Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не заплацім — адрэжуць электрычнасьць


Ва ўмовах вострага фінансавага крызісу Беларусь абрастае даўгамі перад пастаўшчыкамі энэргарэсурсаў. Так, расейская карпарацыя «Интер РАО ЕЭС» пагражае ад 9 чэрвеня ўдвая скараціць экспарт электраэнэргіі ў Беларусь і ўрэшце спыніць пастаўкі ўвогуле, калі Менск не пагасіць запазычанасьць больш чым у паўсотні мільёнаў даляраў.

Кіраўнік дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі «Интер РАО ЕЭС» Антон Назараў у размове са «Свабодай» пацьвердзіў істотныя запазычанасьці Беларусі перад электраэнэргетычнай манаполіяй і ня выключыў, што ўжо ад заўтра кампанія будзе вымушаная пайсьці на радыкальныя крокі дзеля вяртаньня даўгоў:

«Запазычанасьць дасягнула ўжо больш як 1,5 мільярда расейскіх рублёў, але нават ня ў суме сутнасьць. Мы проста да пэўнага часу не хацелі б нешта абмяркоўваць…».

Карэспандэнт: «Ад заўтра пастаўкі электраэнэргіі сапраўды могуць быць скарочаныя?».

«Так, гэта цалкам магчыма. Калі, вядома, не пачнецца пагашэньне даўгоў».

У кампаніі сьцьвярджаюць, што канцэрн «Белэнэрга» ня плаціць за спажытую электраэнэргію ад сакавіка, вось ужо тры месяцы просячы адтэрміноўку плацяжоў.
Калі беларускі бок не разьлічыцца да 19 чэрвеня, то пастаўкі ў Беларусь расейская манаполія абяцае спыніць цалкам.
Аднак калі беларускі бок не разьлічыцца да 19 чэрвеня, то пастаўкі ў Беларусь расейская манаполія абяцае спыніць цалкам. А ў якасьці папераджальнай меры ўжо ад 9 чэрвеня можа зьнізіць ператок электраэнэргіі на 200 мэгават, то бок амаль напалову. Пры гэтым у Маскве запэўніваюць: транзыт электраэнэргіі ў Літву і Калінінградзкую вобласьць не пацярпіць, бо ў ім задзейнічаныя альтэрнатыўныя маршруты.

У канцэрне «Белэнэрга» ня здолелі патлумачыць, ці можна чакаць, што запазычанасьць перад «Интер РАО ЕЭС» будзе пагашана цягам сёньняшняга дня.

Між тым аналітыкі лічаць, што даўгавыя абавязаньні па аплаце за імпартаваную сыравіну будуць толькі пашырацца. Фінансавы крызіс прывёў да фактычнага паралічу на валютным рынку, так што нават дзяржаўныя кампаніі ня маюць магчымасьці набыць валюту для разьлікаў па зьнешнегандлёвых кантрактах. На думку экспэрта ў энэргетычных пытаньнях Станіслава Гусака, дэфолтавую сытуацыю будуць намагацца выкарыстаць у карысьлівых мэтах менавіта расейскія карпарацыі, якія з фактычнай згоды ўладаў паўтара дзясятка гадоў застаюцца асноўнымі сыравіннымі донарамі беларускай эканомікі. З аднаго боку, як кажа спадар Гусак, гэта небясьпечна як для палітычнай, так і для эканамічнай незалежнасьці Беларусі, але зь іншага — спрыяльны час, каб нарэшце расплюшчыць вочы:

«Трэба ўсё зрабіць дзеля таго, каб зараз захаваць Беларусь, каб Расея нас ня зжэрла. І дачакацца, пакуль гэты рэжым сканае. Вось і ўсё, мне так бачыцца цяперашняя сытуацыя. А прыйдзе час, і ўсё будзе нармальна. Трэба пачакаць крыху, бо досьвед афрыканскага супраціву сьведчыць — няма нічога немагчымага. Так, крыўдна, так, шкада за пражытыя гады, але ж вы самі бачыце, да чаго ўсё прыйшло. Я думаю, што грамадзтва нашае абавязкова разьбярэцца, але ж патрэбны час, трэба больш працаваць зь людзьмі. Нам, вядома, і не даюць такой магчымасьці, аднак неяк трэба шукаць крыніцы, каб гаварыць людзям пра тое, што адбываецца. І даводзіць, тлумачыць народу сытуацыю, каб яны ўсё гэта разумелі. Вось гэта было б вельмі важна».

Прадстаўнікі ўладных структураў увогуле не тлумачаць насельніцтву свае крокі. Ужо сумнеўным выглядае, ці ўдасца дасягнуць стабілізацыі на валютным рынку дзякуючы першай траншы крэдыту ў памеры 800 мільёнаў даляраў з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, паступленьне якой чакаецца да сярэдзіны чэрвеня. Як паведамляюць прадстаўнікі фінансавых колаў, Нацыянальны банк не зьбіраецца аднаўляць валютныя інтэрвэнцыі пасьля атрыманьня крэдытных сродкаў, маючы намер у поўным аб’еме скіраваць іх у склад золатавалютных рэзэрваў. Адпаведна, гэта не пакідае ніякіх спадзяваньняў на ліквідацыю валютнага дэфіцыту. Як кажа аналітык Раман Касьціцын, гэта яскравы паказьнік таго, ці зацікаўленыя ўлады ў разьвязаньні крызісу ўвогуле:
Я працягваю настойваць на тым, што галоўная праблема цяперашняга крызісу — інфармацыйная.

«Я працягваю настойваць на тым, што галоўная праблема цяперашняга крызісу — інфармацыйная; мы ня бачым і ня чуем камэнтароў ад людзей, якія павінны іх рабіць, альбо мы чуем гэтыя камэнтары на нейкія іншыя, абсалютна аддаленыя тэмы, а не на эканамічныя. У выніку ў насельніцтва натуральным чынам складаецца ўражаньне, што людзі, якія не даюць ніякіх тлумачэньняў, проста дрэнна сабе ўяўляюць сэнс і пасьлядоўнасьць сваіх дзеяньняў. Адпаведна, гэта і ёсьць найлепшая аснова, найбольш прыцягальны і ўдзячны асяродак для разьвіцьця панічных настрояў».

На думку экспэртаў, нават пасьля атрыманьня крэдытаў сытуацыя на валютным рынку закансэрвуецца ў цяперашнім выглядзе. Да таго ж Нацбанк не зьбіраецца скасоўваць мэханізм курсаўтварэньня, па-ранейшаму забараняючы адхіляцца ў банкаўскіх апэрацыях больш чым на 2% ад афіцыйнага курсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG