Лінкі ўнівэрсальнага доступу



У мяне ніколі не было праблемаў са старэйшым сынам. Дзіма ўвесь час быў заняты. Добра вучыўся ў школе. Сур'ёзна захапляўся спортам — бегам, лёгкай атлетыкай, тайскім боксам, "качаўся". Заўсёды трэніраваўся, у дзяцінстве і юнацтве марыў служыць у спэцназе. Хаця ў дзяцінстве сур'ёзна захапіўся ангельскай мовай, ведае яе дасканала. Дзіма быў адным зь лепшых вучняў у школе. Калі быў "апошні званок", менавіта ён трымаў дзяўчынку-першаклясьніцу са званочкам на сваіх дужых плячах.

Пасьля школы спрабаваў паступаць у Лінгвістычны ўнівэрсытэт, але зрэзаўся на першым пісьмовым іспыце па расейскай мове. Гэта было неверагодна — клясны кіраўнік не магла паверыць, у яе быў шок, бо ў школе ў майго сына не было нават чацьвёрак па гэтых прадметах. Дзіма вельмі перажываў, зачыніўся ў сваім пакоі, тады першы раз я бачыла сьлёзы ў яго на вачах... Паступіў у Акадэмію фізвыхаваньня.

Потым была армія. Служыў ва ўнутраных войсках у Баранавічах, у родным горадзе. Потым папрасіўся ў іншую частку і служыў у Навасадах пад Барысавам.

Дзіма сёлета зьбіраўся ажаніцца. Ён даўно сябруе зь дзяўчынай, якая родам таксама з Баранавічаў, але цяпер жыве і працуе ў Менску. Дзяўчына паабяцала, што дачакаецца Дзіму

Пасьля войска са сваімі армейскімі сябрамі паехаў падзарабіць у Амэрыку. Я адна гадавала двух сыноў, і Дзіма разумеў, што мне цяжка. У ЗША ён прабыў год, рабіў на караблі, рознарабочым. Калі вярнуўся з заробкаў, большую частку грошай аддаў мне. Я рабіла тады рамонт.

Пасьля Амэрыкі Дзіма паехаў шукаць працу ў Менск. Працаваў у ахове: спачатку ахоўнікам у рэстаране, потым — у службе бясьпекі амбасады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Для сям'і, для блізкіх — проста золата, а ня сын. Калі я захварэла, падняўся ціск — ён адпрасіўся з працы і літаральна прымчаўся зь Менску ў Баранавічы. Па ўсім Менску шукаў лекі для бабулі. Вось у мяне два сыны, дык усе родныя, знаёмыя кажуць малодшаму Валодзю: "Бяры прыклад зь Дзімы".

І цяпер ва ўсіх лістах Дзіма піша: "Мама, беражы сябе для мяне, а я буду берагчы сябе для цябе". Ён, з аднаго боку, вельмі ласкавы, пяшчотны, і ў той жа час надзейны, трывалы, надзвычай адказны.

Дзіма сёлета зьбіраўся ажаніцца. Ён даўно сябруе зь дзяўчынай, якая родам таксама з Баранавічаў, але цяпер жыве і працуе ў Менску. Дзяўчына паабяцала, што дачакаецца Дзіму.

Палітыкай ніколі не цікавіўся — ніхто са сваякоў ды сяброў ніколі ня чуў, каб ён быў блізкі да якіх-колечы палітычных партыяў ці рухаў.

Дзіма надзвычай камунікабэльны, з усімі знаходзіць агульную мову. Сукамэрнікі яго паважаюць. Але зараз у мяне сэрца баліць за яго — супрацоўнікі калёніі яго "прасуюць", правакуюць. Гэта ён распавёў праз тэлефон, але падрабязнасьцяў не паведаміў. Зь нецярплівасьцю чакаю доўгатэрміновага спатканьня, зьбіраюся ехаць да яго ў Шклоў 17 чэрвеня.

Натальля Новік, маці Дзьмітрыя Новіка


Дзьмітрый Новік нарадзіўся 16 верасьня 1981 году ў Баранавічах. Скончыў там школу № 13, потым вучыўся ў Менску ў Акадэміі фізычнай культуры, служыў у войску. Працаваў у ахове: спачатку ахоўнікам у рэстаране, потым — у службе бясьпекі амбасады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Сур'ёзна займаецца спортам. 2 сакавіка асуджаны Фрунзенскім судом Менску на 3 гады 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG