Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа пераадолець фінансавы крызіс за 15-18 месяцаў


Сяргей Старчак
Сяргей Старчак
Такое меркаваньне выказаў 7 чэрвеня на сустрэчы з журналістамі намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Старчак.

Пры гэтым, на яго думку, праграма эканамічных мер у межах крэдыту МВФ, хутчэй за ўсё, узмоцніць эфэктыўнасьць тых мер, якія сталі ўмовай аказаньня фінансавай падтрымкі ЕўрАзЭС.

4 чэрвеня было ўхваленае рашэньне выдзеліць Беларусі крэдыт з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС на 3 млрд. даляраў. Стаўка плавае, адпавядае арыенцірам па запазычаньнях РФ (зараз — 4,1%). Сродкі будуць выдзяляцца некалькімі траншамі на працягу 2011-2013 гадоў, у залежнасьці ад выкананьня макраэканамічных умоваў крэдытнай праграмы.

Як паведамляе РІА Новости, Старчак удакладніў, што ўсяго ў гэтай праграме прыблізна 15 пазыцыяў.

"Прыватызацыя — гэта адзін элемэнт з, напэўна, 15 пазыцыяў", — сказаў намесьнік міністра, адзначыўшы, што ня можа паведаміць іншыя ўмовы даваньня крэдыту, бо абвяшчэньне такой інфармацыі не было ўзгодненае зь беларускім бокам.

Раней называўся аб'ём прыватызацыі актываў, якую павінна ажыцьцявіць Беларусь згодна з ўмовамі крэдыту ЕўрАзЭС, — 7,5 млрд. даляраў на працягу трох гадоў.

Калі прагназаваць разьвіцьцё эканамічнай сытуацыі ў Беларусі з улікам крэдытнай падтрымкі, "то атрымаецца, як у нас (у Расіі. — РІА Новости.) было ў 1998 годзе, — спачатку глыбокае падзеньне, а потым хуткі адскок і хуткае аднаўленьне, калі толькі лінію на адзіны валютны курс, на выкарыстаньне рынкавых інструмэнтаў кіраваньня эканомікай яны вытрымаюць", адзначыў Старчак.

"З улікам ранейшых нядрэнных зачынаў, якія ў іх былі з пункту прадукцыйнасьці працы і сацыяльнай стабільнасьці, я думаю, што некаторыя праблемы манэтарнага характару яны ў стане будуць пераадолець досыць хутка", — сказаў намесьнік кіраўніка Мінфіна РФ, удакладніўшы, што гэта можа заняць 15-18 месяцаў.

Паводле яго словаў, расейскі бок вітае зварот Беларусі па крэдыт МВФ.

На мінулым тыдні беларускі ўрад зьвярнуўся з просьбай да МВФ адкрыць новую праграму для краіны. Пры гэтым Менск просіць 3,5-8 млрд. даляраў на тры-пяць гадоў.

"Наша праграма разьлічаная на 36 месяцаў. Хутчэй за ўсё, стэнд-бай МВФ будзе таксама арыентаваны на гэтыя ж тэрміны", — адзначыў намесьнік кіраўніка расейскага Мінфіна.

Паводле яго словаў, будзе цікава паглядзець, наколькі макраэканамічная праграма для Беларусі, якая стала ўмовай выдзяленьня крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, будзе ўзгадняцца з прапановамі і ідэямі МВФ.

"Я думаю, што сынэргія дзьвюх праграм будзе вельмі добрай", — сказаў Старчак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG