Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На пасяджэньні 27 траўня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў спыніць рост цэнаў. Маўляў, «ад гэтага дня ўсялякі рост цэнаў павінен жорсткім чынам спыняцца», і сёньня няма тавараў, на якія трэба падымаць цэны. Аднак цэны загадам спыніць не ўдаецца. Сёньня вырасьлі цэны на паліва, а з 8 чэрвеня даражэе мяса і цыгарэты. Чаму даражэе паліва і ці чакаць чарговага яго падаражаньня? Што яшчэ можа падаражэць бліжэйшым часам? Ці дасягнулі мы дна? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамістам Барысам Жалібам.


Дашчынскі: «Цягам гэтага году гэта ўжо чацьвёртае падвышэньне цаны нафтапрадуктаў і другое за апошнія два тыдні. Чаму растуць цэны на паліва?»

Жаліба: «Рост цэнаў працягваецца, нягледзячы на намаганьні ўраду пашырыць кола сацыяльна-значных тавараў, прытармазіць гэты рост. Што да бэнзіну і дызэльнага паліва, мяркуйце самі. Усе тавары, якія маюць імпартнае паходжаньне, падаражалі прапарцыйна дэвальвацыі рубля. А яна, груба кажучы, ня менш, чым у два разы, то бок 100%. Возьмем бэнзін. Нашы нафтаперапрацоўчыя заводы набываюць нафту за тыя ж самыя даляры. Частка яе ў выглядзе нафтапрадуктаў рэалізуецца за мяжу таксама за даляры. І таму, здавалася, такога падаражаньня не павінна быць. Але ж іншая частка рэалізуецца на ўнутраным рынку за рублі. Натуральна, у паліве ёсьць 100%-ны імпартны складнік. Таму праца нашых НПЗ заўсёды была нізкарэнтабэльнай. А сёньня яна была зь мінусовай рэнтабэльнасьцю. Яны стратныя. І каб забясьпечыць нейкую рэнтабэльнасьць, пайшлі на гэтую непапулярную меру. З эканамічнага гледзішча, яна апраўданая, бо іншага выйсьця няма».

Дашчынскі: «Тады ці можна чакаць чарговай зьмены цэньнікаў на АЗС у Беларусі?»

Жаліба: «Я нават не сумняваюся, што зноў будзе падаражаньне. Бо ёсьць законы эканомікі. Там, праўда, ёсьць вялікі падатак, акцыз. Можна было неяк улічыць інтарэсы аўтааматараў.
Што вы думаеце, гэта жарты? Не. Калі вы маглі з заробку купіць лядоўню альбо тэлевізар, то цяпер вы гэта будзеце купляць з трох-чатырох заробкаў.

Але да якога меркаваньня мы прыходзілі, эканамісты і неэканамісты? Што мы жылі не па сродках, што трэба зацягваць паясы. Гэта тычыцца і машын, і бэнзіну. Давядзецца зацягваць і перасаджвацца на ровары. Што вы думаеце, гэта жарты? Не. Калі вы маглі з заробку купіць лядоўню альбо тэлевізар, то цяпер вы гэта будзеце купляць з трох-чатырох заробкаў. А што зробіш? Трэба ўжо прывыкнуць».

Дашчынскі: «Сёньня стала вядома, што ад 8 чэрвеня даражэе мяса і цыгарэты. Гэта ўзаемазьвязана?»

Жаліба: «А што такое паліва? Гэта ж транспарт, дастаўка. Ужо з-за гэтага фактару будзе рост на ўсялякую прадукцыю. У тым ліку на цыгарэты. Гэта ўжо ідзе працэс, які спрабуе затармазіць урад, але ў яго гэта ня вельмі атрымліваецца. Гэта ідзе такое раскручваньне. То бок дна яшчэ ня бачна. Але калі мы апусьцімся, будзем адчуваць, што перасталі падаць з цэнамі і дэвальвацыяй. Тое, што мы крэдыты атрымліваем 800 мільёнаў і плюс 240 — гэта кропля ў моры. Мы іх не пачуем. Гэта ж закон рынку — цэны павінны быць раўнаважныя. Яны павінны ўраўнаважыць попыт і прапанову. Пакуль яны не дасягнулі гэтай раўнавагі — ні па валюце, ні па таварах. Мы ўжо жывём у іншых умовах. Я ўпэўнены, што назад павароту ня будзе: ні па цэнах, ні па заробках, ні па валюце».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG