі, то ён будзе даражэць. А калі адміністратыўным шляхам гэта паспрабаваць спыніць, то гэтыя тавары зьнікнуць з паліц крамаў.

«Некарэктным» называе выказваньне менскага гораданачальніка і эканаміст Леў Марголін:

«Цэны ня могуць замерці. Зь імі можа адбывацца толькі адно. Калі гэта тавар імпартны альбо ў ім ёсьць імпартныя складнікі, то ён будзе даражэць. А калі адміністратыўным шляхам гэта паспрабаваць спыніць, то гэтыя тавары зьнікнуць з паліц крамаў. Гэта клясычны закон, і яго нікому не ўдавалася неяк перасіліць, пераадолець. Альбо цэны на тавары свабодныя, альбо яны зьнікаюць з паліц».

Паводле Мікалая Ладуцькі, стабілізацыя з цэнамі шмат у чым тлумачыцца зьніжэньнем гандлёвай нацэнкі амаль да нуля. Але як доўга змогуць пратрымацца крамы ды іншыя гандлёвыя пункты, страціўшы свае прыбыткі? — цікаўлюся ў спадара Марголіна:

«Зважаючы на тое, што гандлёвая надбаўка і раней была ня вельмі вялікая, у прадуктовых крамах дзесьці толькі 4%, то істотна зьнізіць цану цяжка. Але калі надбаўку ўсё ж істотна зьнізілі, то гэта азначае, што крамы будуць працаваць некаторы час стратна. А гэта ж, вядома, ня можа доўжыцца працяглы час. Бо інакш яны збанкрутуюць — і ўсё».
XS
SM
MD
LG